Вейшнорыя (трансліт.: Viejšnoryja, руск.: Вейшнория), або Вайшнорыя — віртуальная дзяржава[ru],[4][5][6] якая ўзнікла як элемент легенды сумесных стратэгічных вучэнняў «Захад-2017» на тэрыторыі Беларусі і выклікала вялікі, пераважна жартоўны, розгалас у Інтэрнэце. Паводле сцэнарыя вучэнняў выдуманая дзяржава займае тэрыторыю большай часткі Гродзенскай вобласці і паўночна-заходніх частак Мінскай і Віцебскай абласцей[7]. Карыстальнікі сеткі Інтэрнэт і журналісты адзначаюць, што мяжа Вейшнорыі ў вялікай ступені супадае з мяжой Польшчы і СССР у 1920—1939 гадах.[8] Таксама заўважана, што «абвешчаная» дзяржава супадае з картай электаральнай падтрымкі Зянона Пазняка падчас выбараў прэзідэнта Беларусі ў 1994 годзе[9]. Акрамя таго, у гэтай частцы Беларусі пражывае больш людзей, якія размаўляюць на беларускай мове, а таксама гэта раёны Беларусі з вялікай доляй каталіцкага насельніцтва.[10][11][12]
Беларуска-расійскія вучэнні мелі статус стратэгічных і мадэлявалі паўнамаштабную вайну.[13] 12 ліпеня 2017 года на форуме АБСЕ ў Вене намеснік кіраўніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Беларусі генерал-маёр Павел Муравейка часткова раскрыў сцэнарый правядзення вучэнняў.[14] Паводле легенды на вучэннях «Захад-2017» будзе распрацаваная мадэль канфлікту паміж «Паўночнымі» (Беларусь і Расія) і «Заходнімі» (кааліцыя трох дзяржаў-агрэсараў: Вейшнорыі, Весбарыі і Лубеніі).[15] Паводле карты, Лубенія супадае з так званым «Сувалкскім калідорам», што аддзяляе Беларусь ад Калінінградскай вобласці, гэта значыць ахоплівае тэрыторыю паўночна-ўсходняй часткі Польшчы і паўднёва-заходняй часткі Літвы.[16] Умоўная Весбарыя займае тэрыторыю заходняй Літвы і цэнтральнай Латвіі.[17] Па сцэнарыі, «Заходнія» спрабуюць раскалоць саюз Беларусі і Расіі, пагоршыць сацыяльна-эканамічную абстаноўку ў першай, дамагчыся там змены кіраўніцтва і, праз усё гэта, захапіць частку Беларусі і стварыць там дзяржаву пад назвай «Вейшнорыя». Пасля чаго «Заходнія» збіраюцца ўвесці свае войскі на тэрыторыю ўсёй краіны. «Паўночныя», адпаведна, павінны гэтым планам супрацьстаяць[18].
Назва «Вейшнорыя» паходзіць ад балцкага імя Вайшнор (у літоўцаў «Vaišnoras», у сярэднявечных прусаў «Waisnor») — «той, хто ахвотна частуе», то бок хлебасольны[19]. У Ашмянскім раёне ёсць вёскі Вялікія Вайшнарышкі і Малыя Вайшнарышкі. На поўначы Літвы (у Шаўляйскім і Ёнішкіскім раёнах[lt]) ёсць вёскі Вайшнорай[lt].
У Інтэрнэце сустракаюцца дзве версіі напісання назвы выдуманай дзяржавы — Вейшнорыя і Вайшнорыя. Другая назва лічыцца больш аўтэнтычнай.
Вестка пра выдуманую дзяржаву стала віруснай у байнэце, выклікала шматлікія жарты[ru]. Беларуская газета «Наша Ніва» прапанавала сваім чытачам прайсці жартоўны тэст на званне сапраўднага вейшнорца.[20]
29 жніўня 2017 года ў Твітэры з’явіўся акаунт «МЗС Вейшнорыі», у якім публікуюць палітычныя заявы ад імя віртуальнай дзяржавы.[21] Паводле акаунта «МЗС Вейшнорыі», гімнам выдуманай дзяржавы з’яўляецца песня «Нямон» гурта «Стары Ольса». Той жа акаунт паведамляе, што афіцыйныя рэзідэнцыі віртуальнай дзяржавы знаходзяцца ў Гродне, парламент і ўрад (акрамя міністэрства культуры) — у Лідзе, а культурнай сталіцай Вейшнорыі з’яўляецца Смаргонь[22].
