Камітэт заходніх губерняў — камітэт Расійскай імперыі, які займаўся праблемамі пераважна беларуска-літоўскіх гурбеняў. Існаваў з 1831 па 1848 гг.
Ва ўмовах нарастаючага бюракратызму і перагружанасці дробнымі справамі органы ўлады Расійскай імперыі ўжо былі не ў стане аператыўна вырашаць важнейшыя пытанні заканадаўчага і адміністрацыйнага характеру. Праекты накіроўваліся то ў адно, то ў іншае міністэрства, у якіх накопліваліся тысячы нявырашаных спраў. Яшчэ больш складаная сітуацыя была з разглядам праблем, якія ўзнікалі на ўскраінах імперыі, дзе існавала «асаблівая» сістэма кіравання з «асаблівым» адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам і «асаблівымі» пасадамі. Каб разабрацца ў сітуацыі, ураду прыходзілася выдаткоўваць шмат часу, далучаць да рашэння праблем як вышэйшых саноўнікаў, так і мясцовае кіраўніцтва. Таму ўзнікла ідэя падмяніць цяжкую і косную дзяржаўную машыну надзвычайнымі органамі — сакрэтнымі камітэтамі. Менавіта яны надавалі дзяржаўнаму апарату Расійскай імперыі неабходную ступень гнуткасці[1].
Канкрэтнае становішча таго ці іншага камітэта ў сістэме ўстаноў Расійскай імперыі вызначалася яго складам (па пасадах і па персанальных прызначэннях), арганізацыяй справаводства і характерам адносін кіраўніка гэтага камітэта з імператарам. Рэалізацыя новай ідэалогіі прадугледжвала уніфікацыю ладу жыцця нацыянальных ускраін імперыі з яе ўнутранымі губернямі. Для рэалізацыі гэтай палітыкі ў другой чвэрці XIX ст. ствараліся тэрытарыяльныя камітэты. Так былі створаны:
Яны былі закліканы ліквідаваць адасобленасць Сібіры, Беларусі, Літвы, Правабярэжнай Украіны, Польшчы, Каўказа ад унутраных губерняў Расійскай імперыі і садзейнічаць уніфікацыі іх адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання з цэнтральнымі губернямі. Кожны з пералічаных камітэтаў дзейнічаў у спецыфічныхдля свайго краю ўмовах, але мэты ў іх былі агульныя.
Існаванне камітэтаў па кіраванню асобнымі ўскраінамі — спецыфічная рыса функцыяніравання дзяржаўнага апарату Расійскай імперыі другой чвэрці XIX ст. Гэтыя камітэты, якія нярэдка выконвалі ролю своеасаблівых тэрытарыяльных урадаў, здзяйснялі ў адносінах падведамасных ім ускраін функцыі законадарадчых інстанцый і органаў нагляду. У асноўным яны ўяўлялі сабой нешматлікія, часта надзеленыя шырокімі паўнамоцтвамі аб’яднанні, якія складаліся з асабліва давераных Мікалаю І вышэйшых саноўнікаў. Боязь урада, штодзейнасць гэтых камітэтаў можа выклікаць у грамадстве якія-небудзь надзеі на перамены, абумовіла іх сакрэтнасць[2][3][4].
Як правіла, такія камітэты не мелі сваіх канцылярый, а іх справаводства вёў у спецыяльным журнале запрошаны чыноўнік. Пасля таго як імператар прачытваў і адабраў справаводчыя дакументы камітэта, іх змест у форме «высочайших повелений» паведамляўся ў Дзяржаўны савет, Камітэт міністраў, Сенат, адпаведныя міністэрствы[5]. У выніку ўказы, першапачаткова распрацаваныя ў камітэтах, выходзілі з грыфам таго ведамства, якое іх канчаткова зацвярджала, альбо за асабістым подпісам імператара. Безумоўна, тэрытарыяльныя і іншыя сакрэтныя камітэты звужалі кампетэнцыю вышэйшых органаў улады.
Найбольш вядомы крытык заходнерусізму А. Цвікевіч адзначаў, што Камітэту была пастаўлена канчатковая задача русіфікаваць заходнія губерні[6].