wd wp Пошук:

Мейнард

Мейнард, або Мейнгард (лац.: Meynardus; ням.: Meinhard; 1130-я — 11.10 (або 12.4, або 14.8) 1196, Ікскюль, цяпер Ікшкілэ, Латвія) — каталіцкі місіянер, 1-ы біскуп лівонскі (1186—1188), потым ікслюльскі (1188—1196). Святы рымска-каталіцкай царквы (памяць 11.10).[2]

Паходзіў, імаверна, з міністрыялаў[ru] гамбургска-брэменскіх архібіскупаў.[2]

Канонік авгусцінскага кляштара[de] ў Зегеберге ў Гольштэйне (цяпер Бад-Зегеберг, Германія). У пачатку 1180-х гадоў Мейнард з групай нямецкіх купцоў з’явіўся ў зямлю ліваў у вусці Заходняй Дзвіны, не выключана, што бываў там і раней. Лівы тым часам былі даннікамі Полацкага княства, таму Мейнард узяў у полацкага князя Уладзіміра дазвол на месіянерскую дзейнасць і ў 1184 годзе пачаў прапаведваць хрысціянства, пабудаваў у Ікскюлі першую драўляную царкву. Пасля спусташальнага набегу літоўцаў у лютым 1185 года, запрасіў з Готланда муралёў для будаўніцтва ўмацаванняў. У 1185—1186 гадах у Ікскюлі і на востраве Гольм[lv] пабудавалі каменныя замкі, у Ікскюлі таксама замест драўлянай пабудавалі каменную царкву. У 1186 годзе гамбургска-брэменскі архібіскуп Гартвіг II[ru] рукапаклаў Мейнарда ў біскупа лівонскага. Напэўна, біскуп Мейнард вярнуўся да ліваў з групай святароў, якія склалі яго капітул. Імаверна, тым часам да Мейнарда далучыўся манах-цыстэрыянец Тэадэрых[ru], пазней адзін з заснавальнікаў Ордэна мечаносцаў (1202) і біскуп леальскі (з 1211), які стаў найбліжэйшым памочнікам біскупа.[2]

У верасні 1188 года Папа Клімент III зацвердзіў стварэнне новага біскупства, названага ікскюльскім (episcopatus Ixcolanensis) па месцы рэзідэнцыі Мейнарда. Адміністрацыйна новае біскупства было суфраганам Гамбургска-Брэменскай мітраполіі. Аднак у 1190 годзе архібіскуп Гартвіг II выгнаны месцічамі з Брэмена і ў 1192 годзе адхілены ад улады кафедральным капітулам, таму не мог дапамагчы Царкве ў зямлі ліваў. Без вонкавай падтрымкі становішча Мейнарда пагоршылася, пасля першых поспехаў ён быў блакаваны варожымі лівамі ў сваёй умацаванай рэзідэнцыі. Спробы пакінуць Іксклюль не ўдаліся. Толькі Тэадэрых здолеў каля 1192—1193 года таемна выбрацца з Лівоніі і дабрацца ў Рым да Папы па падтрымку. Напэўна, Мейнард прасіў вайсковай дапамогі Ісклюльскаму біскупству. Папа Цэлесцін III абмежаваўся выданнем булы ад 27.4.1193 года, якой пашырыў наданыя раней Папам Кліментам III Мейнарду правы набору духавенства ў Германіі для патрэб місіі. Так і не дачакаўшы дапамогі, біскуп Мейнард памёр.[2]

У 1225 годзе папскі легат Вільгельм Мадэнскі пабываў на магіле Мейнарда ў Ікскюлі. Пазней рэшткі біскупа перахавалі ў Рыжскім кафедральным саборы, пэўная дата перахавання не вядома. Па некаторых звестках, у т. л. па факце пераносу рэшткаў у сабор, у Рыжскім архібіскупстве Мейнарда шанавалі як мясцовага святога, але працэс яго фармальнай кананізацыі не быў ініцыяваны. У позніх лівонскіх хроніках 2-й паловы XVI — пачатку XVII ст. Мейнард згадваецца як святы. Падчас візіту Папы Яна Паўла II у Латвію, 8.9.1993 года Мейнард афіцыйна кананізаваны. У верасні 2010 года ў Ікшкілі адкрыты помнік біскупу.[2]

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118835793 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 15 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 3 4 5 ПЭ, 2016

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Памерлі ў 1196 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра рэлігійных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1130-я гады
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя ў Латвіі
Катэгорыя·Памерлі ў Латвіі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Шлезвіг-Гольштэйне