wd wp Пошук:

Маа Цзэдун

Маа Цзэдун (26 снежня 1893 — 9 верасня 1976) — кітайскі дзяржаўны дзеяч, старшыня Камуністычнай партыі Кітая (19431976) і КНР (19541959). Адзін з найбольш вядомых дыктатараў XX стагоддзя.

Падчас грамадзянскай вайны і барацьбы з Японіяй у 1930-я апынуўся на чале падпарадкаваных камуністам раёнаў Кітая. Быў ідэолагам партызанскай барацьбы. Падчас перамір’я КПК і Гаміньдана для барацьбы супраць Японіі рыхтаваўся да вайны з Гаміньданам. Пасля перамогі ў грамадзянскай вайне, 1 кастрычніка 1949 была абвешчана Кітайская Народная Рэспубліка. Доўгі час супрацоўнічаў з СССР, аднак хутка пасля асуджэння культу асобы Сталіна адышоў ад супрацоўніцтва з ім і абвінавачваў СССР у здрадзе марксісцкім прынцыпам.

Ва ўнутранай палітыцы Маа Цзэдун быў ініцыятарам «вялікага скачка наперад» і «культурнай рэвалюцыі», якія не дасягнулі сваіх мэт і значна пагоршылі становішча кітайцаў.

Імя

Імя Маа Цзэдуна складаецца з двух частак — Цзэ і Дун. Слова Цзэ мае падвойнае значэнне: першае — «вільгаць і ўвільгатненне», другое — «ласка, дабро, дабрадзейства». Другі іерогліф — «Дун» азначае «ўсход». Імя цалкам можна пераклаьсці «дабрадзейнасць Усходу». Адначасова дзіцяці па традыцыі далі і неафіцыйнае імя. Яно павінна было выкарыстоўвацца ў асаблівых выпадках як паважлівае «Юнчжы». «Юн» азначае «ўхваляць», а «Чжы» — ці, дакладней, «чжылянь» — «архідэя». Такім чынам другое імя азначала «ўхвалоная архідэя».

Біяграфія

Раннія гады

Дом Маа Цзэдуна. Цяпер музей

Маа Цзэдун нарадзіўся 26 снежня 1893 года ў пасёлку Шаашань правінцыі Хунань, непадалёк ад сталіцы правінцыі, гораду Чанша. Бацька Цзэдуна, Маа Ічан, належыў да дробных землеўладальнікаў, і сям’я яго была досыць забяспечанай. Строгі нораў бацькі-канфуцыянца абумовіў канфлікты з сынам і адначасова прыхільнасць хлопчыка да мяккай па характары маці-будысткі, Вэнь Цымэй. Прытрымліваючыся прыкладу маці, маленькі Маа стаў будыстам.

У юнацтве Маа атрымаў класічную пачатковую кітайскую адукацыю ў мясцовай школе, якая ўключала ў сябе знаёмства з вучэннем Канфуцыя і вывучэнне старажытнакітайскай літаратуры. «Я ведаў класіку, але не любіў яе», — прызнаваўся пазней Маа Цзэдун у інтэрвію Эдгару Сноў. Страсць да чытання і нелюбоў да класічных філасофскіх трактатаў у юнака захавалася і пасля таго, як у 13 гадоў ён кінуў школу і вярнуўся ў бацькоўскі дом. Прычынай таму быў строгі нораў настаўніка, які ўжываў суровыя метады выхавання і часцяком біў вучняў. Маа Ічан натхнёна сустрэў вяртанне сына, спадзяючыся што той стане яму апорай у хатніх справах і вядзенні гаспадаркі. Аднак яго чаканні не спраўдзіліся: Маа супрацівіўся любой фізічнай працы і ўвесь вольны час праводзіў за чытаннем кніг.

У канцы 1907 — пачатку 1908 года ў сям’і Маа адбыўся чарговы канфлікт паміж бацькам і сынам. На гэты раз яго прычынай быў шлюб, які Маа Ічан зладзіў для свайго сына. У нявесты Цзэдуну была абрана траюрадная сястра Маа — Ло Ігу. Па словах Маа Цзэдуна, жонку ён не прыняў і жыць з ёй адмовіўся. Неўзабаве пасля вяселля Маа збег з дому і каля паўгода пражыў у гасцях у аднаго знаёмага беспрацоўнага студэнта, там жа ў Шаошані. Ён працягваў захоплена чытаць: на гэты час прыходзіцца яго знаёмства з класічнай кітайскай гістарыяграфіяй — «Гістарычнымі цыдулкамі» Сыма Цяні і «Гісторыяй дынастыі Хань» Бань Гу.

Пры ўсёй напружанасці адносін з бацькам, калі восенню 1910 года Цзэдун запатрабаваў ад бацькі грошай на працяг адукацыі, Маа Ічан не змог адмовіць і забяспечыў сыну навучанне ў Дуншанскай пачатковай школе вышэйшай прыступкі. У школе Маа быў сустрэты варожа: астатніх вучняў раздражняла яго знешнасць (ён меў нетыповы для паўднёўца рост 177 см), паходжанне (большасць вучняў былі сынамі буйных землеўладальнікаў) і мова (Маа да канца жыцця казаў на мясцовым сянтанскім дыялекце). Урэшце, гэта не адмяняла ўпартасці і стараннасці, з якімі новы вучань падышоў да заняткаў. Маа мог пісаць добрыя сачыненні ў класічнай манеры, быў руплівым і, як звычайна, шмат чытаў. Тут ён упершыню пазнаёміўся з геаграфіяй і стаў чытаць працы па замежнай гісторыі. Ён упершыню даведаўся аб такіх вядомых гістарычных дзеячаў як Напалеон, Кацярына II, Пётр I, Уэлінгтан, Гладстан, Русо, Мантэск’ё і Лінкальн. Галоўнымі жа кнігамі для яго ў той час сталі выданні, якія распавядаюць аб кітайскіх рэфарматарах Лян Цычаа і Кан Ювеі. Іхныя ідэі канстытуцыйнага манархізму зрабілі велізарны ўплыў на школьніка Маа, які цалкам прыняў погляды лідараў рэфарматарскага руху.

Сінхайская рэвалюцыя застала маладога Маа ў Чанша, куды той ва ўзросце васямнаццаці гадоў перабраўся з Дуншаню. Юнак стаў сведкам кровапралітнай барацьбы розных груповак, а таксама салдацкіх паўстанняў, і на кароткі час сам прымыкае да войска губернатара правінцыі. Праз паўгода ён пакінуў войска, каб працягнуць навучанне, на гэты раз у Першай правінцыйнай сярэдняй школе ў Чанша. Але і тут ён не затрымаўся надоўга. Маа прысвяціў сябе самаадукацыі і паўгода займаўся ў Хунанскай правінцыйнай бібліятэцы, асноўную ўвагу надаючы геаграфіі, гісторыі і філасофіі Захаду. Аднак незадаволены бесклапотным жыццём свайго сына Маа Ічан спыніў высылаць грошы, пакуль Маа не здабудзе годны занятак. Сам жа юнак зарабляць на жыццё адмаўляўся і ў выніку вясной 1913 года быў вымушаны запісацца ў студэнты толькі што адчыненага Чацвёртага правінцыйнага педагагічнага вучылішча гораду Чанша, пазней аб’яднанае з Першым правінцыйным педагагічным вучылішчам.

У 1917 годзе з’яўляецца яго першы артыкул у часопісе «Новая Моладзь», у вучылішчы Маа сфарміраваў гурток рэвалюцыйна настроенай моладзі. Годам пазней ён, прытрымліваючыся свайго настаўніка Яну Чанцьзі, перабіраецца ў Пекін, дзе ў бібліятэцы Пекінскага ўніверсітэта працуе асістэнтам Лі Дачжаа, які стаў пазней адным з заснавальнікаў Камуністычнай Партыі Кітаю. У Пекіне Маа ў ліку іншых кітайскіх студэнтаў прадставілася магчымасць адправіцца на навучанне ў Францыю, але гэтым шанцам юнак так і не скарыстаўся: прычынай таму сталі нелюбоў да фізічнай працы і няздольнасць да вывучэння замежных моў.

У Пекіне на фарміраванне палітычных поглядаў маладога Маа вялікі ўплыў зрабіла знаёмства з Лі Дачжаа і Чэнь Дусю, а таксама знаёмства з ідэямі анархізму, у прыватнасці творы Пётр Крапоткіна. Пасля завяршэння курсаў падрыхтоўкі да навучання ў Францыі Маа канчаткова прыйшоў да высновы, што застанецца ў Кітаі і будзе ўладкоўваць сваю кар’еру тут.

