У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Залескі.
Браніслаў Францавіч Зале́скі[5] (9 (21) чэрвеня 1820 ці 1819, мяст. Вызна Слуцкага павета Мінскай губерні, цяпер г. п. Чырвоная Слабада Салігорскага раёна Мінскай вобл. або в. Рачкавічы Слуцкага павета Мінскай губерні — 2 студзеня 1880, Ментона, Францыя; Псеўданімы: Lićwin) — беларускі і польскі мастак, празаік . Член-карэспандэнт Кракаўскай акадэміі мастацтваў (1873)[5].
Браніслаў Залескі нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Атрымаў хатнюю адукацыю, прайшоў курс гімназіі. У 1837 годзе паступіў у Дэрпцкі (Тартускі) ўніверсітэт; браў удзел у нелегальных студэнцкіх гуртках. У наступным годзе за ўдзел у гуртку польскіх студэнтаў, звязаным з канспіратыўнай арганізацыяй Шымана Канарскага, быў выключаны і арыштаваны. Пасля двух гадоў зняволення Залескага саслалі ў Чарнігаў. Ссылка працягвалася да 1845 года.
Адбыўшы пакаранне, пасяліўся ў Вільні і наладзіў сувязь з удзельнікамі польскага вызвольнага руху. У 1846 годзе Залескага арыштавалі другі раз і пасля следства паслалі служыць радавым у Асобным Арэнбургскім корпусе.
З 1848 па 1856 год ён служыў у другім, чацвёртым і дзевятым лінейных батальёнах. Тут Залескі пасябраваў з ссыльнымі Зігмунтам Серакоўскім і Аляксеем Пляшчэевым. З Тарасам Шаўчэнкам пазнаёміўся і пасябраваў у лістападзе 1849 года ў Арэнбурзе, яны перапісваліся ў 1853—59. Як мастак Залескі быў прыкамандзіраваны дапамагаць Шаўчэнку завяршаць малюнкі, якія паэт выканаў падчас Аральскай апісальнай экспедыцыі(укр.) бел.. У 1851 годзе яны разам з Людвігам Турном(руск.) бел. прынялі ўдзел у Каратаускай экспедыцыі(укр.) бел. Аляксандра Анціпава(укр.) бел..
У гэты час украінскі мастак намаляваў Залескага на карціне «Шаўчэнка сярод таварышаў». Пасля «за выдатна дбайную службу» Залескі атрымаў званне унтэр-афіцэра. У 1853 годзе, вызначыўшыся пад Ак-Мячэццю, ён стаў афіцэрам, а 12 чэрвеня 1856 года звольніўся са службы, маючы званне прапаршчыка. З 1853 года працягвалася перапіска сяброў. Захавалася шаснаццаць лістоў Шаўчэнкі да Залескага і адзінаццаць — Залескага да Шаўчэнкі. Шаўчэнка дасылаў Залескаму свае малюнкі, і той, жадаючы матэрыяльна дапамагчы паэту, прадаваў іх. У апошні раз яны сустрэліся ў 1859 годзе, калі Залескі па справах прыехаў у Пецярбург. Нататкі Залескага да лістоў Шаўчэнка ў 1890 годзе апублікаваў Іван Франко.
Вярнуўшыся ў Мінскую губерню, Браніслаў Залескі жыў у радавым маёнтку Рачкавічы пад Слуцкам, таксама пад Баранавічамі, Мінскам, Гродна, служыў у рэдакцыйных камісіях (у Мінску і Маскве), якія ажыццяўлялі падрыхтоўчую працу для сялянскай рэформы 1861 года.
У пачатку 1860 года Б. Залескі атрымаў дазвол на выезд за мяжу і ўжо не вярнуўся ў Расію. Жыў у Дрэздэне, Рыме і Парыжы.
За мяжой Залескі падтрымліваў сувязь з рэвалюцыйнымі арганізацыямі. У прыватнасці, у 1863 годзе дапамагаў закупіць зброю для ўдзельнікаў польскага вызвольнага паўстання 1863—1864 гадоў. На працягу многіх гадоў супрацоўнічаў з польскай эмігранцкай прэсай, атрымаў вядомасць як гісторык і мастак. З 1866 года ён быў сакратар Гісторыка-літаратурнага таварыства(руск.) бел. і рэдактар «Штогоднікаў Гісторыка-літаратурнага таварыства» (польск.: Rocznik Towarzystwа Historyczno-Literackiego). Быў членам Польскай акадэміі ведаў(руск.) бел.. З 1873 член-карэспандэнт Акадэміі ўмеласці ў Кракаве.
У 1868 годзе Залескі стаў дырэктарам Польскай бібліятэкі ў Парыжы. Быў членам Акадэміі ведаў(руск.) бел. (папярэдніцы Польскай акадэміі навук), аўтар і выдавец біяграфічных і мемуарных прац, прысвечаных Адаму Ежы Чартарыйскаму, Іераніму Кайсевічу(руск.) бел. і Людвіку Арпішэўскаму(польск.) бел..
Залескі належаў да членаў польскага палітычнага салона «Гатэль Ламбер(укр.) бел.» у Парыжы, быў сябрам Цыпрыяна Каміля Норвіда.
Памёр ад сухотаў у Ментоне[6].
У шлюбе з Міхалінай з Дзяконскіх, дачкой Міхаіла. Ёй у спадчыну ад бацькі дастаўся маёнтак Краснік[7].
Стварыў шэраг малюнкаў пра паўстанне 1863—1864 гадоў. Выпусціў ілюстраваныя выданні «Жыццё кіргізскіх стэпаў» (на французскай мове[8], 1865, Парыж), «Польскія выгнаннікі ў Арэнбургу» (польск.: Wygnańcy polscy w Orenburgu, 1866). Таксама стварыў афорты «Калізей у Рыме», «Від Сен-Мало»[9].
Аўтар прац «Адмена прыгонніцтва ў Літве» (1868), «З жыцця літвінкі» (пра мастачку Г. Скірмунт, 1876). Пісаў успаміны.
Браніслаў Францавіч Залескі на Вікісховішчы |