wd wp Пошук:

Літоўскія паходы да 1270 года

1030-1040-я

У 1038 годзе мазавецкі князь Мецлаў у саюзе з памаранамі, ятвягамі і літоўцамі пачаў барацьбу з польскім князем Казімірам I. Казімір заключыў супраць Мецлава саюз з вял. кн. кіеўскім Яраславам. У 1038 годзе вял.кн. Яраслаў хадзіў супраць ятвягаў, у 1040 — супраць літоўцаў, у 1041 — на Мазовію, у 1044 — зноў супраць літоўцаў. У 1047 годзе русіны хадзіла на Мазовію і ў баі з імі Мецлаў загінуў. Напэўна, у гэтай вайне браў удзел і саюзнік вял.кн. Яраслава — полацкі князь Брачыслаў Ізяславіч, бо з таго часу літоўцы пачалі плаціць даніну ў Полацк[1]. Гл. таксама:[2][3][4][5].

1060-1080-я

Літоўцы здзейснілі далёкі паход на карэлаў.

1132

Вял. кн. кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч з сынамі, чарнігаўскімі князямі Ольгавічамі і гарадзенскім князем Усеваладкам хадзіў на Літву, выпаліў край і ўзяў вялікі палон, але на зваротным шляху, калі дружыны ішлі паасобку, літоўцы забілі шмат кіяўлян.

1162

Менскі князь Валадар разам з літоўцамі разбіў полацкага князя Рагвалода-Васіля, шмат палачан загінула і трапіла ў палон.

1167

Менскі князь Валадар разам з літоўцамі разбіў полацкага князя Усяслава Васількавіча, заняў Полацк і пайшоў да Віцебска, але літоўцы спалоханыя начной бурай (або набліжэннем смаленскіх войскаў) разышліся на лясах, што вымусіла Валадара вярнуцца ў Менск.

1180

Кіеўскія, чарнігаўскія князі з наўгародцамі, а таксама полацка-віцебскія князя з літоўцамі і лівамі хадзілі на Друцк.

1183

Зіма: літоўцы ваявалі ваколіцы Пскова, пскавічы біліся з імі і, напэўна, пацярпелі.

1185

Люты 1185 г.: літоўцы хадзілі на ліваў, разрабавалі край і вывелі шмат палону. Пасля гэтага біскуп Мейнард угаварыў ліваў дазволіць яму пабудаваць два каменныя замкі для абароны ад літоўцаў (гл. Ікскюль і Гольм).

1190

Зіма: оўруцкі князь Рурык сабраўся супраць літоўцаў, але да вясны затрымаўся ў Пінску, таму да Літвы не дайшоў (гл. падр. 1193 г.).

1191

Палачане і наўгародцы сустракаліся ў Вялікіх Луках і дамовіліся пра сумесны паход на літоўцаў або на чудзь налета. З невядомай прычыны, налета сумесны паход не адбыўся, наўгародцы асобна хадзілі на чудзь, а палачане адны супраць літоўцаў

1192

Полацкі князь Уладзімір хадзіў на Літву.

1193

Оўруцкі кн. Рурык зноў сабраўся супраць літоўцаў, але з дарогі мусіў павярнуць на поўдзень Русі.

1198

Вясна: У Вялікія Лукі на княжанне пасаджаны кн. Ізяслаў Яраславіч, каб арганізоўваць абарону Наўгародскай зямлі ад літоўцаў.

Восень: Палачане з літоўцамі хадзілі пад Вялікія Лукі, але лучане здолелі абараніць горад.

Рыфмаваная хроніка адзначае паход літоўцаў разам з русінамі з Кукейноса ў зямлю ліваў супраць біскупа Бертольда, войска біскупа было разбіта (загінула 300 «хрысціян»), але звесткі пра гэты паход лічацца сумніўнымі.

1200

Літоўцы хадзілі на воласць Ловаць, у вярхоўях аднаіменнай ракі, але былі разбіты пагоняй — забіта 80, палон вызвалены. У баі з літоўцамі загінула 15 наўгародцаў.

Ваяводам у Вялікія Лукі прызначаны Няздзіла Пхцыніч.

1201

Дагавор 1201 года — літоўцы заключылі мір з немцамі ў Рызе.[11]

Літоўцы пайшлі супраць земгалаў, полацкі кн. Уладзімір уварваўся ў Літву, што вымусіла літоўцаў вярнуцца.[11]

1203

Палачане хадзілі супраць немцаў у Лівонію і адступілі ад Гольма, але герцыкскі князь Усевалад з літоўцамі парабаваў ваколіцы Рыгі.[11]

1204

Зіма: Ольгавічы хадзілі на Літву, забіта 1700 літоўцаў.

1205

Паход літоўцаў на Лівонію, дружына біскупа разам з братамі-рыцарамі Ордэна мечаносцаў разбіла літоўскі атрад[12].

1207

26.12: літоўцы разбіты каля Ашэрадэна[13].

1209

Паводле ГВЛ, літоўцы і яцвягі здзейснілі вялікі паход на Валынь, моцна пацярпела Уладзімірскае княства.

1210

Паход літоўцаў на Наўгародскую зямлю, на зваротным шляху «…угони Литву Новгородцы в Ходыницех и избиша» (в. Ходыні паблізу Ловаці), пагоняй кіравалі браты Мсціславічы (Мсціслаў, Уладзімір, Давыд).

Паход літоўцаў на Рыгу.

1211

На ўладанні рыжскага біскупа (1212?)

На ўладанні рыжскага біскупа (зіма 1212/1213?)

1212

Літоўцы хадзілі ў Лівонію, разрабавалі ўладанні біскупскага васала Данііла фон Леневардэна, які не здолеў даць адпору і рабавалі ўладанні біскупа. Ордэнскае войска разбіла літоўцаў пры Леневардэне, знішчылі амаль увесь атрад, загінуў літоўскі князь.[14]

1213

Зіма 1212/1213: Літоўцы хадзілі ў Лівонію ва ўладанні Ордэна мечаносцаў, паход з цяжкасцю адбіты немцамі.[15]

На Пятроў пост літоўцы із’ездам захапілі Пскоў, напэўна, пасады, спалілі яго і бесперашкодна адышлі з палонам, бо пскавічы тым часам былі на возеры.

1214

Літоўцы хадзілі ў Лівонію, але немцы разбілі іх, загінуў літоўскі князь Стэксэ.

1216

Паводле Я. Длугаша, у яго падзея даецца пад 1206 годам, смаленскія князі Уладзімір Рурыкавіч, Раман Барысавіч і Канстанцін, Мсціслаў, Расціслаў Давыдавічы хадзілі супраць літоўцаў. Рускія крыніцы пра гэта не паведамляюць (гл. пра падзеі пасля смерці полацкага кн. Уладзіміра).

1217

На Шалонь, за літоўцамі гналіся, але дагнаць не здолелі.

1219

Канец 1218 — пачатак 1219: Літоўцы ў складзе нямецкага войска біліся з русінамі, які прыйшлі пад Вендэн[16]. Тым часам іншая частка літоўцаў разрабавала частку Пскова[17].

Дагавор 1219 г. — літоўцы папрасілі міру ў валынскіх князёў — канец літоўска-валынскай вайны.

1220

Літоўцы хадзілі на чарнігаўскія воласці, кн. Мсціслаў Святаславіч пагнаўся за імі з Чарнігава, разбіў і вызваліў палон.

1222

Літоўцы разам з русінамі хадзілі супраць немцаў пад Вендэн.

1223

На Таропец, за літоўцамі гналіся, але дагнаць не здолелі.

1224

Літоўцы хадзілі на Старую Русу, разбілі рушан, якія выйшлі супраць іх, узялі шмат коней.

1225

Зіма 1225/1226: Літоўцы (7000) хадзілі на Таржок і адхадзілі праз Таропец і Усвят, былі разбіты — забіта 2000. У гэтай бітве з літоўцамі загінуў таропецкі кн. Давыд Мсціславіч, брат Мсціслава Удатнага. Паводле Суздальскага летапісу, літоўцы небывалай да гэтага колькасцю ваявалі вакол Ноўгарада, Таропца, Смаленска, Полацка і паланілі шмат людзей, кн. Яраслаў Усеваладавіч выступіў з Пераяслаўля супраць літоўцаў, дагнаў і разбіў іх на возеры паблізу Усвята, паланіў літоўскіх князёў і вызваліў палон, пасля гэта настаў мір на доўгія гады.[18]

Паводле Я. Длугаша, ён дае падзею пад 1216 годам, князь Мсціслаў Давыдавіч са смаленцамі разбіў каля/у Полацку — «Dux Mstislaus Davidovicz cum Smolensium militia celeri cursu in Poloczko adveniens lithuanos incautos offendens, absque numero sternit et occidit»[20] — «Князь Мсціслаў Давыдавіч са смаленскім войскам хутка прыбыў у Полацк, разбіў няпільных літоўцаў і безліч іх забіў».

1229

Студзень: на Ноўгарад (Любна, Марэва, Селігер), літоўцы разбіты ноўгарадскай пагоняй, палон вызвалены.

1234

Літоўцы хадзілі на Старую Русу, спачатку захапілі горад, але рушане выбілі іх і біліся ў полі — у баі загінула 4 рушаніны. Літоўцы разрабавалі Спаскі манастыр, забілі 4 манахаў і адхадзілі праз Клін і Таропец. Каля Таропца іх нагнаў кн. Яраслаў з наўгародцамі, літоўцы былі разбіты і разбегліся, палон вызвалены, наўгародцы ўзялі 300 коней. У баі загінула 10 наўгародцаў.

1236

Пскавічы (200 вояў) разам з немцамі хадзілі на Літву, але пацярпелі ў бітве на Саўле, толькі 20 пскавічоў ацалела.