Пачатак палітычнай дзейнасці

Пакінуўшы Пекін у сакавіку 1919 года, юнак Маа падарожнічаў па краіне, займаўся паглыбленым вывучэннем прац заходніх філосафаў і рэвалюцыянераў, жыва цікавіўся падзеямі ў Расіі і прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі рэвалюцыйнай моладзі Хунані. Узімку 1920 года ён наведаў Пекін у складзе дэлегацыі ад Нацыянальнага Сходу правінцыі Хунань, якая патрабавала зняцця карумпаванага і жорсткага губернатара Чжан Цьзіньяо[10]. Дэлегацыя не дамаглася калі-небудзь значных поспехаў, аднак у хуткім часе Чжан пацярпеў паражэнне ад прадстаўніка іншай мілітарыскай клікі, У Пэйфу, і быў вымушаны пакінуць Хунань.

Што тычыцца Маа, то ён пакінуў Пекін 11 красавіка 1920 года, а 5 мая таго ж года прыбыў у Шанхай, маючы намер працягнуць барацьбу за вызваленне Хунань з-пад улады тырана, а таксама за скасаванне ваеннага губернатарства. Насуперак яго ўласным, больш познім заявам, паводле якіх да лета 1920 годзе ён перайшоў на камуністычныя пазіцыі, гістарычныя матэрыялы сведчаць аб іншым: падзеі ў Расіі, зносіны з прыхільнікамі камунізму, Лі Дачжаа і Чэнь Дусю, мелі на Маа вялікі ўплыў, аднак у той час ён усё яшчэ не мог да канца разабрацца ў ідэалагічных плынях і канчаткова выбраць для сябе адзіны напрамак[11]. Канчатковае станаўленне Маа як камуніста адбылася восенню 1920 года. Да таго часу ён цалкам пераканаўся ў палітычнай інертнасці сваіх суайчыннікаў і прыйшоў да высновы, што толькі рэвалюцыя расійскага ўзору здольная карэнным чынам змяніць сітуацыю ў краіне. Устаўшы на бок бальшавікоў, Маа працягнуў падпольную дзейнасць, зараз накіраваную на распаўсюджанне марксізму ленінскага толку. У сярэдзіне лістапада 1920 года ён прыступіў да стварэння падпольных аддзелаў у Чанша: спачатку ім быў створаны аддзел Сацыялістычнага саюза моладзі, а крыху пазней, па радзе Чэнь Дусю, і камуністычны гурток па тыпу ўжо існаваўшага ў Шанхаі[12].

У ліпені 1921 года Маа прыняў удзел ва ўстаноўчым з’ездзе, на якім была заснавана Камуністычная Партыя Кітая. Праз два месяцы, па вяртанні ў Чанша, ён стаў сакратаром хунанскага аддзялення КПК. У той жа час Маа пашлюбаваўся з Ян Кайхуэй, дачкой Яна Чанцьзі. На працягу наступных пяці гадоў у іх нарадзіліся тры сыны — Аньін, Аньцын і Аньлун.

З прычыны крайняй неэфектыўнасці арганізацыі рабочых і вярбоўкі новых членаў партыі ў ліпені 1922 года Маа адхілілі ад удзелу ў II з’ездзе КПК[13].

Па патрабаванні Камінтэрну КПК была вымушана ўступіць у саюз з Гаміньданам. Маа Цзэдун да таго часу цалкам пераканаўся ў нястаннасці рэвалюцыйнага руху Кітая і на III з’ездзе КПК падтрымаў гэту ідэю. Падтрымаўшы лінію Камінтэрна, Маа высунуўся ў першыя шэрагі кіраўнікоў КПК: на тым жа з’ездзе ён быў уведзены ў склад Цэнтральнага выканаўчага камітэта партыі з дзевяці членаў і пяці кандыдатаў. Акрамя таго, ён увайшоў у вузкае Цэнтральнае бюро з пяці чалавек. І самае важнае — быў абраны сакратаром і загадчыкам арганізацыйнага аддзела ЦВК.

