wd wp Пошук:

Хоцімскі раён

Хо́цімскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці, самы ўсходні рэгіён Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр — гарадскі пасёлак Хоцімск.

Геаграфія

Плошча раёна складае 858,9 км². На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з Ершыцкім раёнам Смаленскай вобласці (працягласць мяжы — 39 км), на ўсходзе — з Клятнянскім раёнам (15 км), на поўдні — з Суражскім раёнам (44 км) Бранскай вобласці Расійскай Федэрацыі. На паўднёвым захадзе і захадзе мяжуе з Касцюковіцкім раёнам (45 км), на паўночным захадзе — з Клімавіцкім раёнам (25 км) Магілёўскай вобласці. Працягласць раёна з поўначы на поўдзень — 46 км, а з усходу на захад — 32 км.

У геамарфалагічным плане тэрыторыя раёна ўваходзіць у склад Аршанска-Магілёўскага плато, водналедавіковай раўніны часоў валдайскага абледзянення, перапрацаванай водна-акумуляцыйнымі працэсамі. У мінулым значную частку тэрыторыі займалі лясы, сёння лясы займаюць 32 %. Раён размешчаны ў зоне змешаных лясоў.

Асноўныя віды дзікіх жывёл па раёне: лось, дзік, казуля, выдра, бабёр, тхор цёмны, воўк, норка, куніца, лісіца чырвоная. Асноўныя рэкі — Беседзь з прытокамі Еленка, Альшоўка, Жадунь, Благаўка, Войская, Мурашка.

Самае вялікае возера — Святое возера, якое знаходзіцца каля вёскі Юзяфоўка. У раёне створаны 10 штучных сажалак агульнай плошчай 212 га, якія выкарыстоўваюцца для патрэб гаспадарак і часткова для развядзення і лоўлі рыбы. Балоты займаюць у раёне 349 га, працягласць асушаных (меліяратыўных) каналаў 382 км.

Раён мае запасы торфу — 5 радовішчаў займаюць плошчу больш 380 га. Гэта месцараджэнні: Ягаднае, Лобня, Рэначча, Воўчае, Зайцаў вугал.

У раёне разведаны і часткова выкарыстоўваюцца радовішчы сапрапелі з Святога возера размешчанага на зямлі Хоцімскага лясніцтва каля в. Юзяфоўка. Яшчэ на тэрыторыі раёна разведана некалькірадовішчаў трапелу, найбуйнейшая з якіх «Стальнос», два радовішчы даламіту каля в. Горня і в. Шаладонаўка. Адкрыты 2 радовішчы будаўнічых пяскоў каля в. Ганнаўка. У раёне ёсць таксама 6 радовішчаў гліны, запасы якіх складаюць 3 тыс. 042 м³. У раёне разведаны 4 радовішчы мелу, буйнейшае — «Лазоўскае» — 0,57 млн. т. На тэрыторыі раёна знойдзены запасы фасфарытаў.

Гісторыя

Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР. Цэнтр — мястэчка Хоцімск. 20 жніўня 1924 года раён падзелены на 14 сельсаветаў: Альшоўскі, Арлоўскі, Баханскі (Баханоўскі), Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Васілёўскі, Вялікаліпаўскі (Ліпаўскі), Дубраўскі, Ельненскі (Яльнянскі), Забялышынскі, Трасцінскі, Хоцімскі, Чарняўскі, Шаладонаўскі. 21 жніўня 1925 года Шаладонаўскі сельсавет перайменаваны ў Кацярынпольскі. 24 верасня 1926 года Хоцімскі сельсавет скасаваны, Альшоўскі сельсавет перайменаваны ў Елавецкі. З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Магілёўскай акругі. Пасля скасавання акруговага падзелу 26 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года раён скасаваны: Арлоўскі і Забялышынскі сельсаветы далучаны да Клімавіцкага раёна, Баханскі (Баханоўскі), Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Васілёўскі, Вялікаліпаўскі (Ліпаўскі), Дубраўскі, Елавецкі, Ельненскі (Яльнянскі), Кацярынпольскі, Трасцінскі і Чарняўскі сельсаветы — да Касцюковіцкага раёна.

12 лютага 1935 года раён утвораны зноў, у яго склад перададзены Арлоўскі і Забялышынскі сельсаветы Клімавіцкага раёна; Батаеўскі, Баханскі (Баханоўскі), Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Васілёўскі, Вялікаліпаўскі (Ліпаўскі), Дубраўскі, Елавецкі, Ельненскі (Яльнянскі), Кацярынпольскі, Трасцінскі і Чарняўскі сельсаветы Касцюковіцкага раёна. У 1935 годзе Кацярынпольскі сельсавет перайменаваны ў Першамайскі. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 20 верасня 1938 года Хоцімск атрымаў статус гарадскога пасёлка. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Васілёўскі і Дубраўскі сельсаветы, 11 сакавіка 1960 года — Арлоўскі, Елавецкі, Ельненскі і Першамайскі сельсаветы. 17 красавіка 1962 года раён скасаваны, Забялышынскі і Трасцінскі сельсаветы перададзены Клімавіцкаму раёну, Батаеўскі, Баханскі, Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Вялікаліпаўскі, Чарняўскі сельсаветы і гарадскі пасёлак Хоцімск — Касцюковіцкаму раёну.

30 ліпеня 1966 года раён утвораны зноў, уключаў гарадскі пасёлак Хоцімск, Батаеўскі, Баханскі, Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Вялікаліпаўскі, Забялышынскі і Чарняўскі сельсаветы. 15 студзеня 1971 года ўтвораны Трасцінскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Хоцімскі раён і гарадскі пасёлак Хоцімск аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 7 верасня 2000 года ўтвораны Янаўскі сельсавет, які 23 снежня 2009 года скасаваны[5]. 5 снежня 2011 года скасаваны Чарняўскі сельсавет[6], 20 верасня 2013 года — Батаеўскі і Баханскі сельсаветы[7].

Дэмаграфія

Насельніцтва раёна складае 10,2 тыс. чалавек (2018 год). Станам на 2021 год усяго разам з Хоцімскам у раёне налічваецца 65 населеных пунктаў. Раён падзелены на сельскіх саветаў: Бярозкаўскі, Бяседавіцкі, Вялікаліпаўскі, Забялышынскі і Трасцінскі.

Транспарт

Праз раён праходзяць аўтадарогі Хоцімск — Клімавічы і Хоцімск — Касцюковічы.

Старшыні райвыканкама

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. http://www.khotimsk.gov.by/vlast/raiispolkom
  2. 1 2 3 Вынікі перапісу 2009 года
  3. «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
  4. GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
  5. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 23 декабря 2009 г. № 17-16 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области
  6. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 5 декабря 2011 г. № 12-15 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области
  7. Решение Могилевского областного Совета депутатов от 20 сентября 2013 г. № 22-12 Об изменении административно-территориального устройства некоторых административно-территориальных единиц Могилевской области Архівавана 29 снежня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1935 годзе
Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1966 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Хоцімскі раён
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1962 годзе
Катэгорыя·Раёны, утвораныя ў 1924 годзе
Катэгорыя·Раёны, скасаваныя ў 1931 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі