wd wp Пошук:

Давыд Ігаравіч

Давыд Ігаравіч (каля 1055 — 25 ліпеня 1113) — князь дарагабужскі (?—1080; 1085—1087; 1099—1113), тмутараканскі (1080—1082), уладзіміра-валынскі (1087—1099).

Біяграфія

Сын князя Ігара Яраславіча і Кунігунды, дачкі графа Ота II Арламюндскага.

У 1080 годзе князь Давыд незадаволены сваім Дарагабужскім удзелам, разам з Валадаром Расціславічам, захапіў Тмутараканскае княства выгнаўшы Рацібора — пасадніка Усевалада Яраславіча. Некалькі гадоў Давыд і Валадар княжылі ў Тмутаракані, дзе да іх далучыўся Валадараў брат — Васілька Расціславіч. У 1082 годзе са ссылкі на візантыйскі востраў Родас вярнуўся ранейшы тмутараканскі князь Алег Святаславіч, перабіў хазараў, якія забілі яго брата Рамана, і заняў сталец, а Давыда, Валадара і Васільку адпусціў. У 1084 годзе Давыд таксама з Валадаром і Васількам захапіў Уладзімір-Валынскі, але збеглі адтуль, калі з войскам падышоў Уладзімір Манамах. Тады Давыд пайшоў да вусця Дняпра, захапіў Алешша і рабаваў караваны візантыйскіх суднаў, якія ішлі з Кіева. Кіеўскі князь Усевалад Яраславіч, якому Давыд даводзіўся пляменнікам, паслаў войска, якое захапіла і прывяло Давыда ў Кіеў, дзе Усевалад Яраславіч даў пляменніку Дарагабуж на Гарыні — яго папярэднюю воласць, а пасля смерці Яраполка Ізяславіча даў Уладзімір-Валынскі.

У 1097 годзе Давыд удзельнічаў у з’езде ў Любечы, пасля разам з Святополкам Ізяславічам адправіўся ў Кіеў. Некаторыя баяры сталі намаўляць Давыду на Васільку Расціславіча. Давыд паверыў паклёпам, а потым упэўніў і недаверлівага Святаполка, што Васілька яму вораг. Святаполк і Давыд змовіліся і запрасілі Васільку на княжацкі двор у Кіеве. Там Васільку схапілі, скавалі падвойнымі ланцугамі і прыставілі вартавога на ноч. У наступную ноч слугі Давыда перавезлі Васільку ў Белгарад і там асляпілі, а потым адвезлі ў зняволенне ва Уладзімір-Валынскі.

Князі Уладзімір Манамах, Давыд і Алег Святаславічы, калі дазналіся пра злачынства, пайшлі супраць Святаполка, але памірыліся пасрэдніцтвам мітрапаліта і ўсіх кіяўлян. І паслалі сказаць Святаполку: «Гэтая звада праз Давыда. Ідзі зараз на яго і або захапі, або прагані яго». Святаполк пагадзіўся з прысудам князёў, але марудзіў з паходам.

Тым часам вясной 1098 года Давыд пайшоў заняць Васількаву воласць Церабоўль. Брат Васількі, Валадар Расціславіч, сустрэў Давыда каля Бужска. Давыд не хацеў уступаць з ім у бой і закрыўся ў Бужску, а Валадар паслаў сказаць яму: «Чаму, зрабіўшы зло, не павінішся ў тым? Успомні, колькі ты ўжо зла нарабіў!», – Давыд стаў вінаваціць ва ўсім Святаполка, гаворачы: «Хіба я гэта зрабіў? Хіба ў маім гэта было горадзе? Я сам баяўся., што мяне схопяць і паступяць са мной таксама; нехаця прыйшлося мне далучыцца да змовы і дзейнічаць заадно са Святаполкам». Валадар адказваў: «Бог сведка таму, а зараз адпусці брата майго, і я з табой паміруся». Давыд узрадаваўся і зараз жа выдаў Васільку Валадару, і быў заключаны мір – Васілька сеў у сваёй Церабоўлі, а Давыд вярнуўся ва Уладзімір-Валынскі.

Неўзабаве Валадар і Васілька пайшлі супраць Давыда, узялі із’ездам Усевалаж і спалілі яго, а жыхароў забілі. Затым пайшлі да Уладзіміра-Валынскага. Давыд закрыўся ў горадзе, а браты аблажылі яго паслалі да ўладзімірлян: «Мы прыйшлі не на горад ваш і не на вас, а на ворагаў сваіх: на Турака, на Лазара і на Васіля, бо гэта яны падгаварылі Давыда і схілілі яго да злачынства». Гараджане сабралі веча і сказалі Давыду: «Выдай мужоў гэтых, не будзем біцца за іх, а за цябе біцца можам. Калі не аддасі іх, то адчынім брамы, а ты сам аб сабе падбай». Давыд вымушаны быў выдаць сваіх радцаў Васіля і Лазара. Толькі Турака не мог выдаць, бо ён збег у Кіеў. Пасля гэтага Расціславічы заключылі новы мір з Давыдам, а на другі дзень павесілі Васіля і Лазара, а Васількавы отракі расстралялі іх целы.

У 1099 годзе Святаполк Ізяславіч, як абяцаў, пайшоў супраць Давыды, які дазнаўшыся пра прыбыццё Святаполка ў Берасце, адправіўся ў Польшчу па дапамогу да свайго цесця князя Уладзіслава Германа. Уладзіслаў абяцаў дапамагчы і узяў за абяцанне 50 грыўняў золата, але саюз са Святаполкам быў Уладзіславу выгадней. Давыд закрыўся ва Уладзіміры-Валынскім, а Святаполк стаяў пад горадам сем тыдняў. Давыд не здаваўся, чакаючы дапамогі ад палякаў, але ўрэшце стаў прасіць у Святаполка, каб выпусціў яго з горада. Святаполк пагадзіўся, яны пацалавалі адзін аднаму крыж (22 красавіка 1099) і Давыд выехаў у Чэрвень. Святаполк пасадзіў ва Уладзіміры-Валынскім свайго сына Мсціслава, а іншага сына – Яраслава, паслаў у Венгрыю да караля Каламана, каб ваяваць разам супраць Расціславічаў.

Агульная небяспека зноў аб’яднала Давыда з Расціславічамі, пакінуўшы сваёй жонку ў Валадара, ён адправіўся па падмогу да полаўцаў. Па дарозе сустрэў Баняка з ардой і разам яны раптам напаў на венграў. Венгры не вытрымалі націску, пабеглі ўздоўж Сана, а полаўцы гналіся два дні і шмат забілі. Яраслаў Святаполчыч збег у Польшчу, а Давыд захапіў Суцейск і Чэрвень, а потым раптам з’явіўся пад Уладзімірам-Валынскім. Гараджане паспяхова абараняліся ад полаўцаў, але неўзабаве Мсціслаў Святаполчыч загінуў у баі.

Святаполк адразу паслаў супраць Давыда ваяводу Пуцяту. Пуцята прыйшоў да Луцка і злучыўся са Святаславам Давыдавічам, разам яны пайшлі да Уладзіміра-Валынскага і 5 жніўня 1099 года раптам напалі на яго, калі самога Давыда не было ў горадзе, забівалі ўсіх, хто трапляўся. Гараджане выйшлі за сцены і таксама пачалі бой супраць ваяроў Давыда. Святаслаў і Пуцята пасадзілі ва Уладзіміры-Валынскім пасадніка Васіля “Васіль, пасаднік уладзіміра-валынскі)”) і вярнуліся кожны ў свой горад. Давыд зноў пабег у стэпы да Баняка, разам з ім і мноствам полаўцаў вярнуўся на Русь і аблажыў Святаслава ў Луцку. Святаслаў, бачыў, што не можа супрацьстаяць такому вялікаму войску, заключыў з Давыда мір і з’ехаў да бацькі ў Чарнігаў. Давыд заняў Луцк, адразу пайшоў на Уладзімір-Валынскі, пасадніка Васіля прагнаў, заняў горад і сеў у ім княжыць.

У жніўні 1100 годзе на з’езде ў Віцічаве сустрэліся Святаполк, Уладзімір, Давыд і Алег Святаславічы. Князі дамовіліся паміж сабою, што не даруюць Давыду Ігаравіча падступства. Праз 20 дзён князі зноў з’ехаліся ў Віцічаве, і прыйшоў да іх Давыд. Князі стаялі кожны са сваёй дружынай, а Давыд быў убаку, бо князі не дапусцілі яго да сабе. Затым, параіўшыся, князі паслалі да Давыда кожны сваіх баяраў, тыя казалі: «Вось, што гавораць табе браты: не жадаем даваць табе Уладзіміра, бо ты ўсадзіў нож у нас, чаго не было ў Рускай зямлі. Мы цябе не чапаем і ніякага зла табе не робім — ідзі ў Бужск і сядзі там, а Уладзімір аддасць Святаполк сыну свайму Яраславу». Давыд паехаў у Бужск да якога яму дадалі Астрог, Дубна, Чартарыйск і 400 грыўняў срэбра, а Святаполк дадаў яшчэ Дарагабуж — папярэднюю яго воласць. У 1111 годзе ўдзельнічаў у вялікім паходзе супраць полаўцаў за Дон. Пахаваны ў Кіеве, у царкве Св. Багародзіцы.

Сям’я

У шлюбе з дачкой польскага князя Уладзіслава I Германа.

Спадчыну па Давыдзе – Дарагабуж, Бужск, Астрог, Дубна і Чартарыйск, атрымаў уладзіміра-валынскі князь Яраслаў Святаполчыч.

Зноскі

  1. Pas L. v. Genealogics — 2003. — ed. size: 683713

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (11):
Катэгорыя·Памерлі ў 1112 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў 1113 годзе
Катэгорыя·Памерлі 25 мая
Катэгорыя·Памерлі 25 ліпеня
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Князі валынскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Князі дарагабужскія (на Гарыні)
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1055 годзе
Катэгорыя·Князі тмутараканскія