wd wp Пошук:

Усевалад Гарадзенскі

Усевалад Гарадзенскі, Усеваладка (кан. 1098/[1]1099 — 1141) — гарадзенскі ўдзельны князь, пачынальнік лініі гарадзенскіх князёў.

Упершыню згадваецца летапісам пад 1116 годам у сувязі са шлюбам з дачкою Уладзіміра Манамаха Агаф’яй. Наступны раз прыгаданы ў Іпацьеўскім летапісе пад 1127 годам, калі кіеўскі князь Мсціслаў Уладзіміравіч у кааліцыйным паходзе на Полацкую зямлю накіраваў «Вячьслава ис Турова, Андрѣя из Володимера, Всеволодка из Городна, Вячьслава Ярославича исъ Кльчьска… ити къ Ізяславлю», які яны захапілі і абрабавалі. Усевалад удзельнічаў таксама ў паходзе Мсціслава і Ольгавічаў супраць літвы ў 1132 годзе.

Паходжанне Усеваладкі дыскусійнае, бо ўпершыню Усеваладку па бацьку — Давыдавічам, называе позні Густынскі летапіс (XVII ст.), але, як паказаў яшчэ ў XIX ст. Р. Зотаў, летапісец пераблытаў Усеваладку з Усеваладам Давыдавічам[2]. У свой час В. М. Тацішчаў у працы «Гісторыя Расійская» “Гісторыя Расійская, В. М. Тацішчаў)”) незалежна ад Густынскага летапісу зрабіў падобныя памылкі — аднойчы назваў Усеваладку Давыдавічам, двойчы атаясаміў з Усеваладам Ольгавічам, і сцвярджаў, што Усеваладка ажаніўся з унучкай (sic!) Уладзіміра Манамаха. З працы Тацішчава памылка трапіла у «Расійскую гісторыю» М. М. Карамзіна і «Гісторыю Расіі з найстаражытнейшых часоў» С. М. Салаўёва, а адтуль у сучасную гістарыяграфію.[3]

Так была распаўсюджана думка, што Усеваладка быў сынам Давыда Ігаравіча князя дарагабужскага і ўладзіміра-валынскага (?—1112), праўнукам Яраслава Мудрага. Пасля смерці бацькі (1112) Усеваладка, быццам, трапіў пад апякунства старэйшага за сябе стрыечнага брата Мсціслава Усеваладавіча, сына Усевалада Ігаравіча. Пасля смерці Мсціслава (1116) лёсам Усеваладкі заняўся вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах, які ажаніў яго са сваёю дачкой Агаф’яй (кан. 1100 — ?) і даў у пасаг ускраінную Гарадзенскую воласць.[4]

У цяперашні час паходжанне Усеваладкі ад Давыда Ігаравіча ставіцца пад пытанне, бо незразумела чаму Усеваладка не атрымаў спадчыны свайго меркаванага бацькі — Дарагабужскага княства. Паводле старой версіі, удзелам Усеваладкі мог быць Горадзен на р. Гарыні, які знаходзіўся ў межах уладанняў Давыда Ігаравіча, але сучасныя археалагічныя даследаванні не выявілі там знаходак XII ст. і наогул значнага культурнага слою. Пагатоў, калі б Усеваладка быў сынам Давыда Ігаравіча, шлюб з Агаф’яй быў немагчымы, бо яны былі траюраднымі братам і сястрой, а шлюбы такой ступені сваяцтва на Русі былі пад кананічнай забаронай.[3]

На думку А. В. Назаранкі, бацькам Усеваладкі быў Яраслаў Яраполчыч князь берасцейскі, княства якога ўключала Дарагічын і Горадзен. У 1101 годзе Яраслаў Яраполчыч быў схоплены разам з дзецьмі сваім дзядзькам вялікім князем кіеўскім Святаполкам Ізяславічам, бо быццам хацеў завалодаць дзядзькавымі гарадамі Тураўскай зямлі, якія лічыў сваёй “отчынай”. Берасце разам з Туравам было перададзена Святаполкам Ізяславічам свайму сыну Яраславу. Яраслаў Яраполчыч памёр у няволі ў чэрвені 1102 года. Пасля смерці Святаполка Ізяславіча (1113) велікакняжацкі сталец заняў Уладзімір Манамах і Тураў з Берасцем перайшлі ў яго непасрэднае ўладанне. Уладзімір Манамах, на думку А. Назаранкі, вылучыў з Берасцейскай воласці Гарадзенскі ўдзел і перадаў яго Усеваладу, які да гэтага часу знаходзіўся ў Кіеве.[5]

А. Г. Плахонін, палемізуючы з Назаранкам, прызнаў, што ў Густынскім летапісе, працах Тацішчава, Карамзіна і Салаўёва Усеваладка названы Давыдавічам памылкова, і правёў падрабязны аналіз магчымага з’яўлення памылкі. Плахонін пагаджаецца, што Горадзен на р. Гарыні нельга лічыць за воласць Усеваладкі, таму прапануе іншае паселішча з падобнай назвай у межах уладанняў Давыда Ігаравіча. У прапанаваным паселішчы, аднак, яшчэ не праводзіліся археалагічныя даследаванні. Таксама Плахонін адзначыў, што на Русі вядома некалькі выключэнняў з кананічнай забароны на шлюбы паміж блізкімі родзічамі, але не патлумачыў, чаму рэлігійны Уладзімір Манамах пайшоў на такое выключэнне для шлюбу сваёй дачкі з удзельным князем. Плахонін прапанаваў некалькі магчымых альтэрнатыўных радаводаў Усеваладкі, але сам назваў іх неабгрунтаванымі і ўрэшце канстатаваў, што пытанне паходжання Усеваладкі ў сучаснай гістарыяграфіі адкрытае, пры гэтым прапанаваў лічыць Усеваладку сынам усё таго ж Давыда Ігаравіча і шукаць яго ўдзел на «Пагорыні».[6]

Усеваладка меў трох сыноў — Барыса (?—1151), Глеба (1120-я — пасля 1173), Мсціслава (? — пасля 1184); і двух дачок — адна замужам за Юрыем Тураўскім (1144), другая за Уладзімірам Чарнігаўскім (1144), пазней за палавецкім ханам Башкордам (1156).

Зноскі

  1. Гл. метады злічэння гадоў у юліянскім календары.
  2. Зотов Р. В. О черниговских князьях по Любецкому синоднику и Черниговском княжестве в татарское время. СПб., 1892. С.261.
  3. 1 2 Назаренко А. В. Городенское княжество и городенские князья в XII в. // Древнейшие государства Восточной Европы, 1998 г.: Памяти чл.-корр. РАН А. П. Новосельцева. М., 2000. ISBN 5-02-018133-1, С.172-178.
  4. Гостев А. П. О возникновении удельного городенского княжества и князьях городенских // Наш радавод ; Материалы I и II межреспубликанских научных конференций по историческому краеведению Белоруссии и генеалогии. Кн. 1. — Гродна, 1990. С. 107—109.
  5. Назаренко А. В. Цыт. артыкул. С. 179—189.
  6. Плахонин А. Г. «История Российская» В. Н. Татищева и исследование генеалогии Рюриковичей // Средневековая Русь. Вып.4 / Отв.редактор А. А. Горский. — М.: Издательство «Индрик», 2004. — 336 с.: ил. ISBN 5-85759-266-6, С. 299—330.
Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў 1141 годзе
Катэгорыя·Князі гарадзенскія