30 жніўня адкрыты сайт Генеральнага консульства Вейшнорыі, які прымае заяўкі на грамадзянства з вырабам «карты вейшнорца». У кастрычніку 2017 года ўсе, хто замовілі карту, атрымалі магчымасць на гэтым жа рэсурсе, прапанаваўшы сваю праграму, балатавацца ў «Сойм Вейшнорыі». Сойм сфармаваны 14 кастрычніка 2017 года па выніках галасавання сярод зарэгістраваных карыстальнікаў і пачаў першую анлайнавую сесію 5 сакавіка 2018 года, прыняў Канстытуцыю Вейшнорыі і шэраг законаў. Афіцыйны сайт Вейшнорыі[upper-alpha 1] актыўна выкарыстоўвае як разліковы сродак беларускі крыптаталер[en] і спрыяе яго прасоўванню, а з 23 лютага 2018 года наогул прымае яго пад свой «патранат».[23] Гэта дае падставы разглядаць Вейшнорыю не толькі як мем, падобна Сан-Эскабару, але і як устойлівую кібердзяржаву.
Таксама ёсць сайт Нацыянальнага банка Вейшнорыі, які праводзіць тэставанне новых манет вартасцю ў 1 талер ў трох варыянтах. Пасля тэставання новыя манеты выйшлі ў варыянтах Гродна, Ліда, Смаргонь. Пазней быў выпушчаны чацвёрты талер з выявай Тадэвуша Касцюшкі.
12 верасня ў Facebook з’явіліся старонкі Генеральнага консульства Вейшнорыі ў Барашах[uk], Адэсе, а пазней — Пасольства Вейшнорыі ва Украіне, якое пазіцыянуе сябе як «афіцыйнае прадстаўніцтва рэспублікі Вейшнорыя ва ўкраінскім сегменце Facebook».
На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, шэф-рэдактара часопіса «ARCHE Пачатак», назва «Вейшнорыя» можа замацавацца як жартоўная за паўночна-заходняй часткай Беларусі:[24]
![]() |
Я дык не здзіўлюся, калі за месяц вучэнняў гэтая вар’яцкая «Вейшнорыя» нават і замацуецца для нефармальнага жартаўлівага азначэння рэгіёна Беларусі з перавагай ці значнай доляй у структуры мясцовага насельніцтва каталікоў. Бо раней, здаецца, абагуленай назвы для яго лаканічнага акрэслення ў нас і не існавала. | ![]() |
Пісьменнік Вінцэсь Мудроў лічыць, што розгалас вакол выдуманай дзяржавы распальвае сепаратысцкія настроі:[25]
![]() |
Гісторыя з «Вейшнорыяй», якая апанавала інфармацыйную стужку, гэта нішто іншае, як наўмыснае распальваньне сэпаратысцкіх настрояў у краіне. Бо сярод «вейшнорцаў» відавочна знойдуцца тыя, хто ўхопіцца за ідэю адасабленьня згаданай тэрыторыі і стварэньня там незалежнай краіны, вэктар разьвіцьця якой будзе скіраваны на Захад. | ![]() |
Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут піша:[26]
![]() |
Вейшнорыя — яшчэ той анекдот, але ёсць штосьці злосна-вычварнае ў тым, з якой лёгкасцю генералы абвесцілі адну частку краіны ворагам іншай часткі... У любым выпадку гэта мне не падабаецца. | ![]() |
Па словах журналіста і блогера Дзяніса Казанскага, раней у Беларусі не было асобнай назвы для гэтага рэгіёну, які як і Заходняя Украіна, у мінулым знаходзіўся ў складзе Польшчы:[27]
![]() |
Але чым больш з’яўлялася жартаў, тым больш людзей сталі казаць аб існаванні Вейшнорыі ўсур’ёз. Гэта ж у нас ва Украіне ёсць умоўны «ўкраінскі П’емонт» — Галічына. А ў Беларусі ніякага такога «беларускага П’емонта» не было. Заходнія вобласці раней не вылучалі ў нейкі асаблівы рэгіён і ніякая зборная назва для іх не існавала. А цяпер беларускія і расійскія ваенныя раптам прыдумалі яе, і атрымалі новы сеткавы мем. | ![]() |