Павятовы маршалак (прадвадзіцель) дваранства (шляхты) (руск.: Уездный предводитель дворянства) — выбарны глава дваранства павета Расійскай імперыі.
Выбіраўся дваранствам павета на 3 гады і служыў без узнагароды, што рабіла гэту пасаду ганаровай. Павятовы маршалак дваранства, акрамя выканання ім уласна дваранскіх саслоўных абавязкаў, быў актыўна ўцягнуты ў агульнадзяржаўную дзейнасць. . Закон прадугледжваў членства і старшынства павятовага маршалка дваранства ў мностве камісій, якія ажыццяўлялі ўладу ў павеце. Пасада павятовага маршалка была асабліва адказнай і таму, што адміністрацыйная сістэма Расійскай імперыі не прадугледжвала адзінага кіраўніка і адзінай адміністрацыі на павятовым узроўні (у адрозненне ад губернскага). Павятовы маршалак, член і старшыня большасці павятовых устаноў, з’яўляўся сувязным звяном паміж разрозненымі ўстановамі і дэ-факта главой павета. Пасля знаходжання на пасадзе на працягу трох трохгадовых тэрмінаў маршалкі атрымлівалі чын V класа (стацкі саветнік).
Дваранскае саслоўнае самакіраванне, і ў тым ліку інстытут маршалкаў дваранства, узнікла ў эпоху Кацярыны II. Першы раз павятовыя маршалкі дваранства згадваюцца ў 1766 годзе, пасада была заснавана як пастаянная (з выбарамі на 2 года) «Устанаўленнем аб губернях» 1775 года, і пацверджана выданнем «Граматы на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» ў 1785 годзе. Пасада маршалка заставалася вузка саслоўнай да канца кіравання Мікалая I; пачынаючы з эпохі Вялікіх рэформаў, да яе паступова, па меры ўскладнення дзяржаўнага ладу, далучаліся агульнадзяржаўныя абавязкі[1].
Пасля паўстання 1831 года сама назва «маршалак» у Заходніх губернях была забаронена да ўжывання і заменена расійскім тэрмінам «предводитель дворянства» (прадвадзіцель дваранства). Былі забаронены і іншыя назвы пасадаў і ўстановаў, якія паходзілі з часоў РП, а парадак дзейнасці і справаводства прыводзіўся ў адпаведнасць з расійскімі губернямі[2].
Асноўны артыкул: Дваранскія выбары (Расійская імперыя) Дваранскія выбары праводзіліся ва ўсіх губернях і абласцях Еўрапейскай Расіі, акрамя тых, дзе дваранства было настолькі малалікім, што не магло запоўніць выбарныя пасады (Архангельская, Аланецкая, Вяцкая, Пермская губерні і ўсе рэгіёны Сібіры). У Валагодскай губерні дваранскія выбарныя пасады былі ўведзены толькі ў Валагодскім, Гразавецкім і Каднікаўскім паветах, а ў Арэнбургскай губерні — толькі ў Арэнбургскім і Троіцкім паветах.
У Паўночна-Заходнім краі, у парадку барацьбы з перавагай дваран польскага паходжання, маршалкі дваранства прызначаліся ўрадам. У губернях Ковенскай, Віленскай і Гродзенскай прызначэнне ажыцяўляў генерал-губернатар; у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай — міністр унутраных спраў.
У Вобласці Войска Данскога замест павятовых маршалкаў дваранства былі акруговыя.
Дваранскія ўстановы Остзейскіх губерняў адрозніваліся ад агульнарасійскіх, а таксама і адна ад адной, захоўваючы формы, якія склаліся да ўключэння гэтых тэрыторый у Расійскую імперыю. У Курляндскай губерні існавалі павятовыя маршалкі дваранства, якія выбіраліся па цалкам іншых правілах, у Ліфляндскай і Эстляндскай губернях такой пасады ў сістэме дваранскіх устанаўленняў не прадугледжвалася.
Акрамя Еўрапейскай Расіі, выбарныя дваранскія ўстановы існавалі ў Кутаіскай, Стаўрапольскай і Тыфліскай губернях Каўказскага края.
У Царстве Польскім, Каўказскім краі (акрамя названых вышэй трох губерняў) і ў Сярэдняй Азіі дваранства не мела карпаратыўнай арганізацыі, не магло арганізоўваць дваранскія сходы і выбары. Дваранскія радаводныя кнігі ў гэтых рэгіёнах вялі губернскія праўленні.
Усяго, станам на 1897 год, існавала 417 пасад павятовых маршалкаў дваранства[4].