Вярнуўшыся ў Хунань, Маа актыўна ўзяўся за стварэнне мясцовага аддзела Гаміньдана. Як дэлегат ад хунанской арганізацыі Гаміньдана ён прымаў удзел у I з’ездзе Гаміньдана, які прайшоў у студзені 1924 года ў Кантоне. У канцы 1924 года Маа пакінуў бурлівы палітычнай жыццём Шанхай і вярнуўся ў родную вёску. Да таго часу ён быў моцна знясілены фізічна і маральна. На думку гісторыка Панцова, яго стомленасць была выклікана паралізаванай працай шанхайскага аддзялення Гаміньдана, якое практычна спыніла працу з-за рознагалоссяў паміж камуністамі і гаміньданаўцамі, а таксама з-за спынення фінансавання, якое паступала з Кантону. Маа падаў у адстаўку з пасады сакратара аргсекцыі і папрасіў водпуск у сувязі з хваробай[14]. Па версіі гісторыкаў Юн Чжан і Галідэя, Маа зрушылі з пасады, вывелі з Цэнтральнага камітэта і не запрасілі на наступны з’езд КПК, які быў запланаваны на студзень 1925 года[15]. Як бы там ні было, Маа сапраўды пакінуў свой пост за некалькі тыдняў да правядзення IV з’езда КПК і 6 лютага 1925 года прыбыў у Шаошань.

Грамадзянская вайна

Савецкая Рэспубліка ў Цзянсі

Маа ў 1927 годзе

У красавіку 1927 года Чан Кайшы, заняўшы з дапамогай камуністаў Шанхай, пачаў праводзіць у горадзе палітыку бязлітаснага тэрору супраць учорашніх саюзнікаў. Тысячы членаў КПК былі арыштаваны альбо забітыя. У гэты час Маа Цзэдун арганізаваў у наваколлях Чанша сялянскае паўстанне «Восеньскага ўраджаю». Паўстанне было задушана лакальнымі ўладамі з вялікай жорсткасцю, Маа быў вымушаны збегчы з рэшткамі свайго войска ў горы Цзінганшань на мяжы Хунань і Цзянсі. Неўзабаве атакі Гаміньдану прымушаюць групы Маа, а таксама разбітых падчас Нанчанскага паўстання Чжу Дэ, Чжоў Эньлая і іншых ваенных лідараў КПК, пакінуць гэту тэрыторыю. У 1928 годзе, пасля доўгіх перасяленняў, камуністы трывала ўгрунтаваліся на захадзе правінцыі Цзянсі. Там Маа стварыў досыць моцную савецкую рэспубліку. Пасля ён правёў шэраг аграрных і сацыяльных рэформ — у прыватнасці, канфіскацыю і пераразмеркаванне зямлі, лібералізацыю правоў жанчын.

Між тым, Кампартыя Кітая перажывала цяжкую крызу. Колькасць яе членаў скарацілася да 10 тысяч, з іх толькі 3 % ставіліся да працоўнага класа. Новы лідар партыі Лі Лісань, з прычыны некалькіх сур’ёзных паразаў на ваенным і ідэалагічным фронце, а таксама рознагалоссяў са Сталіным, быў выключаны з ЦК. На гэтым фоне пазіцыя Маа, які рабіў упор на сялянства і дзейнічаў у гэтым кірунку адносна паспяхова, узмацнілася ў партыі, нягледзячы на ​​частыя канфлікты з партыйнай верхавінай. Са сваімі супернікамі на лакальным узроўні ў Цзянсі Маа расправіўся ў 19301931 гадах з дапамогай рэпрэсій, падчас якіх многія мясцовыя кіраўнікі былі забіты альбо кінуты ў турмы як агенты выдуманага таварыства «АБ-Туан». Справа «АБ-Туан» стала, па сутнасці, першай «чысткай» у гісторыі КПК[16].

У той жа час Маа перажываў асабістую страту: агентам Гаміньдана ўдалося схапіць яго жонку, Ян Кайхуэй. Яна была пакарана ў 1930 годзе, а некалькі пазней малодшы сын Маа Аньлун памёр ад дызентэрыі. Другі яго сын ад Кайхуэй, Маа Аньін, загінуў у ходзе Карэйскай вайны.

Увосень 1931 года на тэрыторыі 10 савецкіх раёнаў Цэнтральнага Кітая, кантраляваных Кітайскай Чырвонай арміяй і блізкімі да яе партызанамі, была створана Кітайская Савецкая Рэспубліка. На чале Часовага цэнтральнага савецкага ўрада (Савета народных камісараў) ўстаў Маа Цзэдун.

