wd wp Пошук:

Новая Мыш

Но́вая Мыш[1] (трансліт.: Novaja Myš, руск.: Новая Мышь) — вёска ў Баранавіцкім раёне Брэсцкай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Навамышскага сельсавета. Размешчана за 8 км на захад ад Баранавіч, на скрыжаванні аўтадарог на Івацэвічы, Стоўбцы, Слонім, Моўчадзь, на рацэ Мышанка.

Назва

Субстантыўны кампанент Мыш у састаўной геаграфічнай назве літаральна паўтарае старажытны гідронім Мыша — на беразе ракі была ўзведзена сядзіба. Інвентар 1692 года яшчэ згадвае пра раку Мышу, але з часам рака стала ўспрымацца як больш дробны аб’ект, і наступны інвентар 1730 года паведамляе ўжо пра Мышанку. Даследчыкі шукаюць паходжанне гідроніма як у славянскіх, так і ў балцкіх мовах.

Гісторыя

Вялікае Княства Літоўскае

Упершыню Мыш згадваецца ў першай палове XV ст. як сяло Наваградскага павета. У 1563 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст перадаў мясцовасць за ваенныя заслугі жмудскаму старосце Я. К. Хадкевічу. Пад 1566 паселішча значыцца ў дакументах як мястэчка. У XVI—XVII стст. тут існаваў замак. У XVII ст. у мястэчку дзейнічалі касцёл і школа, у двары (Старая Мыш) існаваў кляштар езуітаў. У 2-й чвэрці XVII ст. мясцовасць перайшла ў валоданне Сяняўскіх, потым — Юдзіцкіх.

У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) замак і мястэчка зруйнавалі войскі Маскоўскай дзяржавы. Як даносілі захопнікі свайму гаспадару[2]:

" В городе Мыши литовских людей всех побили, которых зостали, и языков взяли многих людей. И городок Мышь выжгли и со всем разорили без остатку. "

У другой палове XVII ст. кашталян наваградскі М. Юдзіцкі заснаваў у Мышы езуіцкі калегіум. У XVIII ст. уладальнікамі мястэчка і двара былі Несялоўскія і Масальскія. У пачатку XVIII ст. апошнія заснавалі тут шкляную гуту. Станам на 1725 у мястэчку было больш за 100 двароў, дзейнічалі касцёл і царква, працавалі школа, шпіталь, карчма і млын. У 1784 маёнтак наведваў кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Пад уладай Расійскай імперыі

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Новая Мыш апынулася ў складзе Расійскай імперыі, дзе стала цэнтрам воласці ў Навагрудскім павеце. У 1825 годзе з цэглы ўзведзены Праабражэнскі касцёл. У 1842 годзе адбыліся 2 кірмашы (1 і 29 верасня), на якіх у асноўным гандлявалі сельскагаспадарчымі прадуктамі і жывёлай. У 1859 годзе ў мястэчку на сродкі казны і тутэйшых сялян пабудавана драўляная Праабражэнская царква. Праваслаўны прыход налічваў каля 3500 вернікаў, сярод якіх пісьменных было толькі каля 10 %.

У 1860-я ў мястэчку было 132 двары, царква, касцёл, яўрэйскі малітоўны дом, штотыднёвыя таргі, 1 рэгулярны кірмаш.

У першай палове 1880-х гг. у мястэчку каля 160 двароў, 1030 жыхароў, дзейнічалі царква, народнае вучылішча (адчынена ў 1862), валасное праўленне, касцёл, сінагога, З яўрэйскія школы, бальніца, 21 крама, бровар, цагельны завод, паравы і ветраны млыны. Існавалі промыслы: шавецкі, кравецкі і кузнецкі, па вырабе розных рэчаў з дрэва.

Найноўшы час

У пачатку XX ст. Новая Мыш уяўляла сабой вялікае і шматмоўнае мястэчка, у народным вучылішчы вучылася каля 150 дзяцей (з іх толькі 25 дзяўчынак). Дзейнічалі прызыўны ўчастак і аптэка.

У Першую сусветную вайну Новую Мыш занялі нямецкія войскі. Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стала цэнтрам гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства.

У 1939 Новая Мыш увайшла ў склад БССР. З 15 студзеня 1940 года цэнтр Навамышскага раёна Баранавіцкай вобласці. Статус паселішча панізілі да вёскі. З 12 кастрычніка 1940 года цэнтр сельсавета.

У Вялікую Айчынную вайну з канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года вёска акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Пры яе вызваленні вызначыўся наводчык, камандзір гарматы М. П. Акімаў, які падбіў 5 варожых танкаў, знішчыў 50 акупантаў і ўтрымаў рубеж да прыходу асноўных сіл сваёй часці. За гэты подзвіг Акімаву 25 верасня 1944 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

З 8 студзеня 1954 года ў Брэсцкай вобласці.

У 1996 у Новай Мышы ў гонар паэта і фалькларыста Яна Чачота быў усталяваны помнік[3]. Станам на 1998 у вёсцы быў 691 двор.

Насельніцтва

Інфраструктура

У Новай Мышы працуюць філіял Баранавіцкай фабрыкі дзіцячых цацак, выканкам сельсавета, калгасная сядзіба, механічныя майстэрні, Дом быту, аддзяленне сувязі і ашчаднага банка, бальніца, аўтаматычная тэлеф. станцыя, племстанцыя, ветэрынарная лячэбніца, прафесійна-тэхнічнае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі, сярэдняя і музычная школы, дзіцячыя яслі-сад, Дом культуры, бібліятэка, аптэка, сталовая, 2 магазіны.

Славутасці

Капліца могілкавая

Страчаная спадчына

Галерэя

Вядомыя жыхары

З Новай Мышы паходзіць бацька польскага палітыка Яцака Пратасевіча[6].

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. «Государев поход» 1655 // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  3. Ляшук В. Я., Снітко Г. М. Літаратурная Берасцейшчына: краязнаўчыя нарысы, партрэты, артыкулы / В. Я. Ляшук, Г. М. Снітко. — Мінск: Литература и Искусство, 2008. — С. 111. — 320 с. — ISBN 978-985-6720-29-4.
  4. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 413.
  5. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
  6. Мой род з Беларусі — размова з еўрадэпутатам Я. Пратасевічам // «Ніва» № 3, 20 студзеня 2008.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Хадкевічы
Катэгорыя·Населеныя пункты паводле алфавіта
Катэгорыя·Населеныя пункты Баранавіцкага раёна
Катэгорыя·Населеныя пункты Беларусі з насельніцтвам з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Новая Мыш
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Навамышскі сельсавет
Катэгорыя·Мястэчкі Новагародскага ваяводства