«Рыгале́та» (італ.: Rigoletto) — опера італьянскага кампазітара Джузэпэ Вердзі ў 3 дзеях, лібрэта Ф. М. П’явэ. Прэм’ера — Венецыя, тэатр «Фенічэ»; 11 сакавіка 1851.
Стварэнне оперы стала пачаткам сталага этапу ў творчасці кампазітара. У яе аснове ляжыць драма Віктора Гюго «Кароль забаўляецца» (фр.: Le Roi s’amuse), якая ў свой час была забаронена для пастановак. Каб дамагчыся дазволу ад аўстрыйскай цэнзуры, аўтары некалькі змянілі твор: Францыск I, кароль Францыі, стаў герцагам Мантуанскім, адпаведна змянілі імёны іншых персанажаў. Герцаг таксама падыходзіў для вобразу легкадумнага і распешчанага кіраўніка, кантрастуе з бедным і бяздольным блазнам.
Вердзі адлюстроўвае персанажаў у пастаянным развіцці і руху: блазан Рыгалета, які яшчэ нядаўна смяяўся з графа Мантэронэ, чыю дачку зганьбіў Герцаг, пасля адчувае такі ж адчай і сам ператвараецца ў бацьку, які перажыў гора ў сям’і.
Нечаканым аказаўся вобраз гарбуна на сцэне. Опера выклікала шмат спрэчак. У той час, калі пасля 1852 года твор ужо ставілі ў Вене, Будапешце, Празе і Лондане, прэм’ера ў Парыжы адбылася толькі ў 1857 годзе з-за пратэстаў Гюго, абуранага такой перапрацоўкай свайго твору.
Музыка оперы поўная глыбокага драматызму, яскрава кантрасная, псіхалагічна глыбокая. Кожны персанаж — завершаны вобраз, які патрабуе ад выканаўцы высокага вакальнага і сцэнічнага майстэрства. Завершаныя арыі непарыўна звязаны з драматычным дзеяннем на сцэне і па-за кантэкстам маюць іншае значэнне.
Вядома пра некалькі пастановак і выкананняў оперы ў Беларусі (усе — у Мінску):