Доўгі паход

Асноўны артыкул: Доўгі паход кітайскіх камуністаў Да 1934 года сілы Чан Кайшы атачалі камуністычныя раёны ў Цзянсі і пачалі рыхтавацца да масіраванага нападу. Кіраўніцтва КПК прыняло рашэнне аб сыходзе з дадзенага раёна. Аперацыя па прарыву чатырох шэрагаў гамінданаўскіх умацаванняў рыхтавалася і праводзілася Чжоў Энлаем — Маа ў дадзены момант зноў быў у няміласці. Галоўныя пазіцыі пасля адхілення Лі Лісаня займалі «28 бальшавікоў» — групоўка блізкія да Камінтэрна і Сталіна маладых функцыянераў на чале з Ван Мінам, якія праходзілі навучанне ў Маскве. З вялікімі стратамі камуністам атрымалася прарвацца праз заслоны нацыяналістаў і сысці ў горныя раёны Гуйчжоу. Падчас кароткага перапынку ў мястэчку Цзуньі прайшла легендарная партыйная канферэнцыя, на якой партыяй былі афіцыйна прынятыя некаторыя тэзісы, якія былі прадстаўлены Маа; сам ён стаў сталым членам палітбюро, а групоўка «28-мі бальшавікоў» падвергнулася адчувальнай крытыцы[17]. Партыя прыняла рашэнне ўхіліцца ад адкрытага сутыкнення з Чан Кайшы шляхам кідка на поўнач, праз цяжкапраходныя горныя раёны.

Яньанскі перыяд

Распіска Маа ў атрыманні 300 тыс. амерыканскіх долараў

Праз год пасля пачатку Доўгага маршу, у кастрычніку 1935 года Кітайская Чырвоная Армія дасягнула камуністычнага раёна ШэньсіГаньсуНінся ў тым ліку буйнога горада Яньань, які было вырашана зрабіць новым фарпостам Камуністычнай Партыі. У ходзе Доўгага маршу падчас ваенных дзеянняў, з-за эпідэміі, няшчасных выпадкаў у горах і балотах, а таксама з-за дэзертырства камуністы страцілі больш за 90 % з таго складу, які пакінуў Цзянсі. Тым не менш, ім атрымалася хутка аднавіць свае сілы. Да таго часу галоўнай мэтай партыі пачала лічыцца барацьба супраць узмацнёнай Японіяй, якая замацавалася ў Манчжурыі і правінцыі Шаньдун. Пасля таго, як у ліпені 1937 года ўспыхнулі адкрытыя ваенныя дзеянні, камуністы, паводле загаду з Масквы, пайшлі на стварэнне адзінага патрыятычнага фронту з Гаміньданам.

У самым разгары антыяпонскай барацьбы Маа Цзэдун ініцыяваў рух пад назвай «выпраўленне нораваў» («чжэнфен») у 19421943 гадоў. Чыннікам таму стаў рэзкі рост партыі, які папаўняўся перабежчыкамі з войска Чан-Кайшы і сялянамі, не знаёмымі з партыйнай ідэалогіяй. Рух уключаў у сябе камуністычную індактрынацыю новых членаў партыі, актыўнае вывучэнне прац Маа, а таксама кампаніі па «самакрытыкі», якія асабліва закранулі галоўнага суперніка Маа — Ван Міна, у выніку чаго сярод камуністычнай інтэлігенцыі фактычна здушылася вальнадумства. Вынікам руху чжэнфен стала поўная канцэнтрацыя ўнутрыпартыйнай улады ў руках Маа Цзэдуна[18]. У 1943 годзе ён быў абраны старшынёй Палітбюро і Сакратарыята ЦК КПК, а ў 1945 годзе — старшынёй ЦК КПК. Гэты перыяд стаў першым этапам фарміравання культу асобы Маа.

Маа вывучаў класіку заходняй філасофіі, у асаблівасці, марксізм. На аснове марксізму-ленінізму, а таксама некаторых аспектаў традыцыйнай кітайскай філасофіі і, не ў апошнюю чаргу, уласнага вопыту і ідэй, Маа атрымалася з дапамогай асабістага сакратара Чэнь Бода стварыць і «тэарэтычна абгрунтаваць» новы кірунак марксізму — мааізм. Мааізм задумваўся як больш прагматычная форма марксізму, якая была бы больш прыстасаваная да кітайскіх рэаляў таго часу. Галоўнымі яго асаблівасцямі могуць быць пазначаны адназначная арыентыроўка на сялянства, а не пралетарыят, а таксама вялікаханскі нацыяналізм[19]. Уплыў традыцыйнай кітайскай філасофіі на марксізм у мааісцкім варыянце выявілася ў вульгарызацыі дыялектыкі.

