У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Бачароў.
Канстанцін Мікалаевіч Бачароў (укр.: Костянти́н Микола́йович Бочаро́в; больш вядомы, як Mélovin; нар. 11 красавіка 1997, Адэса, Украіна) — украінскі спявак, пераможца шостага сезона ўкраінскага вакальнага шоу «X-Фактар», фіналіст Нацыянальнага адбору Украіны на 62-гі песенны конкурс «Еўрабачанне».
Канстанцін нарадзіўся 11 красавіка 1997 года ў Адэсе ў сям’і Мікалая і Валянціны Бачаровых. З самага дзяцінства ён цікавіўся творчасцю, хоць і марыў быць цырульнікам, поварам або настаўнікам. У школе пастаянна рабіў пастаноўкі, арганізоўваў канцэрты, у якіх сам прымаў удзел[2]. Таксама вучыўся ў музычнай школе, якую пасля пакінуў[3].
Канстанцін тройчы прымаў удзел у адборах да ўкраінскага вакальнага шоў «Х-фактар», але ні разу не трапляў на тэлевізійныя кастынгі[4]. У шостым сезоне 2015 года ён, нарэшце, прайшоў да этапу праслухоўвання перад суддзямі, дзе пасля выканання песні «Без бою» групы «Акіян Эльзы» атрымаў пуцёўку ў трэніравальны лагер. Канстанцін з’явіўся ў прамых эфірах шоў і дайшоў да суперфіналу, у якім па выніках глядацкага галасавання стаў пераможцам[5]. Падчас удзелу ў «Х-фактар» (шосты сезон) выконваў песні Стаса Шурынса, Тома Оделла, Адэль, Джамалы, Валерыя Меладзэ, Юрка Юрчанка і гуртоў «Акіян Эльзы», «Muse», «Pianoбой», «MBAND», «The Rasmus» і «Скрабін». Пасля перамогі разам з іншымі ўдзельнікамі шоу Канстанцін паехаў у канцэртны тур па Украіне.
У канцы 2016 года Канстанцін вырашыў прыняць удзел у нацыянальным адборы на 62-й песенны конкурс «Еўрабачанне». 17 студзеня 2017 года ў спісе паўфіналістаў было абвешчана і яго імя[6]. Згодна з жараб’ёўкай 18 лютага 2017 года спявак выступіў у трэцім паўфінале, выканаў аўтарскую песню «Wonder». Па выніках галасавання гледачоў і журы, Канстанцін трапіў у фінал нацыянальнага адбору, дзе зноў атрымаў максімальны бал ад гледачоў. У выніку заняў трэцяе месца, саступіўшы спявачцы Tayanna і групе «O.Torvald».
Год | Назва | Рэжысёр |
---|---|---|
2016 | На взлёт | Аляксандр Танканог |