wd wp Пошук:

Лідзія Якаўлеўна Ліпкоўская

Лідзія Якаўлеўна Ліпко́ўская (рум.: Lidia Lipkovski, укр.: Лідія Липковська, у шлюбе Маршнер; 10 мая 1884, Бабын, Бесарабская губерня, Расійская імперыя — 22 сакавіка 1953, Бейрут, Ліван) — артыстка оперы і аперэты, камерная спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), вакальны педагог, паэтка. Салістка Марыінскага тэатра (1906—1908, 1911—1913) і Тэатра музычнай драмы (1914—1915), удзельніца Рускіх сезонаў Дзягілева ў Парыжы (1909, 1920—1930).

Біяграфія

Нарадзілася 10 мая 1884 года ў вёсцы Бабын Хоцінскага павета Бесарабскай губерні (цяпер — Кэльмэнецкі раён Чарнавіцкай вобласці Украіны) у сям’і Ліпкоўскіх Якава Іванавіча і Дамінікі Валяр’янаўны. У Лідзіі было тры сястры і чатыры браты. Бацька вельмі любіў музыку, сам граў на скрыпцы і арганізаваў дзіцячы хор, у якім спявалі яго дзеці.

Спяваць пачала з пяці гадоў. Пачатковую адукацыю атрымала ў двухкласнай сельскай школе. Затым паступіла ў Марыінскую жаночую гімназію ў Камянец-Падольск. З 12 гадоў спявала ў царкоўным хоры, з 14 гадоў брала ўдзел у дабрачынных канцэртах.

У 17 гадоў, навучаючыся на апошнім курсе гімназіі, выйшла замуж за студэнта факультэта ўсходніх моў Пецярбургскага ўніверсітэта Хрыстафора Маршнера, які быў старэйшы за яе на шэсць гадоў. Муж і жонка з’ехалі ў Пецярбург, дзе нарадзілася дачка Арыядна. Праз два гады Ліпкоўская пакінула мужа, які пярэчыў яе жаданню вучыцца спяваць.

Дебют

У 1903 годзе Лідзія Маршнер стала студэнткай Пецярбургскай кансерваторыі па класе вакалу Н. А. Ірэцкай. У кансерваторыі навучалася бясплатна. На другім курсе дэбютавала пад сваім дзявочым прозвішчам у руска-італьянскай прыватнай оперы на бенефісе М. Фігнера 4 студзеня 1904 года. Дваццацігадовая Ліпкоўская замяніла захварэлую спявачку і без рэпетыцый бліскуча выканала партыю Джыльды ў оперы «Рыгалета». Пра поспех напісалі многія газеты — адзначалі выдатную каларатуру, выразныя галасавыя сродкі, музычнасць і высакародны густ маладой спявачкі. Прафесар Ірэцкая аддала належнае вакалу студэнткі, але за самавольны выхад на сцэну адхіліла яе ад заняткаў. Праз некаторы час Ліпкоўскай дазволена было вярнуцца ў кансерваторыю. У другі раз студэнтка не паслухалася педагога і па запрашэнні М. А. Рымскага-Корсакава праспявала на прыватнай сцэне Снягурку ў яго аднайменнай оперы.

Сцэнічная кар’ера

Марыінскі тэатр (1906—1908) і гастролі ў Вялікім тэатры

Прафесійны творчы шлях спявачкі пачаўся на сцэне Марыінскага тэатра, куды яна была прынята 1 мая 1906 года пасля заканчэння кансерваторыі. Першай роляй у тэатры была Джыльда («Рыгалета»). Затым спявала рэпертуар Мравінай, якая нядаўна пакінула сцэну Марыінскага тэатра, — партыі Алімпіі («Казкі Гофмана»), Цэрліны («Дон Жуан»), Разіны («Севільскі цырульнік»). Па рапарце дырэктара імператарскіх тэатраў Цялякоўскага была накіравана браць урокі спеваў у свайго былога педагога Н. Ірэцкай і сцэнічнага мастацтва ў А. Пятроўскага. Праз год тэатр накіраваў Ліпкоўскую да дырыжора міланскай оперы Ванзо ў «Ла Скала» для вывучэння італьянскай тэхнікі спеваў.

