У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Грыб (значэнні).
Тамаш Тамашавіч Грыб, псеўд.: Глеба, Т; Н-ка; Небарака; Небарака, Антон; Т.; Т. Г.; Т-г; Т-ш; A. N.; G-be; Ge, Tomasz; N-ka, A.; Niebaraka, Anton; T. (лац.); Т. Н. (лац.), Тита, В.[4] (19 сакавіка 1895, в. Паляны, Свянцянскі павет, Віленская губерня (цяпер Смаргонскі раён[5] Гродзенскай вобласці) — 21 студзеня 1938, Прага, Чэхаславакія), беларускі грамадска-палітычны і культурны дзеяч.
Нарадзіўся ў беднай сялянскай сям’і. З 1908 па 1912 працаваў на Балтыйскім заводзе ў Санкт-Пецярбургу. Па некаторых звестках, наведываў заняткі ў Пецярбургскім псіханеўралагічным інстытуце. Таксама ўваходзіў у беларускі навукова-літаратурны гурток, арганізаваны Браніславам Эпімахам-Шыпілай, дзе зблізіўся з беларускім рухам. З 1914 года — у войску, удзельнік Першай сусветнай вайны.
Дэлегат І Усебеларускага з’езда (снежань 1917 года), на якім быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Адзін з аўтараў Устаўных грамат БНР, сябра Рады БНР і яе Выканкама (1918), займаў пасады міністра земляробства і міністра ўнутраных спраў. Уваходзіў у Цэнтральную Беларускую вайсковую раду. Адзін з лідараў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. Удзельнік 3-га Усерасійскага з’езда Саветаў (1918). У 1918 годзе чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Мінску. У пачатку 1919 года выдае ў Вільні газету «Грамадзянін». З красавіка 1919 года — у Гродне, дзе супрацоўнічае ў газеце «Родны край», затым — у Мінску. Двойчы ў 1919 годзе зняволены польскімі ўладамі за беларускую незалежніцкую дзейнасць.
У канцы 1920 года выязджае ў Коўна, удзельнічае тут у выданні газеты «Сялянская доля». Удзельнік Усебеларускай палітычнай канферэнцыі (Прага, 1921).
З 1922 года — у Чэхаславакіі. Скончыў філасофскі факультэт Карлава ўніверсітэта (1927) (тэма дысертацыі: Пытанне нацыі і нацыянальнасці. Сацыялагічны аналіз нацыянальнасці; чеш. Otázka národa a národnosti. Sociologický rozbor národnosti). У лістападзе 1927 залічаны ў штат Украінскага інстытута грамадазнаўства ў Празе і прызначаны вучоным сакратаром Беларускага навуковага кабінета. З 1930 года працаваў у беларускім аддзеле Славянскай бібліятэцы, куды пасля спынення дзейнасці інстытута былі перададзены матэрыялы кабінета. У 1934—1938 гадах — загадчык беларускага замежнага архіва ў Празе.
Стварыў у Празе Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны. Актыўна працаваў у суполцы Беларускага студэнцкага саюза. Удзельнічаў у працы Беларускай Рады ў Празе.
Памёр ад ускладненняў грыпу.
Стаў прататыпам аднаго з галоўных герояў дакументальна-аўтабіяграфічнага рамана Віктара Вальтара «Роджаныя пад Сатурнам» (1920-я). Тамаш Грыб прадстаўлены ў ім пад іменем Тамашэвіч (дзядзька Тамаш). У Тамашэвіча таксама доўгія валасы, ён вучыцца на факультэце філасофіі і мае такія самыя палітычныя погляды, як Тамаш Грыб. Магчыма, што Тамаш Грыб быў дударом. Прынамсі ў кнізе[6] Тамашэвіч запрашае на беларускую вечарыну ў Празе, дзе будзе граць на беларускай дудзе.
Друкаваў артыкулы на тэмы гісторыі, грамадскай думкі, нацыянальна-палітычнага жыцця Беларусі ў часопісах «Студэнцкая думка», «Золак», «Iskry Skaryny». Перакладаў публіцыстыку з рускай і чэшскай моў. Складаў бібліяграфію беларусазнаўства.
Тамаш Тамашавіч Грыб у Вікікрыніцах | |
Тамаш Тамашавіч Грыб на Вікісховішчы |