У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кеневіч.
Геранім Уладзіслаў Кеневіч, Геранім Феліксавіч Кеневіч (польск.: Hieronim Władysław Kieniewicz, руск.: Иероним Владислав Кеневич / Иероним Феликсович Кеневич; 6 верасня 1834, Мец, Францыя — 6 (18) чэрвеня 1864, Казань, Расійская імперыя) — рэвалюцыйны дзеяч, інжынер-будаўнік, удзельнік Студзеньскага паўстання (1863—1864).
Належаў да каталіцкага шляхецкага роду Кеневічаў герба «Равіч». Нарадзіўся 6 верасня 1834 года ў горадзе Мец (Францыя) у сям’і Фелікса Кеневіча, які эміграваў у Францыю пасля паражэння паўстання 1830—1831 гадоў, і Фяліцыі Скрашэўскай[3], родам з аўстра-венгерскай Галіцыі. Па праву нараджэння ў Францыі аўтаматычна атрымаў французскае грамадзянства.
Вучыўся ў Нансі. 14-гадовым падлеткам упершыню праявіў свае палітычныя погляды, прыняўшы ўдзел у рэвалюцыйнай барацьбе на барыкадах Парыжа ў 1848 годзе.
У 1853 годзе скончыў Цэнтральную школу мастацтваў і рамёстваў у Парыжы (École central Paris), найвядомейшую і найбуйнейшую ўніверсітэцкую тэхнічную ўстанову Францыі. Атрымаў дыплом інжынера-будаўніка. Дзякуючы бліскучай вучобе былы студэнт тут жа становіцца выкладчыкам Політэхнічнага таварыства ў Парыжы. Крыху пазней рушылі ўслед запрашэнні на кіруючыя пасады адразу ад двух чыгуначных кампаній у Францыі.
Дзейнасць бацькі, жыццё ў эміграцыі, усё больш шырокае распаўсюджванне прагрэсіўных поглядаў на грамадскія адносіны і парыжскія падзеі аказалі вырашальны ўплыў на лёс юнака.
У 1857 годзе разам з бацькам Феліксам Кеневічам па расійскай амністыі (за ўдзел Фелікса Кеневіча ў Лістападаўскім паўстанні) вярнуўся ў Мазыр[4]. З 1857 года працаваў інжынерам на будаўніцтве чыгункі ў Расійскай імперыі. У 1860 годзе стаў галоўным інжынерам Саратаўскай чыгуначнай лініі. Быў цесна звязаны з польскімі і беларускімі рэвалюцыянерамі, у прыватнасці, Зыгмунтам Серакоўскім, і рускімі рэвалюцыйнымі кружкамі ў Маскве напярэдадні і ў перыяд паўстання 1863—1864 гадоў.
У студзені 1863 года ў Вільні прадставіў камітэту партыі «белых» паўстанцаў план правакацыйных дзеянняў і рэвалюцыйных дыверсій у глыбінных губернях Расіі, на што атрымаў 15 тысяч рублёў. Пабываў у Санкт-Пецярбургу і Маскве. У пачатку мая зноў прыехаў у Вільню, дзе адчытаўся пра сваю дзейнасць. Літоўскі правінцыйны камітэт дэлегаваў яго ў якасці прадстаўніка Літвы ў Нацыянальны ўрад. Прыехаўшы ў Парыж, у якасці дыпламатычнага агента Нацыянальнага ўрада атрымаў 25 тысяч рублёў, прызначаных для набыцця зброі, і ліст ад князя Уладзіслава Чартарыйскага.
У пачатку 1863 года выступіў у ролі галоўнага арганізатара рэвалюцыянераў, якія спрабавалі падняць ваенна-сялянскае паўстанне ў Паволжы ўвесну 1863 года па пагадненні паміж кіраўнікамі паўстання ў Польшчы, Літве і Беларусі і членамі тайнага рэвалюцыйнага таварыства «Зямля і воля».
Стаяў на чале Казанскай змовы ў 1863 годзе і прыхільнікаў неадкладнага рэвалюцыйнага дзеяння, у лік якіх уваходзілі Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы і частка членаў маскоўскай арганізацыі «Зямля і воля». Змоўшчыкі разлічвалі ўцягнуць сялян у паўстанне аўтарытэтам царскай улады. Меркавалася, што цэнтрам паўстання стане Казань (адсюль гэта акцыя атрымала назву «казанскай змовы»).
У сакавіку 1863 года ў Маскве быў аддрукаваны падроблены маніфест нібыта ад імя імператара Аляксандра II і пракламацыі ад імя «Часавага народнага праўлення», якія заклікалі народ да неадкладнага паўстання і стварэння органаў рэвалюцыйнай улады для перадачы ўсёй зямлі сялянам і ажыццяўлення іншых рэвалюцыйных патрабаванняў.
Па задуме змоўшчыкаў, паўстанне, пачаўшыся ў Казанскай губерні, павінна было ахапіць Ніжняе Паволжа, Урал, Дон, а затым аб’яднацца з паўстаннем у Польшчы, Літве і Беларусі. Гэты план быў маларэальны і большасць казанцаў яго не падтрымала. Казанская змова праводзілася насуперак волі Цэнтральнага і Казанскага камітэтаў «Зямлі і волі», якія лічылі арганізацыю паўстання несвоечасовай.
Па даносе правакатара Гласона ў канцы красавіка змова была выкрыта. Дзеянні ўдзельнікаў змовы былі перапынены шматлікімі арыштамі. 31 чалавек быў адданы пад ваенны суд, па прысудзе якога пяць чалавек: інжынер Геранім Уладзіслаў Кеневіч, афіцэры Напалеон Казімір Іваніцкі, Аляксандр Мрочак, Рамуальд Ільіч Станкевіч (6 чэрвеня 1864 г. у 7 гадзін раніцы былі расстараляны на беразе ракі Казанкі) і Максміліян Андрэевіч Чарняк (расстраляны 11 кастрычніка 1865 г.) былі расстраляныя, астатнія адпраўлены на катаргу і ў ссылку.