Сноў[1] (трансліт.: Snoŭ, руск.: Снов) — аграгарадок (да 2008 г. — вёска)[2] у Беларусі, на рацэ Сноўка. Цэнтр сельсавета Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Насельніцтва 2567 чал. (2001). Знаходзіцца за 30 км на захад ад Нясвіжа, за 8 км ад чыгуначнай станцыі Пагарэльцы (лінія Мінск — Баранавічы); на аўтамабільнай дарозе Нясвіж — Баранавічы.
Першы пісьмовы ўспамін пра Сноў датуецца 18 ліпеня 1478[3] г. Пад 1529 годам ён згадваецца як маёнтак паноў Сноўскіх. У 1564 годзе паселішча атрымала статус мястэчка.
У пачатку XVII ст. Сноў перайшоў у валоданне Я. Пратасевіча, потым — роду Рдултоўскіх. У 1650 годзе тут з’явілася каталіцкая парафія, з 2 жніўня 1699 дзейнічаў касцёл.
З 1767 года ў Снове дзейнічала грэка-каталіцкая царква. У часы Барскай канфедэрацыі (1768—1772) мястэчка спазнала значныя разбурэнні. 15 верасня 1785 года тут спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Сноў апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Навагрудскага павета. У вайну 1812 года 9 лістапада тут адбыўся бой французскай дывізіі Я. Дамброўскага з рускімі казакамі. У 1827 г. у мястэчку пабудавалі палац, у 1836 г. у Ніжнім Снове — бровар.
У 1854 г. Сноў перайшоў ад Рдултоўскіх ва ўласнасць баронаў Гарцінгаў, якім належаў да пачатку Другой сусветнай вайны ў 1939 г. Станам на 1861 год у Снове было 45 двароў, царква, сінагога, цагельня, у 1865годзе адкрылася царкоўнапрыходская школа. Пасля падаўлення Студзеньскаг паўстання 1863—1864 расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Горным Снове было 91 жыхароў, 19 двароў, бровар (заснаваны ў 1891), капліца, у Дольным Снове (да 1939 г. таксама называўся Сінілава) — 70 жыхароў, 16 двароў, бровар, сыраварня.
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Сноў апынуўся ў складзе міжваеннай Польшчы, дзе стаў цэнтрам гміны Нясвіжскага павета. У гэты час мястэчка стала цэнтрам штабаў двух памежных структураў Польскай рэспублікі: палка Корпуса аховы памежжа «Сноў» і батальёна Корпуса аховы памежжа «Сноў».
У 1939 г. Сноў увайшоў у склад БССР, дзе 12 снежня 1940 г. стаў цэнтрам сельсавета Нясвіжскага раёна. Статус паселішча змянілі да вёскі. У гэты час тут было 167 двароў, крухмальны завод, 2 млыны, электрастанцыя, маслазавод, 8-гадовая школа, бальніца. У 1990-я гады Сноў і Дольны Сноў злучыліся. Станам на 2000 год у вёсцы было 1157 двароў.
У Снове працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, паліклініка, дом культуры, бібліятэка, пошта.