wd wp Пошук:

Беларускі загранічны архіў

Беларускі загранічны архіў у Празе створаны ў 1928 г. (ці ў 1929 г.) беларускай эміграцыяй з мэтай збору і захавання матэрыялаў гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Заснавальнік і першы загадчык М. Вяршынін, у 19341938 гг. загадчык архіва Т.Т. Грыб. Падпарадкоўваўся Міністэрству замежных спраў Чэхаславакіі і эміграцыйнаму ўраду БНР. Меў 4 аддзелы: дакументаў (у 1937 г. налічваў 15 000 назваў – матэрыялы Рады і дыпламатычных місій БНР, архівы беларускіх замежных арганізацый, устаноў, партый, успаміны, біяграфіі, перапіска беларускіх дзеячаў і іншае); бібліятэка беларусазнаўства (выданні пра Беларусь на беларускай і іншых мовах); перыядычных выданняў (у 1937 захоўваліся камплекты 214 назваў беларускіх газет); беларускай бібліяграфіі (12 000 пазіцый – гістарычная бібліяграфія і картатэка па ўсіх пытаннях беларусазнаўства). У лютым 1938 г. прэзідэнт Рады БНР В.І.Захарка звярнуўся да прафесара Славіка, які курыраваў архіў ад Міністэрства замежных спраў, з просьбаю дазволіць прызначыць загадчыкам П. Бакача, але пытанне не было вырашана. У 2-ю сусветную вайну архіў падпарадкоўваўся нямецкім акупацыйным уладам - Міністэрству ўнутраных спраў Пратэктарата Багеміі і Маравіі. У 1943 г. І.А.Ермачэнка зноў узняў перад нямецкімі ўладамі пытанне аб прызначэнні загадчыка архіва; на гэту пасаду зноў быў прапанаваны Бакач. Але да канца вайны архіў так і заставаўся без загадчыка і фактычна не працаваў. Далейшы яго лёс невядомы. Можна меркаваць, што ён мог быць вывезены з Прагі беларускімі дзеячамі на Захад, альбо савецкімі спецслужбамі на Усход і знаходзіцца ў сховішчах на тэрыторыі былога СССР.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·З’явіліся ў 1920-я гады
Катэгорыя·Арганізацыі беларусаў Чэхіі
Катэгорыя·Культура Прагі
Катэгорыя·1920-я ў Празе