wd wp Пошук:

Кіева-Магілянская акадэмія

Кіеўская акадэмія, ці Кіева-Магілянская акадэмія — першая вышэйшая навучальная ўстанова, асветніцкі і культурны цэнтр на Украіне.

Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб’яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П. Магілы). У 1701 калегіуму былі нададзены правы і тытул акадэміі.

Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 года 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філалагічную падрыхтоўку, вывучалі ўкраінскую, грэчаскую, лацінскую і польскую мовы, класічную грэчаскую і рымскую, сярэдневяковую літаратуру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены руская, французская, нямецкая, старажытнаяўрэйская мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання Кіеўскай акадэміі — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала мастацкая і музычная адукацыя.

Бібліятэка акадэміі ў 2-й палавіне 18 ст. мела 12 тысяч тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экзэмпляры).

Кіеўская акадэмія адыграла вялікую ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца беларускай праваслаўнай моладзі (навучальныя ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У Кіеўскай акадэміі атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І. Канановіч-Гарбацкі[ru], Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф. Пракаповіч, Г. Каніскі, С. Косаў і іншыя, у 1734 вучыўся М. Ламаносаў.

З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).

Гл. таксама

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (15):
Катэгорыя·Вышэйшыя навучальныя ўстановы Кіева
Катэгорыя·Вікіпедыя·Навучальныя ўстановы без геаграфічных каардынат
Катэгорыя·Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1632 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Універсітэты паводле алфавіта
Катэгорыя·Гістарычныя навучальныя ўстановы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Праваслаўе ў Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Адукацыя ў Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Зніклі ў 1817 годзе
Катэгорыя·Праваслаўныя навучальныя ўстановы
Катэгорыя·Гісторыя асветы ва Украіне