Уладзі́мір Міха́йлавіч Пракуле́віч (2 снежня 1887, в. Красналукі, цяпер Чашніцкі раён, Віцебская вобласць, Беларусь — 20 жніўня 1938, Свярдлоўская вобласць) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, журналіст, юрыст. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920 г.
Нарадзіўся ў сям’і земскага чыноўніка Барысаўскага павета. Скончыў Смаленскую гімназію (1907). У 1912 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт[1]. У часе вучобы быў сакратаром марксісцкага часопіса «Возрождение», загадчыкам аддзела хронікі ў газеце «Копейка». У часе Рэвалюцыі 1905—1907 гг. ўдзельнічаў у працы сацыял-дэмакратычных гурткоў (РСДРП і Бунду).
Да Першай сусветнай вайны працаваў «помощником столоначальника с низшим окладом» у Мінскай казённай палаце[2], з 1914 г. — у Мінскім акруговым судзе. У Мінску жыў у гатэлі Брысталь на Падгорнай вуліцы. З пачаткам вайны эвакуіраваўся ў Маскву, пазней — рахункавод у структуры Усерасійскага камітэта земскіх і гарадскіх саюзаў па забеспячэнні войска. З ліпеня 1917 г. у Мінску на судовых пасадах[3].
У 1918 г. абраны старшынёй Слуцкага з’езда міравых суддзяў. З прыходам бальшавікоў працаваў міравым суддзём у мястэчку Вызна, прыхільнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). З узнаўленнем савецкай улады ў ліпені 1920 г. на пасадзе суддзі ў Слуцку[3].
Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 г., член прэзідыума Першага беларускага з’езда Случчыны.
У 1921 г. пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад Віленскага Беланацкама, сябар Загранічнага бюро БПСР. У 1922 г. у ліку 33 дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні. Жыў у Коўне[3]. Са жніўня 1923 г. дзяржаўны сакратар Урада БНР. З канца 1923 г. у Празе, удзельнічае ў нацыянальных арганізацыях беларускай эміграцыі. У Празе жыў па адрасе Benediktská ul. 1a, u K. Levy. Удзельнік 2-й Берлінскай беларускай палітычнай канферэнцыі, падпісаўся пад рэзалюцыяй аб ліквідацыі ўрада БНР[3].
З траўня 1926 г. у Савецкай Беларусі, жыве ў Менску. Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР. 19 ліпеня 1930 г. арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1932 г. на пяць гадоў высланы ў г. Перм (Расія). У 1933 пераведзены ў Сарапул, а адтуль ў 1935 г. у Свярдлоўск. Працаваў пазаштатным юрыстам у гарадскім бюро тэхнічнага ўліку. Зноў арыштаваны УНКВД па Свярдлоўскай вобласці 9 студзеня 1938 г. і 10 ліпеня 1938 г. прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 20 жніўня 1938 г[4]. Месца пахаванняў расстраляных у Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург) — 12-ты кіламетр Маскоўскага тракту (аўтадарога Екацярынбург — Першаўральск, цяпер тут мемарыяльны комплекс)[4][5]. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 г., па другім 26 красавіка 1989 г[4].