Перамога КПК у Грамадзянскай Вайне

У вайне з Японіяй камуністы дзейнічаюць больш паспяхова Гаміньдана. З аднаго боку гэта тлумачылася адпрацаванай Маа тактыкай партызанскай вайны, якая дазваляла паспяхова апераваць у тыле ў праціўніка, з другога ж гэта прадыктавана тым, што асноўныя ўдары японскай ваеннай машыны прымае на сябе лепш узброеная армія Чан Кайшы, якая ўспрымалася японцамі як асноўны праціўнік. У канцы вайны нават робяцца спробы збліжэння з кітайскімі камуністамі з боку Амерыкі, якія расчараваліся ў Чан Кайшы, які адчуваў паражэнне за адным.

Зноскі

  1. Short P. Mao: A LifeGreat Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 19. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  2. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. Immanuel C.Y. Hsü The Rise of Modern China — 6 — USA: OUP, 2000. — P. 767. — 1136 p. — ISBN 978-0-19-512504-7
  4. Short P. Mao: A LifeGreat Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 625–626. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  5. Short P. Mao: A LifeGreat Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 23. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  6. 1 2 3 4 5 Short P. Mao: A LifeGreat Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 635. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  7. 1 2 Spence J. The Search for Modern China — 1 — USA: W. W. Norton & Company, 1991. — P. 531. — ISBN 978-0-393-30780-1
  8. 1 2 3 Short P. Mao: A LifeGreat Britain: Hodder & Stoughton, 1999. — P. 116. — 782 p. — ISBN 978-0-340-60624-7
  9. 1 2 Zhisui L. The Private Life of Chairman Mao (1996 edition) — 1996. — P. 56. — ISBN 978-0-09-964881-9
  10. Панцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.114
  11. Панцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.119
  12. Панцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.140
  13. Юн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Маа: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.45
  14. Панцов А. В. «Маа Цзэдун». — М.: Молодая гвардия, 2007. ISBN 978-5-235-02983-5 c.197—198
  15. Юн Чжан, Холлидей Дж. «Неизвестный Маа: The Unknown Story» — М.: ЗАО Центрполиграф, 2007. ISBN 978-5-9524-2896-6 c.49
  16. Шорт, Филип. Маа Цзэдун. АСТ, Москва, 2001, С.229-32
  17. Меликсетов, А. В., Писарев, А. А., …, История Китая. Издательство московского ўниверситета, Москва, 2004, с.519
  18. Selden, Marc. Yanan Legacy: The Mass Line, в: «Chinese Communist Politics in Action», Seattle, London 1970, pp. 101—109
  19. Holm, David. Art and Ideology in Revolutionary China. Oxford 1991, С.53,88; Mao, Zedong. Die Gesammelten Werke. p. 246

Літаратура

Спасылкі

Папярэднік:
Чэнь Дусю
Старшыня Камуністычнай Партыі Кітая
1945–1976
Пераемнік:
Хуа Гофэн
Папярэднік:
--
Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі
1949–1959
Пераемнік:
Лю Шаацы
Папярэднік:
--
Старшыня Цэнтральнай Ваеннай Камісіі КПК
1936–1976
Пераемнік:
Хуа Гофэн
Тэмы гэтай старонкі (22):
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Асобы на марках
Асобы
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Леніністы
Тэарэтыкі марксізму
Старшыні КНР
Удзельнікі япона-кітайскай вайны (1937—1945)
Вікіпедыя:Старонкі з модулем Hatnote з чырвонай спасылкай
Памерлі 9 верасня
Нарадзіліся ў 1893 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Вікіпедыя:Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Рэвалюцыянеры Кітая
Нарадзіліся 26 снежня
Вікіпедыя:Істотныя артыкулы
Памерлі ў 1976 годзе
Вікіпедыя:Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Члены Гаміньдана
Мааісты
Асобы на банкнотах
Памерлі ў Пекіне