Ша́ндра звычайная, Шанта звычайная[3][4] (Marrubium vulgare) — від кветкавых раслін роду Шандра (Marrubium) сямейства Ясноткавыя (Lamiaceae).
Шматгадовая травяністая расліна вышынёй 15—75 см. Сцябло ўзыходнае, галінастае ад асновы. Лісце простае, суцэльнае, супраціўнае, маршчакаватае, на чаранках. Кветкі дробныя, белага колеру, у несапраўдных кальчаках. Чашачка трубчастая, з 10 шылападобнымі зубцамі. Вяночак двухгубы. Верхняя губа вузкая і прамая, двухлопасцевая, ніжняя — трохлопасцевая і адхіленая. Тычынак — 4. Плод — шматарэшак.
Расліна распаўсюджана на тэрыторыі Еўразіі, Паўночнай Афрыкі (Алжыр, Лівія, Марока, Туніс), на астравах Мадэйра і Канарскіх, натуралізавалася ў Паўночнай, Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыцы, на Гавайскіх астравах, у Новай Зеландыі і Паўночнай Афрыцы[5].
Расце на сухіх мясцінах, каля дарог, на пасевах, каля платоў. Цвіце ў чэрвені—жніўні. Плады паспяваюць у ліпені—верасні.
Лекавая, эфіраалейная, таніданосная, фарбавальная і меданосная расліна[4].