Сваім голасам Ліпкоўская авалодала ў дасканаласці, што дазваляла ёй бліскуча выконваць самыя цяжкія партыі. Яна лёгка спаборнічала са скрыпкай і флейтай. Нават у самым высокім рэгістры (а яна вольна брала тры актавы) голас яе не губляў мяккасці і пявучасці. Патрабавальная публіка імператарскага тэатра была заваяваная і Ліпкоўская неўзабаве стала лічыцца адной з лепшых каларатурных сапрана.

У верасні 1907 года ўпершыню выступіла з Шаляпіным у оперы «Лакмэ» Леа Дэліба. 17 лістапада 1907 гады партнёрам па сцэне ў гэтай жа оперы быў Леанід Собінаў. Мікалай Фігнер запрасіў выканаць партыю Джульеты («Рамэа і Джульета») на сваім развітальным бенефісе 28 снежня 1907 года. Бурныя авацыі і раскошныя букеты суправаджалі спектакль. Прысутнічалі ўся шляхта Пецярбурга і артыстычная багема, запрошаны былі бацькі спявачкі.

У студзені 1908 года ўпершыню выступіла на сцэне Вялікага тэатра ў операх «Рыгалета» і «Лакмэ». Маскоўская публіка сардэчна сустрэла спявачку, але крытыка паставілася стрымана. Пасля вяртання ў Пецярбург атрымала запрашэнне ў Парыж для ўдзелу ў сезонах Рускай оперы пад кіраўніцтвам Дзягілева (1909).

2 лютага 1908 года на сцэне Марыінскага тэатра выступала ў ролі Валянціны ў пастаноўцы аперэты Франца Легара «Вясёлая ўдава».

Замежныя гастролі (1909—1911)

Лідзія Якаўлеўна Ліпкоўская ў ролі Джыльды («Рыгалета»), 1913 год

У Парыжы спявала на сцэне «Théâtre du Châtelet» (1909).

Гастралявала ў Амерыцы ў 1909—1911 гадах, спявала ў «Metropolitan Opera» у Нью-Ёрку, а таксама ў Бостане (1909) і Чыкага (1910). У ЗША адбылася сустрэча Ліпкоўскай з Энрыка Каруза — ён быў партнёрам спявачкі ў лістападзе 1909 года ў оперы «Рыгалета» і ў лютым 1910 года ў «Травіяце». У гэтай жа краіне артыстка пазнаёмілася і сумесна выступіла з Джакама Пучыні і Руфа.

На сцэне лонданскага «Covent Garden» спявала Сюзану ў прэм’ерным спектаклі Э. Вольфа-Ферары «Сакрэт Сюзаны» (1909) і Мімі ў оперы «Багема» (1911).

У далейшым паспяхова гастралявала ў многіх гарадах: у Маскве, Кіеве, Адэсе, Берліне, Вене, Будапешце.

У кастрычніку 1913 года спявала на сцэне пецярбургскага Народнага дома імператара Мікалая II. 12 лістапада 1913 года спявачка дала дабрачынны канцэрт у Дваранскім сходзе на карысць дзіцячага дома.

У лютым 1914 года ў Монтэ-Карла Ліпкоўская ўдзельнічала ў оперы Рама «Святы Гебы», пастаўленай Раулем Гінзбургам пасля двухсотгадовага перапынку.

20 верасня 1914 года Ліпкоўская, салістка пецярбургскага Тэатра музычнай драмы (1914—1915), з дазволу міністэрства двара арганізавала спектакль на карысць параненых воінаў.

