wd wp Пошук:

Маршалавы Астравы

Рэспубліка Маршалавы Астравы — ціхаакіянская дзяржава ў Мікранезіі. Мяжуе на захадзе і паўднёвым-захадзе з тэрытарыяльнымі водамі Фэдэратыўных Штатаў Мікранезіі, на поўдні з тэрытарыяльнымі водамі Кірыбаці, у астатніх частках — з нейтральнымі водамі Ціхага акіяна. Працягласць прыбярэжнай паласы — 370,4 км. Рэспубліка Маршалавы Астравы размешчана на 29 атолах і 5 астравах архіпелага Маршалавы астравы, які складаецца з ланцугоў Ралік і Ратак. Агульная плошча сушы — 181,3 км ²; тэрыторыі, занятай лагунамі, — 11.673 км ². Насельніцтва Маршалавых астравоў — 63174 чал. (2008, ацэнка) пераважна маршальцы. Сталіца — Маджура.

Гісторыя

Першыя еўрапейцы з’явіліся на астравах у 1529 г. (іспанская экспедыцыя А.Сааведры), у 1788 г. даследаваны англічанінамі Дж.Маршалам (адсюль назва). У 1855 г. афіцыйна перададзены Іспаніі, якая пасля іспана-амерыканскай вайны 1898 г. прадала іх Германіі. У 1914 г. астравы акупіравала Японія, якая ў 1920 г. атрымала ад Лігі Нацый мандат на кіраванне імі. У 2-ю сусветную вайну акупіраваны ў 1945 г. ЗША. З 1947 г. паводле рашэння Савета Бяспекі ААН падапечныя тэрыторыі ЗША (у складзе падапечнай тэрыторыі Ціхаакіянскія астравы). Першы прэзідэнт — Амата Кабуа. З 1979 г. Рэспубліка Маршалавы астравы. З 1983 г. «свабодная асацыіраваная» з ЗША тэрыторыя. У 1986 г. спынена апекаванне ЗША, астравы атрымалі ўнутранае самакіраванне. З 1991 г. член ААН.

Геаграфія

Карта

Маршалавы Астравы — архіпелаг, які складаецца з двух ланцугоў каралавых атолаў, усходняга Ратак і заходняга Ралік. Агульная плошча краіны параўнальна з тэрыторыяй Турцыі, аднак большасць займаюць тэрытарыяльныя воды, толькі 181 км² складае суша. Атолы даволі нізкія, найвышэйшыя пункты дасягаюць усяго некалькі метраў над узроўнем акіяна. Падчас штармоў высокія хвалі затапліваюць невялікія астравы. У 2008 г. значная паводка адбылася ў сталіцы і самым буйным горадзе Маджура[1]. Вапняковыя кіпрыя глебы хутка ўсмоктваюць ападкі, таму ў засушлівае надвор’е адчуваецца недахоп пітной вады. Летам 2013 г. праблемы са здабычай пітной вады адчувалі 6 300 чал., пераважна на поўначы Маршалавых Астравоў[2].

Клімат Маршалавых Астравоў пераходны ад экватарыяльнага да субэкватарыяльнага, характарызуецца залежнасцю ад сезонных пасатаў. Сезон дажджоў цягнецца з мая да лістапада. У гэты перыяд у раёне Маршалавых Астравоў утвараюцца тайфуны, што рухаюцца ў кірунку да краін Азіі. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ў межах +25 °C—+30 °C. Найбольш спякотныя месяцы — ліпень, жнівень і чэрвень. Сярэнегадавая колькасць ападкаў — каля 3353 мм.

Атолы Маршалавых Астравоў

Атол Маджура

Група Ралік (Заходняя):

Група Ратак (Усходняя):

Дзяржаўны лад і палітыка

Маршалавы Астравы — рэспубліка, якая знаходзіцца ў свабоднай асацыяцыі з ЗША. Асновай дзяржаўнасці Маршалавых Астравоў з’яўляецца Канстытуцыя[3], зацверджаная ў 1979 г. Яе галоўныя прынцыпы — свабода слова і сродкаў масавай інфармацыі, незалежнасць судаводства. ЗША прызнаюць Маршалавы Астравы як суверэнную дзяржаву, аднак нясуць адказнасць за яе абарону, прадстаўляюць у міжнародных арганізацыях. У сваю чаргу, Маршалавы Астравы не могуць праводзіць палітыку, якая супярэчыць агульнай абароназдольнасці ці агульным міжнародным інтарэсам[4]. У цяперашні час дзейнічае дагавор паміж Маршалавымі Астравамі і ЗША аб свабоднай асацыяцыі, падпісаны ў 2003 г. Таксама існуе дадатковае пагадненне аб выкарыстанні ЗША ваеннай базы на атоле Кваджалейн.

Главой выканаўчай улады з’яўляецца прэзідэнт, які ўзначальвае ўрад з Рады Міністраў. Прэзідэнт выбіраецца парламентам на чатырохгадовы тэрмін.

Галоўны заканадаўчы орган — двухпалатны Нацыянальны Парламент. Вышэйшая палата прадстаўлена Радай традыцыйных правадыроў іраідж (іраіджлаплап), у склад якой уваходзіць 12 чалавек. Статус іраідж перадаецца па спадчыне. Рада мае выключна дарадчыя функцыі, назірае за захаваннем звычаяў і традыцый, рэгулюе пытанні землекарыстання. Ніжэйшая палата Ніціджэла складаецца з 33 сенатараў. Яны выбіраюцца на чатырохгадовы тэрмін выбаршчыкамі 24 акруг-атолаў[5].

Судовая ўлада на Маршалавых Астравах незалежна ад выканаўчай і заканадаўчай. Яе вышэйшы орган — Вышэйшы Суд, прадстаўлены на месцах акруговымі і абшчыннымі судамі[6].

4 атолы (Маджура, Вацье, Джалуіт, Эбее) маюць унутранае самакіраванне, ўрады і паліцыю.

Хаця Канстытуцыя Маршалавых Астравоў, не забараняе стварэнне палітычных партый, стала дзейсных партый няма. У 1984 гозе створана Аб’яднаная дэмакратычная партыя.

Уласных узброеных сіл няма. Грамадзяне Маршалавых Астравоў маюць права служыць ва ўзброеных сілах ЗША.

Эканоміка

Эканоміка Маршалавых Астравоў залежыць ад фінансавай дапамогі і кампенсацыйных выплат з боку ЗША за выпрабаванні ядзернай зброі і выкарыстанне ваеннай базы на атоле Кваджалейн, продажу ліцэнзій на рыбалоўства ў тэрытарыяльных водах Маршалавых астравоў.

Сельская гаспадарка накіравана на ўнутранае забеспячэнне. Большую частку сельскагаспадарчых прадуктаў Маршалавы Астравы імпартуюць звонку. Прамысловасць прадстаўлена дробнымі майстэрнямі, рамеснай вытворчасцю і будаўнічымі прадпрыемствамі. Дамінуе сфера абслугоўвання. Дзяржава імкнецца развіваць уласны рыбалоўны флот, рыбагадоўлю і турызм.

Афіцыйная валюта — долар ЗША.

Літаратура

Спасылкі

Зноскі

  1. Majuro hit by high waves, flash flooding
  2. Indigenous people of the Marshall Islands are in urgent need of drinking water
  3. Constitution of the Republic of the Marshall Islands Архівавана 22 лістапада 2010.
  4. U.S. Relations With Marshall Island
  5. Government Архівавана 15 жніўня 2011.
  6. Marshall Islands - Judicial system
Тэмы гэтай старонкі (8):
Астраўныя дзяржавы
Астраўныя групы Аўстраліі і Акіяніі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Маршалавы Астравы
Англамоўныя краіны і тэрыторыі
Унітарныя дзяржавы
Дзяржавы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі