wd wp Пошук:

Льюіс Генры Морган

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Морган. Лью́іс Ге́нры Мо́рган (англ.: Lewis Henry Morgan; 21 лістапада 181817 снежня 1881) — амерыканскі антраполаг, адзін з пачынальнікаў эвалюцыйнага вучэння ў грамадскіх навуках, гісторык сям’і, грамадскі дзеяч.

Біяграфія

Нарадзіўся каля паселішча Аўрора ў графства Каюга, штат Нью-Ёрк, у сям’і нашчадкаў валійскіх перасяленцаў, якія прыбылі ў Новы Свет у 1640 г.

У 1840 г. скончыў Юніян Каледж, пасля чаго пераехаў у Рочэстэр, дзе працаваў адвакатам. Дзякуючы ўдалым інвестыцыям у горную прамысловасць і чыгунку стаў заможным. У 1851 г. ажаніўся з кузінай Мэры Элізабэт Сціл, ад якой меў трох дзяцей. У 1861 - 1868 гг. працаваў у заканадаўчай асамблее штата Нью-Ёрк. У 1868 - 1869 гг. прадстаўляў штат Нью-Ёрк у сенаце. Імкнуўся атрымаць пасаду ў Бюро па справах індзейцаў, але няўдала.

Публікаваўся з 1841 г. Яшчэ ў студэнцкія гады зацікавіўся культурай амерыканскіх індзейцаў. Уваходзіў у склад юнацкай арганізацыі Вялікі Ордэн Іракезаў. У 1846 г. быў прыняты ў племя сенека і стаў сапраўдным чальцом лігі іракезаў. У 1851 г. апублікаваў змястоўную навуковую працу “Ліга Хо-дэ-на-саў-ні або іракезаў”. Падчас назіранняў за сенека і аджыбвэ зацікавіўся сістэмай сваяцтва. Паколькі ў аджыбвэ яна нагадвала сістэмы, распаўсюджаныя ў Азіі, палічыў гэта доказам азіяцкага паходжання індзейцаў. Як грамадскі дзеяч, выступаў за карэктыроўку палітыкі асіміляцыі карэннага насельніцтва, якую праводзіў прэзідэнт Уліс Сімсан Грант.

Як даследчык, цікавіўся эвалюцыянізмам. Падчас вандроўкі ў Еўропу ў 1871 - 1872 гг. сустракаўся з Чарльзам Дарвінам і Джонам Лобакам. У 1877 г. апублікаваў сваю найбольш знакамітую працу “Старажытнае грамадства”. У ёй выклаў тэорыю ранняй сацыяльнай гісторыі чалавецтва, удасканаліў тэорыі паходжання сям’і і матрыярхата.

Памёр у Рочэстэры ў нядаўна заснаванай ім бібліятэцы. Значную частку спадчыны ахвяраваў мясцоваму ўніверсітэту.

Мадэль эвалюцыі грамадства

Асноўныя думкі пра развіццё ранняга грамадства выклаў у працы “Старажытнае грамадства” (1877 г.).

Падобна іншым эвалюцыяністам яго часу, лічыў, што кожнае грамадства праходзіць праз прынцыпова падобныя ступені развіцця, хаця і з рознымі тэмпамі. Назвы ступеняў развіцця запазычыў у Джона Лобака: дзікасць, варварства і цывілізацыя. Агульная схема ранняга развіцця грамадства Г. Л. Моргана выглядае наступным чынам:

Ступені развіцця Асаблівасці
III. Цывілізацыя Узнікненне пісьма
II. Варварства Вышэйшае Здабыча жалеза
Сярэдняе Раннія земляробства і жывёлагадоўля
Ніжэйшае Кераміка
I. Дзікасць Вышэйшая прыступка Лук і стрэлы
Сярэдняя прыступка Рыбалоўства, карыстанне агнём
Ніжэйшая прыступка Збіральніцтва

На стадыі дзікасці ў занятках людзей панавалі паляванне, рыбалоўства і збіральніцтва, адсутнічала прыватная ўласнасць, існавала роўнасць. На стадыі варварства з’яўляюцца земляробства і жывёлагадоўля, узнікаюць прыватная ўласнасць і сацыяльная іерархія. Трэцяя стадыя — цывілізацыя — характарызуецца ўзнікненнем дзяржавы, класавага грамадства, гарадоў, пісьменнасці і г. д.

Прагрэс сацыяльнага развіцця залежыць ад падвышэння інтэлектуальных здольнасцяў, уплыву вонкавага прыроднага і культурнага асяроддзя. Сацыяльнае развіццё адлюстроўвалася ў зменах сваяцкіх і сямейных адносінаў, што вызначалі маёмасныя і прававыя ўзаемаадносіны і паляпшэнне тэхнічнага ўзроўню.

У сваёй асноўнай працы «Старажытнае грамадства» Морган даказаў, што найбольш ранняй формай аб’яднання людзей быў мацярынскі род. Да гэтага панавала тэорыя, паводле якой асноўнай ячэйкай чалавечага грамадства была патрыярхальная сям’я, заснаваная на прыватнай уласнасці і ўладзе бацькі.

У адрознені ад папярэднікаў, супрацьпастаўляў род і сям’ю. Род меў універсальны характар, папярэднічаў сям’і як сацыяльнай адзінке грамадства. Сям’я ўзнікла пасля даўгатэрміновага перыяда праміскуітэту дзякуючы старанням жанчын і прайшла наступную эвалюцыю:

Першыя дзве формы сям’і засноўваліся на групавых шлюбах і фактычна з’яўляліся матрыярхальнымі. Жанчына працягвала адыгрываць важную ролю і ў парнай сям’і, пакольку ўладкоўвала шлюб сваіх сыноў. Пераход да парнай сям’і быў вызначальным для грамадства, бо адмова ад блізкіх сваяцкіх полавых сувязяў нібы гарантавала больш здаровых і разумных спадчыннікаў.

У якасці доказу шчыльнай сувязі формы сям’і з прагрэсам у працы “Вывучэнне жытла амерыканскіх абарыгенаў” (1881 г.) паказаў, як склад сям’і ўплывае на архітэктуру і ўнутраны грамадскі лад.

Тэорыя эвалюцыі ранняга грамадства Л. Г. Моргана аказала значнае ўздзеянне на погляды Фрыдрыха Энгельса і Зігмунда Фрэйда, а яго працы, прысвечаныя індзейцам, — на навуковую дзейнасць Джона Уэслі Паўэла.

Апублікаваныя працы

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Lewis H. Morgan // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Морган Льюис Генри // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. 1 2 geni.com — 2006. — 175000000 экз.
  5. NNDB — 2002.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1881 годзе
Катэгорыя·Іракезы
Катэгорыя·Памерлі ў Рочэстэры (Нью-Ёрк)
Катэгорыя·Нарадзіліся 21 лістапада
Катэгорыя·Члены Рэспубліканскай партыі ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1818 годзе
Катэгорыя·Члены Амерыканскай асацыяцыі садзейнічання развіццю навукі
Катэгорыя·Члены і члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук ЗША
Катэгорыя·Пахаваныя ў штаце Нью-Ёрк
Катэгорыя·Нарадзіліся ў штаце Нью-Ёрк
Катэгорыя·Даследчыкі дагістарычнай эпохі
Катэгорыя·Антраполагі ЗША
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Грамадскія дзеячы ЗША
Катэгорыя·Члены Амерыканскай акадэміі мастацтваў і навук
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі 17 снежня