Павятовыя маршалкі дваранства выбіраліся на губернскім дваранскім сходзе (у прастамоўі называлася «дваранскім з’ездам»), але толькі дваранамі свайго «стала» (гэта значыць павятовай секцыі). Калі павятовыя дваране не маглі выбраць сабе маршалка (усе кандыдаты адмовіліся, усе галасы супраць усіх кандыдатаў), яго выбіралі для іх усе дваране губерні. Маршалкі выбіраліся на тры гады.
Выбарчыя патрабаванні да кандыдатаў у маршалкі былі ніжэйшымі за тыя, што патрабаваліся для права голасу на дваранскіх выбарах. Кандыдат павінен быў быць: спадчынным дваранінам, унесеным у радаводную кнігу менавіта гэтай губерні; быць ва ўзросце 21 года ці старэй; не падвяргацца суду за ганебныя ўчынкі. Патрабаванні, неабходныя для права голасу — наяўнасць цэнзавай уласнасці ў губерні, наяўнасць адукацыі (прынамсі сярэдняй) ці класнага чыну — да кандыдатаў у маршалкі не прымянялася.
Кандыдатамі лічыліся ўсе дваране, якія ўдзельнічаюць у сходзе, калі яны не абвясцілі пра сваю адмову; а таксама тыя, хто меў права быць выбраным, але не ўдзельнічаў у сходзе, і апавясціў сход пра сваю кандыдатуру пісьмова. Галасавалі за ўсіх падрад, калі кандыдаты набіралі роўную колькасць галасоў, выбраны вызначаўся жэрабем.
Другі па колькасці набраных галасоў удзельнік выбараў станавіўся кандыдатам да павятовага маршалка. Кандыдат у далейшым ніяк не ўдзельнічаў у дзейнасці дваранскага самакіравання, але калі марашалак пакідаў сваю пасаду ці быў працягла хворы, кандыдат займаў яго месца без выбараў.
Выбраныя маршалкі дваранства зацвярджаліся на сваіх пасадах губернатарамі. Усякі выбраны павятовы маршалак у абавязковым парадку ператвараўся ў кандыдата на пасаду губернскага маршалка дваранства на выбарах на гэту пасаду, якія адбываліся апошнімі па парадку спраў дваранскага сходу.
Лічылася, што павятовыя маршалкі дваранства знаходзяцца на сапраўднай дзяржаўнай службе. Павятовыя маршалкі дваранства, незалежна ад наяўнасці ў іх класнага чыну, лічыліся «заурад» (на час знаходжання на пасадзе) чынамі V класа (стацкі саветнік). Па выслузе двух трохгоддзяў яны зацвярджаліся ў чыне VI класа (калежскі саветнік), а па выслузе трох трохгоддзяў — у чыне V класа. Маршалкі не атрымлівалі ўтрымання, але мелі права на пенсію.
Павятовыя маршалкі дваранства былі цалкам незалежнымі ад губернскіх маршалкаў дваранства.
Абавязкі маршалка складаліся з дзвюх незвязаных частак — па дваранскіх справах ён дзейнічаў як выбарная асоба дваранскага самакіравання, падпарадкаваная толькі дваранству павета ў цэлым, па агульнадзяржаўных адміністрацыйных справах — як нязменны чыноўнік, абмежавана адказны перад губернатарам.
Хоць заканадаўства Расійскай імперыі не прадугледжвала адзінага кіравання на ўзроўні павета, павятовыя маршалкі, якія ўзначальвалі ўсе павятовыя калегіяльныя ўстановы, на справе выступалі як главы паветаў.
Пасада маршалка дваранства, ганаровая і неаплатная, па традыцыі прызначалася для мясцовых дваран-землеўладальнікаў і не патрабавала поўнай занятасці. Дзейнасць павятовых устаноў была арганізавана па месячных цыклах, і патрабавала ад павятовага маршалка знаходжання ў павятовым горадзе прыблізна адзін тыдзень на месяц. Спачатку адбываўся павятовы з’езд, найбольш загружаны справамі сход (у адзін дзень збіралася адміністрацыйная прысутнасць, у іншы — судовая), а за ім збіраліся ўсе перыядычна дзеючыя камісіі, у якіх апынуліся справы, што патрабуюць іх склікання ў гэтым месяцы. Цыкл удзелу ў губернскіх установах быў гадавым, і займаў каля двух тыдняў на год. Спачатку збіраўся губернскі дваранскі сход, а за ім — земскі сход, які меў з першым шмат агульных удзельнікаў[12].
Колькасць штатных чыноўнікаў у павеце была мінімальнай. Павятовы маршалак меў невялікую штатную канцылярыю, з уласнага сакратара і справавода[13], асобны сакратар быў пры павятовым з’ездзе.