Эміграцыя

Лідзія Ліпкоўская ў пастаноўцы музычнай аперэты «Вясёлая ўдава», 1921 год

З 1919 года жыла за мяжой, спачатку ў Францыі, з 1920 года — у Кішынёў, дзе выкладала ў прыватных кансерваторыях, у 1924—1927 гадах — у Бухарэсце. У 1920-1930-х гадах выступала ў краінах Еўропы і Амерыкі. Гастролі ў Харбіне ў 1922 годзе прайшлі з трыўмфам. З лістапада 1927 года па май 1929 года гастралявала ў СССР з канцэртамі і опернымі спектаклямі. За гэты перыяд праспявала ў 160 канцэртах. У 1933—1936 гадах выступала ў Бухарэсце, Берліне, Парыжы. 12 снежня 1936 года адбыўся канцэрт Ліпкоўскай у Палесціне. Пасля парыжскіх гастроляў правяла лета ў родных мясцінах і прыняла рашэнне вярнуцца. У 1936 годзе ў кішынёўскім тэатры «Экспрэс» адбыўся развітальны канцэрт Ліпкоўскай. Яна перабралася ў Бухарэст. У 1937 годзе пераехала ў Кішынёў, дзе жыла па вул. А. Шчусева, д. 111 да 1940 года. У гэты перыяд, з 1931 па 1940 гады, выкладала вакал у прыватных кансерваторыях «Уніра» і «Мунічыпал», у 1940—1941 гадах — у новастворанай Д. Г. Гершфельдам Кішынёўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Сярод вучняў Ліпкоўскай — народная артыстка Малдаўскай ССР Тамара Чабан, спявак і кампазітар Аляксей Стырча, салістка тэатра імя Пушкіна Ганна Даскал, прымадонна Бухарэсцкай оперы Лідзія Бабіч.

Сцэну артыстка пакінула ў 1941 годзе пасля выступленняў у Адэсе. Падчас румынскай акупацыі ў перыяд Другой сусветнай вайны перабралася ў Бухарэст (1943), з 1948 года выкладала ў кансерваторыі ў Тымішаары, у 1950 годзе пераехала ў Парыж, каб быць бліжэй да дачкі. 19 мач 1951 года ў Францыі адбыўся канцэрт Ліпкоўскай з удзелам першага тэнара Жана-Поля Фільёна, піяніста Джона Пенінка і спявачкі Ірыны Іўчанка. З 1952 года выкладала ў Парыжы, дзе на паседжанні мастацка-педагагічнага савета рускай кансерваторыі «Рускага музычнага таварыства за мяжой» была абрана прафесарам па класе спеваў.

У 1953 годзе Ліпкоўскую запрасілі на пасаду дырэктара Бейруцкай кансерваторыі Académie Beaux-Arts у Ліване, дзе ў той час жыла яе сястра. Неўзабаве Ліпкоўская па стане здароўя не змагла працаваць і апошнія гады жыцця пражыла ў галечы і забыцці.

Памерла 22 сакавіка 1955 года. Пахавана на праваслаўных могілках у раёне Хамра Заходняга Бейрута.

Ушанаванне памяці

Паштовая марка Малдовы (2001)
Паштовы штэмпель: Лідзія Ліпкоўская — 125 гадоў з дня нараджэння (2009)

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Оперныя спевакі і спявачкі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Сапрана
Катэгорыя·Спевакі і спявачкі Расійскай імперыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Бесарабіі
Катэгорыя·Памерлі ў 1953 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1884 годзе
Катэгорыя·Оперныя спевакі і спявачкі XX стагоддзя
Катэгорыя·Памерлі 22 сакавіка
Катэгорыя·Памерлі ў 1958 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Бейруце
Катэгорыя·Музычныя педагогі XX стагоддзя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Музыканты паводле алфавіта
Катэгорыя·Спевакі і спявачкі XX стагоддзя
Катэгорыя·Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі