У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Рубашоў. Савелій Міронавіч Рубашоў (20 мая (2 чэрвеня) 1883, Чашнікі, Лепельскі павет — 1957, Кішынёў) — беларускі, расійскі і малдаўскі хірург, вучоны-медык, арганізатар аховы здароўя. Доктар медыцыны, прафесар (1924), заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1930) і Малдаўскай ССР (1947). Адзін з заснавальнікаў хірургіі грудной клеткі ў Расіі.
Нарадзіўся ў яўрэйскай сям’і ў мястэчку Чашнікі Віцебскай губерні. Пасля заканчэння гімназіі ў Варонежы ў 1901 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Харкаўскага ўніверсітэта (скончыў у 1907 годзе) і быў пакінуты ардынатарам універсітэцкай клінікі шпітальнай хірургіі (1907—1910). У 1910—1914 гадах — ардынатар хірургічнай клінікі Маскоўскага ўніверсітэта. Доктар медыцыны (1912), дысертацыя была выканана пад кіраўніцтвам прафесара А. В. Мартынава(руск.) бел. і прысвечана лячэнню эмфізэмы лёгкіх[1].
У 1914—1923 гадах, у перыяд Першай сусветнай і Грамадзянскай войнаў, працаваў хірургам у ваенных шпіталях, займаўся арганізацыяй ваенна-санітарнай службы РСЧА, навуковай дзейнасцю. У 1923 годзе — дацэнт кафедры агульнай хірургіі медыцынскага факультэта Харкаўскага ўніверсітэта. У 1924—1927 гадах — загадчык 1-й хірургічнай клінікі медыцынскага факультэта і кафедры агульнай хірургіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прафесар (1924). У 1924—1934 гадах — загадчык кафедры факультэцкай хірургіі медыцынскага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (пасля Беларускага медыцынскага інстытута, 1930). Адначасова — першы загадчык кафедры хірургіі БелДІУУ ў 1932—1934 гадах і дырэктар філіяла Усебеларускага Цэнтральнага інстытута пералівання крыві (1932—1934)[2][3]. Старшыня навуковага таварыства хірургаў БССР (1930—1934), першы заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1930)[4]. Пад яго рэдакцыяй быў выдадзены першы вучэбны дапаможнік па хірургіі на беларускай мове «Клінічная хірургія» (1932).
У 1934—1941 гадах — загадчык кафедры агульнай хірургіі 2-га Ленінградскага медыцынскага інстытута, у 1941—1944 гадах — загадчык кафедры агульнай хірургіі Новасібірскага медыцынскага інстытута, адначасова кансультант эвакашпіталяў, у 1944—1945 гадах — загадчык кафедры агульнай хірургіі Кіславодскага медыцынскага інстытута, арганізаванага з прафесарскага складу 2-га Ленінградскага медінстытута і пераведзенага ў 1945 годзе ў Кішынёў. З 1945 года і да канца жыцця — загадчык заснаваных ім кафедраў факультэцкай хірургіі (1945) і аператыўнай хірургіі (1950) Кішынёўскага медыцынскага інстытута. Быў старшынёй Кішынёўскага хірургічнага таварыства, галоўным хірургам і галоўным анколагам МССР[5][6].
Асноўныя працы ў галіне хірургічных умяшанняў пры захворваннях брушной паражніны (апендыцыту, халецыстыту, панкрэатыту, язвавай хваробы страўніка, грыж), абязбольвання, а таксама ваенна-палявой хірургіі (агнястрэльных пашкоджанняў суставаў, грудной клеткі, сцягна, інфікаваных ран), уралогіі (злаякасных новаўтварэнняў мужчынскіх палавых органаў)[7][8]. Адным з першых апісаў прыроджаныя ангіядысплазіі (сіндром Паркса-Вебера-Рубашова, 1928), пухліны вілачкавай залозы (1911), прапанаваў мадыфікацыю метаду гастраскапіі (1912)[9][10].
Аўтар некалькіх падручнікаў. Сярод вучняў — М. І. Перэльман, І. М. Стальмашонак, У. В. Бабук, І. А. Маянц і іншыя[11].
С. М. Рубашоў аўтар шматлікіх кніг па хірургіі[12][13].
Манаграфіі:
Савелій Міронавіч Рубашоў у Вікікрыніцах | |
Савелій Міронавіч Рубашоў на Вікісховішчы |