wd wp Пошук:

Рыгор Аляксеевіч Васілевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Васілевіч. Рыго́р Аляксе́евіч Васіле́віч (нар. 13 лютага 1955, Мінск, БССР) — беларускі правазнавец і дзяржаўны дзеяч. Доктар юрыдычных навук (1994), прафесар кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ, член-карэспандэнт НАН Беларусі (2017)[1].

Займаў пасады суддзі і старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь (1997—2008), Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь (2008—2011). Ганаровы прафесар Інстытута заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры ўрадзе Расійскай Федэрацыі (2016), заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь (1994). Р. А. Васілевіч — аўтар першага падручніка па канстытуцыйным праве Беларусі[1].

Біяграфія

Рыгор Аляксеевіч Васілевіч нарадзіўся ў Мінску ў 1955 годзе. Скончыў сярэднюю школу ў 1972 годзе. Па заканчэнні вячэрняга аддзялення юрыдычнага факультэта БДУ імя У. І. Леніна ў 1980 годзе паступіў на дзённае аддзяленне аспірантуры юрыдычнага факультэта БДУ[2]. Праходзіў службу ў радах Савецкай Арміі ў Чэхаславакіі (1973–1975).

У 1984 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю ў Харкаўскім юрыдычным інстытуце, а ў 1994 годзе ў БДУ — доктарскую дысертацыю па тэме «Праблемы законатворчай дзейнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь»[2].

З 1986 года перайшоў на працу ў Сакратарыят Вярхоўнага Савета Беларусі. Спачатку займаў пасаду намесніка, а ўжо з 1989 па 1994 год быў загадчыкам юрыдычнага аддзела[2].

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 года ўтвараўся Канстытуцыйны суд, куды Рыгор Аляксеевіч і быў абраны спачатку суддзём, а ў 1997 годзе быў прызначаны, у адпаведным закону парадку, на пасаду Старшыні Канстытуцыйнага суда.

У 2008 годзе быў прызначаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкам на пасаду Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь, з якой быў вызвалены ў 2011 годзе[3].

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года, 2 лютага 2011 года быў унесены ў Чорны спіс Еўрасаюза[4]. Васілевіч як генеральны пракурор у рашэнні Савета Еўрапейскага саюза ад 15 кастрычніка 2012 года быў названы тым, хто кантраляваў пераслед усіх асоб, якія былі арыштаваны пасля мірных дэманстрацый 19 снежня 2010 года[5].

Пасля вярнуўся на працу ў БДУ, з 2011 года – загадчык кафедры канстытуцыйнага права. У 2017 годзе выбраны член-карэспандэнтам НАН Беларусі.

15 сакавіка 2021 года ўвайшоў у склад Канстытуцыйнай камісіі, якая паводле рэзалюцыі VI-га Усебеларускага народнага сходу распрацоўвае прапановы па змяненні Канстытуцыі Беларусі і забяспечвае іх усенароднае абмеркаванне[6].

Навуковая дзейнасць

Вядзе актыўную навуковую дзейнасць. Рэгулярна выступае з дакладамі на навуковых і навукова-практычных канферэнцыях як у Беларусі, так і за мяжой[2]. Падрыхтаваў 17 кандыдатаў і 3 дактароў юрыдычных навук[2]. Яго працы апублікаваны ў Расіі, Польшчы, Турцыі, Балгарыі, Італіі, Францыі, Нідэрландах, Арменіі, Літве і Украіне[2]. Уваходзіць у склад рэдакцыйных калегій шэрагу навуковых выданняў, у тым ліку ў рэдакцыйны савет папулярнага сярод вучоных-крыміналістаў Беларусі і краін СНД навукова-практычнага часопіса «Папярэдняе расследаванне»[7].

