wd wp Пошук:

Сейлавічы

Се́йлавічы[2] (трансліт.: Siejlavičy, руск.: Сейловичи) — аграгарадок у Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Тур’і, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета. Знаходзіцца за 12 кіламетраў на паўночны ўсход ад Нясвіжа, у 17 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Гарадзея, на аўтамабільнай дарозе Нясвіж — Бузуны. Насельніцтва на 2009 год — 613 чалавек[1].

Гісторыя

Згодна з мясцовым паданнем, вёску заснаваў князь Радзівіл, які аднойчы заблукаў сюды падчас палявання. Мясцовасць яму вельмі спадабалася, але ён не мог зразумець, чаму такая зямля дагэтуль не заселена і таму загадаў, паказваючы на поле і рэчку: «Тут сей, а тут лаві». Людзі, якія пасяліліся на гэтым месцы, займаліся земляробствам і лоўляй рыбай у рацэ Тур’і, такім чынам і паселішча атрымала назву ад дзеясловаў сеяць і лавіць. На думку Станіслава Судніка, назва вёскі паходзіць ад слова селавічы, што азначае «жыхары сяла». Паводле В. А. Жучкевіча, тапонім утварыўся ад прозвішча Сейлавіч[3].

Па пісьмовых крынціах упершыню згадваецца ў 1586 годзе, калі князь Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка перадаў Нясвіжскай плябаніі 8 валок зямлі, што знаходзіліся паміж «валок Сейлаўскіх». У 1722 годзе Сейлавічы значацца як засценак Нясвіжскай ардынацыі, які Ганна Кацярына Радзівіл аддала шляхце на леннае ўладанне. У 1793 годзе — вёска і засценак Сейлавічы фальварка Ганусаўшчызна, з 1796 года ў Слуцкім павеце, уладанне Радзівілаў. На той час у вёсцы была карчма.

У XIX стагоддзі існавалі аднайменныя вёска і засценак Сейлавічы. Станам на 1852 год, у засценку налічвалася 28 валок зямлі, у 1876 годзе — 1110 дзесяцін зямлі, уладанне Радзівілаў. Па выніках перапісу 1897 года, у вёсцы Сейлавічы працавалі хлебазапасны магазін і 2 ветраныя млыны, у засценку дзейнічала царква. Мясцовасць знаходзілася ў Гавязнянскай воласці.

У сакавіку 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Сейлавічы ўвайшлі ў склад Беларускай Народнай Рэспублікі. Па выніках Рыжскай мірнай дамовы ў 1921—39 гадах Сейлавічы знаходзіліся ў складзе Польшчы, у Гавязнянскай гміне Нясвіжскага павета. Па прычыне таго, што вёска размяшчалася каля савецка-польскай мяжы, у 1924—1939 гадах у ёй размяшчаўся штаб роты Корпуса аховы памежжа «Сейлавічы». 17 верасня 1939 года ў выніку пахода Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь вёска апынулася ўвайшла ў склад БССР. Непрацяглы час з 4 снежня 1939 года да 15 студзеня 1940 года яна працягвала ўваходзіць у Нясвіжскі павет, з 15 студзеня 1940 года ўвайшла ў Нясвіжскі раён Баранавіцкай вобласці. 12 кастрычніка 1940 года Сейлавічы сталі цэнтрам аднайменнага сельсавета. На той час у паселішчы былі 1 маторны і 4 ветраныя млыны (прыватныя), няпоўная сярэдняя школа, хата-чытальня, бальніца.

Падчас Другой сусветнай вайны, 7—8 верасня 1943 года ў Сейлавічах адбыўся бой партызанскага атрада імя Шчорса (камандзір А. І. Колчанка) па разгроме нацысцкага гарнізона (каля 100 жаўнераў). Гарнізон, умацаваны сістэмай дзотаў, бункераў, лініямі траншэй з некалькімі радамі калючага дроту і замініраванымі ўчасткамі абароны, перашкаджаў перадыслакацыі і баявым рэйдам партызанскіх фарміраванняў у Заходняй Беларусі. Увечары 7 верасня, калі савецкая разведка паведаміла, што 60 нямецкіх салдатаў гарнізона накіраваліся ў Гарадзею, партызанскі атрад у складзе 350 байцоў, узброеных 15 ручнымі кулямётамі, 25 аўтаматамі і 45-мм гарматай, скрытна падыйшоў да гарнізона, атакаваў і да гадзіны ночы знішчыў яго. Партызаны захапілі нямецкую зброю, боепрыпасы і без страт адыйшлі[4].

У верасні 1948 года ў засценку быў створаны калгас імя Дзяржынскага (старшыня С. В. Петрашэўскі), у верасні 1949 года ў вёсцы пачаў працу калгас «Перамога». З 1951 года Сейлавічы — цэнтр узбуйненага калгаса імя Андрэева, які 13 снежня 1961 года атрымаў назву «Світанне». 8 студзеня 1954 года, пасля скасавання Баранавіцкай вобласці, вёска апынулася ў Мінскай вобласці. Станам на 1 студзеня 2001 года, вёска — цэнтр Сейлавіцкага сельсавета і калгаса. Працуюць клуб, бібліятэка, сярэдняя школа, дзіцячы сад, урачэбная амбулаторыя, 3 крамы, сталовая, аддзяленне сувязі, філіял ААБ «Беларусбанк», аптэка, аўтаматычная тэлефонная станцыя, 2 жывёлагадоўчыя фермы, дзейнічае касцёл[5].

Насельніцтва

Славутасці

Вядомыя ўраджэнцы

Зноскі

  1. 1 2 3 Насельніцтва Беларусі па выніках перапісу 2009 года Архівавана 2 кастрычніка 2019.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974., с. 339
  4. Сейлавіцкі бой 1943 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8.
  5. В. М. Князева. Памяць. Нясвіжскі раён. Мінск, Белта, 2002
  6. БелЭн, 2002
  7. У аграгарадку Сейлавічы адкрылі памятны знак загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны воінам-землякам Нясвіжскі раённы выканаўчы камітэт, 10 ліпеня 2019 г. (бел.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (13):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Аграгарадкі Мінскай вобласці
Катэгорыя·Сейлавіцкі сельсавет
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Сейлавічы
Катэгорыя·Населеныя пункты Нясвіжскага раёна
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула