wd wp Пошук:

Рагвалод-Васіль Барысавіч

Рагвалод-Васіль (1110-я — 1171/1180) — князь полацкі (жнівень 1128 — сакавік 1129; 11441151; 11591162), князь друцкі (11581171/1180).

Біяграфія

Сын полацкага князя Барыса Усяславіча, напэўна, старэйшы брат Івана і Звяніславы.

На думку Э. Загарульскага, у 1128 годзе князь Барыс, напэўна, праз хваробу аказаўся недзеяздольным і стала пытанне пра ажыцяўленне княскай ўлады ў Полацку. На гэта прэтэндаваў наступны паводле старшынства Усяславіч—князь Давыд, але палачане былі супраць, хацелі каб пры Барысе намеснічаў яго сын Рагвалод Барысавіч. Магчыма, паміж Давыдам і палачанамі з Рагвалодам адбываўся канфлікт. Напэўна, гэта і было “няпраўдай” Давыда праз якую вял.кн. кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч арганізаваў вялікі паход у Полацкую зямлю, але пэўна яго мэты невядомы. Палачане «узялі» кн. Рагвалода і пайшлі з ім да вял.кн. Мсціслава, атрымаць санкцыю на намесніцтва пры бацьку, што Мсціслаў і дазволіў. На думку Э. Загарульскага, Рагвалод быў тады зусім малады, бо выступае не самастойна, а аб’ектам дзеянняў палачан.

Неўзабаве, на пачатку 1129 года, князь Барыс памёр і Давыд урэшце сеў на полацкім стальцы. Тым жа 1129 годам вял.кн. Мсціслаў збіраў паход супраць полаўцаў, заклікаў і полацкіх князёў, пагатоў новы полацкі князь Давыд даводзіўся яму сватам. Паводле В. М. Тацішчава, полацкія князі адмовіліся ў кплівых словах. Таксама, паводле В. Тацішчава, пакуль вял.кн. Мсціслаў ваяваў з полаўцамі, полацкія князі (магчыма Давыд і Рагвалод) ваявалі паміж сабою, а нейкія з іх і нападалі на ўладанні Мсціслававых родзічаў. Вярнуўшыся з паходу, Мсціслаў адправіў ваяводаў у Полацкую зямлю, яны захапілі многіх полацкіх князёў, у тым ліку Давыда і Рагвалода, і прывезлі іх у Кіеў. У 1130 годзе над Полацкімі Ізяславічамі адбыўся «суд рускіх князёў», паводле яго выраку разам з сем’ямі іх выслалі ў Візантыю.

Князь Рагвалод Барысавіч, напэўна, разам з братам Іванам, вярнуўся з Візантыі ў 1139 годзе, але на полацкім стальцы тым часам сядзеў яго стрыечны брат — кн. Васілька Святаславіч. Не гледзячы на старшынство, Рагвалод, мусіць, атрымаў нейкі невялікі ўдзел. Толькі пасля смерці кн. Васількі (пачатак 1144 года) Рагвалод стаў полацкім князем, а вясною 1144 года ажаніўся з дачкой вял.кн. кіеўскага Ізяслава Мсціславіча.

Княжыў да 1151 года, калі палачане схапілі яго і перадалі менскім князям, якія пасадзілі Рагвалода ў турму. На полацкім стальцы сеў кн. Расціслаў Глебавіч. Толькі ў 1158 годзе менскія князі пад пагрозай Юрыя Даўгарукага вызвалілі Рагвалода, з Менску ён паехаў у Слуцк. У Слуцку быў не доўга, т.б. ва ўладанні чарнігаўскіх князёў, адтуль дручане запрасілі яго на княжанне ў Друцк выгнаўшы кн. Глеба Расціславіча. Рагвалод пагадзіўся і паехаў у Друцк, а насустрач выехала 300 дручан на чоўнах. Выгнанне Глеба Расціславіча з Друцка выклікала вайну менскіх Глебавічаў з Рагвалодам — Глебавічы аблажылі Друцк, але штурмы былі беспаспяховыя, урэшце яны заключылі мір паводле якога пакідалі яму Друцк і дадавалі яшчэ нейкія воласці, а ён адмаўляўся для іх ад Полацка.

У 1159 годзе, змовіўшыся, палачане выгналі з Полацка кн. Расціслава Глебавіча і зноў паклікалі кн. Рагвалода Барысавіча прасіўшы прабачэння за колішнюю выдачу менскім князям. Гэта прычынілася новаму канфлікту з Глебавічамі, Рагвалод правёў супраць іх некалькі ваенных кампаній, але не вельмі паспяховых — у выніку апошняй (1162) быў разбіты кн. Валадаром Глебавічам. Параза была цяжкая, загінула шмат палачан, Рагвалод не рызыкнуў вяртацца ў Полацк і паехаў у Друцк. На полацкім стальцы пры падтрымцы смаленскіх князёў сеў кн. Усяслаў Васількавіч.

Апошні раз Рагвалод-Васіль успамінаецца ў надпісе на гэтак званым «Рагвалодавым камяні» пад 1171 годам, магчыма, жыў і да 1180 года, калі князем у Друцку названы ужо яго сын Глеб Рагвалодавіч.

Нашчадкі

Некаторыя выданні называюць яго сынам таксама Расціслава Рагвалодавіча невядомых гадоў нараджэння і жыцця.[1]

Зноскі

  1. История родов русского дворянства: В 2 кн. / авт.-сост. П. Н. Петров. — СПб., 1886. (Переизд.: — М.: Современник; Лексика, 1991. — ISBN 5-270-01515-3)

Літаратура

Папярэднік:
Давыд
Князь полацкі
11281129
Пераемнік:
Васілька I
Папярэднік:
Васілька I
Князь полацкі
11441151
Пераемнік:
Расціслаў
Папярэднік:
Глеб Расціславіч
Князь друцкі
11581171/1180
Пераемнік:
Глеб Рагвалодавіч
Папярэднік:
Расціслаў
Князь полацкі
11591162
Пераемнік:
Усяслаў III
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Ізяславічы Полацкія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Князі полацкія
Катэгорыя·Князі друцкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з ручной вікіфікацыяй дат у картцы