1239

(6747 сакавіцкі год) Яраслаў Усеваладавіч хадзіў супраць літоўцаў да Смаленска, разбіў іх і паланіў літоўскага князя, пасля гэтага пасадзіў на смаленскім стальцы Усевалада і з вялікім палонам вярнуўся ў Пераяслаўль.

Аляксандр Яраславіч пачаў будаўніцтва гарадкоў на Шалоні супраць літоўцаў.

Літоўцы хадзілі на Пскоў і зрабіўшы засаду 25.9 разбілі пагоню пскавічоў на Камені.

1240

Літоўцы ў складзе нямецкага войска хадзілі на ноўгарадскія воласці, узялі Лугу, захапілі шмат коней і быдла.

1245

Літоўцы хадзілі на Таржок і Бежыцы. За імі гналіся наваторжцы з кн. Яраславам Уладзіміравічам, але былі разбіты літоўцамі, страцілі коней, некаторыя трапілі ў палон. Потым за літоўцамі пагналіся Явід з цвяранамі і Кербет з дзмітраўцамі, а таксама зноў Яраслаў з наваторжцамі, нагнаў літоўцаў каля Тарапца і разбіў. Рэшта літоўцаў забегла ў сам Таропец, але наступным днём прыйшоў Аляксандр Яраславіч і выбіў літоўцаў з Таропца, загінула 8 літоўскіх князёў. Ад Таропца Аляксандр Яраславіч пагнаўся за іншай часткай літоўцаў, нагнаў іх каля Жыжаца і знішчыў усіх, у т.л. князёў. Адтуль Аляксандр пайшоў у Віцебск да сына, на зваротным шляху з малай дружынай разбіў яшчэ адзін атрад літоўцаў каля Усвята.

1247

Літоўцы хадзілі на Пскоў і 3 ліпеня разбілі пскавічоў на Кудзепі.

1248

Зіма: Літоўцы прайшлі праз Смаленскую зямлю і ўварваліся ў Маскоўскае княства, у бітве з імі на рацэ Протве загінуў маскоўскі князь Міхаіл Яраславіч, літоўцы, аднак, былі разбіты суздальскімі князямі пад Зубцовым.

1253

Літоўцы хадзілі на наўгародскія воласці і адхадзілі праз Таропец. Каля Таропца іх нагналі наўгародцы з кн. Васілём, літоўцы разбіты, палон вызвалены.

1254

Вялікі паход галіцкага кн. Данілы супраць літоўцаў — дагавор 1254 года — канец літоўска-валынскай вайны.

1258

Вясна/лета: Палачане з літоўцамі хадзілі на Смаленск і разарылі Вайшчыну[21].

Восень: Літоўцы хадзілі на Таржок, разбілі наваторжцаў, узялі пасад у Таржку, шмат гараджан забілі і паланілі.

Зіма: Татары ваявалі Літву.

1262

Паміж Літвой (Міндоўгам) і Ноўгарадам (Аляксандрам Яраславічам) заключаны мір і саюз супраць немцаў.

Полацкі князь Таўцівіл хадзіў з палачанамі і 500 літоўцамі ў дапамогу наўгародцам супраць немцаў.

Зноскі

  1. Баранаускас Т. Вытокі…
  2. Пашуто В. Т. Внешняя политика Древней Руси. — М., 1968. — С. 29—40;
  3. Bieniak J. Panstwo Miecława. Warszawa, 1965. S. 67;
  4. Urbanczyk S., Beniak J. Miecław // SSS: — T. III. S. 247;
  5. Руссоцкий С. Мазовецкая государственность в период феодальной раздробленности (XIII—XVI вв.) // Польша и Русь. С. 157.
  6. Янин В. Л., Зализняк А. А. Новгородские грамоты на бересте (из раскопок 1977—1983 гг.). Комментарии и словоуказатель к берестяным грамотам (из раскопок 1951—1983 гг.). М., 1986. С. 50.
  7. Гайдуков П. Г. Славенский конец средневекового Новгорода. Нутный раскоп. М., 1992. С. 81.
  8. Янин В. Л. Берестяная грамота № 590 // Историческая археология: Традиции и перспективы. — М. — 1998. — С. 387—388.
  9. 1 2 Баранаўскас Т. Вытокі…
  10. Пашуто В. Образование… С. 50.
  11. 1 2 3 Генрых ХЛ……
  12. HCL. IX, 2.
  13. HCL. XI, 5.
  14. HCL. XVII, 5.
  15. HCL. XVII, 6.
  16. НПЛ (ПСРЛ 1, III, 37)
  17. Генрых…
  18. ПСРЛ, т.1., в.2., стб. 447—448
  19. Пашуто В. Образование… С. 44.
  20. Długossi J. Historiae Poloniae. — Cracoviae, 1873, P. 181.
  21. Воскресенская летопись, ПСРЛ, т. 29, С. 313.
  22. 1 2 Пашуто В. Образование… С. 51.
  23. Александрова Д. Н., Володихина Д. М. Борьба за Полоцк между Литвой и Русью в XII—XVI веках…

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Гісторыя Літвы