wd wp Пошук:

Вікінт

Помнік князю Вікінту ў Тверымеце

Вікінт (літ.: Vykintas; памёр каля 1253) — жамойцкі князь, дзядзька (па маці) Таўцівіла і праціўнік вялікага князя літоўскага Міндоўга.

Біяграфія

Першая згадка пра князя Вікінта адносіцца да 1219 года (згодна з самім летапісам, 1215), калі ён разам з іншымі літоўскімі князямі ўдзельнічаў у падпісанні мірнай дамовы з Галіцка-Валынскім княствам[1]. У 1236 годзе адбылася Саўлеўская бітва, у якой Вікінт мог узначальваць жэмайцкае войска[2]. Ордэн Мечаносцаў пацярпеў поўнае паражэнне і вымушаны быў у хуткім часе ўліцца ў склад Тэўтонскага. У 1248 годзе Міндоўг паслаў Вікінта і сваіх пляменнікаў (па бацьку) Таўцівіла і Эрдзівіла (або Эдзівіда) у ваенны паход на Смаленск. Спачатку паход развіваўся ўдала, але ў 1249 годзе ў бітве каля Зубцова літоўскае войска пацярпела паражэнне. Даведаўшыся пра гэта, Міндоўг вырашыў адабраць у іх маёнткі князёў. Вікінт, Таўцівіл і Эрдзівіл былі вымушаныя бегчы да мужа сястры Таўцівіла князя галіцка-валынскага Даніла Раманавіча. У 1250 годзе супернікам Міндоўга ўдалося ўтварыць моцную кааліцыю, куды ўвайшлі войскі Лівонскага ордэну і Галіцка-Валынскага княства[3], адбыліся два паходы, адзін на Нальшу, а другі на Варуту, абаронай апошняй Міндоўг кіраваў сам[4].

Тым не менш, Міндоўгу ўдалося разладзіць кааліцыю, накіраваную супраць яго. Яму ўдалося вывесці з вайны Ордэн, прыняўшы хрышчэнне і аддаўшы зямлі паўночных балтыйскіх плямёнаў (куршы, земгалы і інш.) у рукі крыжакоў[5]. Ўжо ў 1252 годзе Міндоўг перайшоў у контрнаступленне і аблажыў сталіцу Вікінта, Тверымет, зрэшты, няўдала. Неўзабаве Міндоўгу ўдалося падпісаць мір і з Данілам Галіцкім, па якому сын апошняга, Шварн Данілавіч узяў у жонкі дачку Міндоўга.

Каля 1253 года Вікінт памёр, Таўцівіл быў вымушаны зноў бегчы да Даніла Галіцкага, кааліцыя распалася, а Міндоўг прыняў тытул караля Літвы.

Зноскі

  1. Галіцка-Валынскі летапіс па Іпацьеўскаму спісу
  2. Lietuvos valdovai (XIII—XVIII a.): enciklopedinis žinynas.
  3. Насевiч В. Л. Пакаленне першае: Міндоўг (1230-ыя — 1250-ыя гады) // Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. — Мн., 1993.
  4. Ипатьевская летопись // Полное собрание русских летописей. — Т. 2. — СПб., 1908. — С. 808
  5. Sužiedėlis S. Tautvilas // Encyclopedia Lituanica.
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1253 годзе
Катэгорыя·Князі літоўскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XIII стагоддзі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Асобы