Навуковыя працы ў галіне канстытуцыйнага права, дзяржаўнага кіравання, крымінальнага права, працоўнага права, тэорыі дзяржавы і права, міжнароднага права, правоў чалавека, гісторыі беларускай дзяржавы і права. Удзельнічаў у падрыхтоўцы большасці заканадаўчых актаў, прынятых Вярхоўным Саветам БССР (Рэспублікі Беларусь) у 1989–1994 гадах. Удзельнічаў у падрыхтоўцы праекта Канстытуцыі 1994 года. Унёс уклад у развіццё вучэння аб Канстытуцыі, аб канстытуцыяналізацыі галіновага заканадаўства, забеспячэнне яго адпаведнасці агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права, аб верхавенстве канстытуцыйных прынцыпаў і нормаў.

Аўтар больш за 1000 навуковых прац, у тым ліку звыш 100 кніг і манаграфій, больш за 50 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў.

Асноўныя працы

Званні і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнам Пашаны (2021)[8], нагрудным знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь» (2005), у тым жа годзе Н. Назарбаеў узнагародзіў яго юбілейным медалём «Да дзесяцігоддзя Канстытуцыі Рэспублікі Казахстан». Мае некалькі дзясяткаў ведамасных медалёў, нагрудных знакаў і ганаровых грамат.

Заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь (1994)[2]. Лаўрэат прэміі імя У. І. Пічэты (2012, БДУ) за цыкл падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў па канстытуцыйным праве. Удастоены нагруднага знака «Ганаровы пракурор краін СНД» у 2016 годзе. Мае класны чын дзяржаўнага саветніка юстыцыі І класа і вышэйшы кваліфікацыйны клас суддзі. Міжнародным біяграфічным цэнтрам (Кембрыдж, Вялікабрытанія) уключаны ў спіс выдатнейшых людзей ХХ і ХХІ ст.[2]

Зноскі

  1. 1 2 Васілевіч Рыгор Аляксеевіч на сайце «Беларусь у асобах і падзеях» (бел.)
  2. 1 2 3 4 5 6 7 8 Юрыдычны факультэт. Гісторыя. Сучаснасць. Імёны / рэдсавет : С. А. Балашэнка (старш.) і інш. ; рэдкал. : С. А. Балашэнка (адк. рэд.), А. В. Шыдлоўскі (нам. адк. рэд.) [і інш.]. — Мінск : БДУ, 2015. — 263 с. : іл.
  3. Рыгор Васілевіч зняты з пасады генпракурора Беларусі (дапоўнена)(недаступная спасылка). БелаПАН
  4. Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС (бел.) . Наша Ніва (11 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 22 кастрычніка 2017.
  5. .Council Decision 2012/642/CFSP of 15 October 2012 concerning restrictive measures against Belarus, EUR-Lex(англ.) бел., 2012
  6. Указ Президента Республики Беларусь 15 марта 2021 г. № 105 «О Конституционной комиссии»(руск.)  (недаступная спасылка) (17 сакавіка 2021). Архівавана з першакрыніцы 28 снежня 2021. Праверана 20 сакавіка 2021.
  7. Официальный сайт научно-практического журнала «Предварительное расследование»
  8. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 19 кастрычніка 2021 года № 410 «Аб узнагароджанні»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (27):
Катэгорыя·Правазнаўцы Беларусі
Катэгорыя·Старшыні Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Лаўрэаты прэміі імя У. І. Пічэты БДУ
Катэгорыя·Нарадзіліся 13 лютага
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Юрысты Беларусі
Катэгорыя·Члены-карэспандэнты НАНБ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Катэгорыя·Заслужаныя юрысты Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Генеральныя пракуроры Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Выкладчыкі юрыдычнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Выпускнікі БДУ
Катэгорыя·Дактары юрыдычных навук
Катэгорыя·Члены Канстытуцыйнай камісіі Беларусі (2021)
Катэгорыя·Суддзі Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1955 годзе
Катэгорыя·Выдатнікі адукацыі Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Выпускнікі юрыдычнага факультэта БДУ
Катэгорыя·Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Пашаны (Беларусь)