wd wp Пошук:

Астафій Багданавіч Валовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Валовіч. Астафій (Яўстафій) Багданавіч Валовіч (каля 1520, Гарадзенскі пав. — кан. 1587/пач. 1588) — вялікалітоўскі дзяржаўны і грамадскі дзеяч, мецэнат-асветнік. Займаў высокія дзяржаўныя пасады — ад вялікага пісара (1552), маршалка дворнага (1552), земскага падскарбія (1561—1566) да падканцлера (1566—1579), канцлера (1579—1587), кашталяна троцкага (1569—1579) і віленскага (1579—1587). Дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі, падстароста берасцейскі.

Паходзіў са шляхецкага роду Валовічаў. Атрымаў хатнюю адукацыю, магчыма, вучыўся ў адным з нямецкіх пратэстанцкіх універсітэтаў[3], ёсць звесткі, што А. Валовіч скончыў Падуанскі ўніверсітэт. У 1540-я служыў сакратаром віленскага ваяводы Я. Ю. Глябовіча. У 1540-я ажаніўся з Фядорай Паўлаўнай Сапяжанкай, з якою меў дачку Рэгіну. Пасада маршалка дворнага (1552) дала права ўвайсці ў склад паноў-рады.

Некалькі разоў ездзіў у пасольствах да Масквы, у т.л. у 1553 г. разам з полацкім намеснікам С. С. Давойнам і крамянецкім старостам, пісарам П. Сямашкам для заключэння мірнага пагаднення, калі адмовіўся назваць Івана IV «царом усяе Русі». Перамір’е было падпісанае 12.9.1553 г. тэрмінам да 25.3.1556 г., ва ўзнагароду А. Валовіч атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста магілёўскае староства.

У 1558 г. разам з ваяв. віленскім Мікалаем Радзівілам Чорным, А. Валовіч вёў перамовы з маскоўскім паслом Алфёравым, пра мір паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай, саюз супраць Крымскага ханства і Турцыі. Пасля пачатку Лівонскай вайны, калі ў 1560 г. паўстала пытанне пра шлюб Івана IV з адной з сясцёр Жыгімонта Аўгуста, А. Валовіч адзін з тых, хто выказаўся «за», праўда абумовіўшы шлюб «вечным мірам» і захаваннем Інфлянтаў за ВКЛ.

Побач з Мікалаем Радзівілам Чорным і Рыгорам Хадкевічам, А. Валовіч адзін з лідараў апазіцыі Люблінскай уніі. Разам з віленскім ваяводам і канцлерам Мікалаем Радзівілам Рудым, жамойцкім старостай Янам Хадкевічам, падскарбіем Мікалаем Нарушэвічам, прапанаваў г.зв. «Праект уніі» з 15 артыкулаў, які гарантаваў Княству адносную незалежнасць, аднак праект не быў прыняты. Разам з іншымі магнатамі — праціўнікамі аб’яднання ВКЛ з Каронаю — пакінуў Люблінскі сойм, паслаў на Падляшша і Валынь адозвы з заклікам змагацца супраць уніі.

Прымаў актыўны ўдзел у аграрных рэформах 1550-1560-х гадоў, за гэтыя службы ад Боны Сфорцы А. Валовіч атрымаў Усвяцкае і Езярышчанскае староствы. Разам з юрыстамі Аўгусцінам Ратундусам і Пятром Раізіям А. Валовіч рыхтаваў 2-е выданне Статута ВКЛ, які быў зацверджаны 1.3.1566 на Віленскім сойме. Паводле прапановы А. Валовіча ў Статут быў уключаны артыкул, паводле якога «загранічнікам» забаранялася набываць землі і займаць урады ў ВКЛ. Удзельнік Варшаўскай канфедэрацыі (1573).

Разам з Янам Геранімавічам Хадкевічам выступіў супраць кандыдатуры Стэфана Баторыя на каралеўскі сталец, быў прыхільнікам абрання аўстрыйскага эрцгерцага Эрнста, але пасля абрання С. Баторыя перайшоў на яго бок. Прымаў актыўны ўдзел у Лівонскай вайне, у т.л. у вызваленні Полацка (1579) і ўзяцці Вялікіх Лук (1580).

Паводле веравызнання кальвініст, разам з Мікалаем Радзівілам Чорным, Мікалаем Радзівілам Рудым, Янам Кішкам быў апекуном рэфармацыйнага руху ў ВКЛ. У канцы жыцця прыхільна ставіўся да антытрынітарызму. Падтрымліваў гуманістаў В. Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі і С. Буднага. На сродкі А. Валовіча ў 1559 г. быў перакладзены твор швейцарскага тэолага-кальвініста Генрыха Булінгера «Пра праўдзівае прыняцце цела і крыві Ісуса Хрыста», з Г. Булінгерам перапісваўся С. Будны. Сам С. Будны прысвяціў А. Валовічу кнігу «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясвіж, 1562).

Пахаваны у Сідранах, у мураваным склепе побач з рэфармацкім зборам.

Зноскі

  1. Eustachy Wołłowicz // NUKAT — 2002.
  2. Ostafi Wołłowicz // MAK
  3. Саверчанка І. Астафей Валовіч…

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (28):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Валовічы
Катэгорыя·Памерлі ў Сандомежы
Катэгорыя·Старосты азярышчанскія
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Старосты рэчыцкія
Катэгорыя·Род Валовічаў
Катэгорыя·Старосты магілёўскія
Катэгорыя·Падканцлеры літоўскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Старосты берасцейскія
Катэгорыя·Пісары вялікія літоўскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1520 годзе
Катэгорыя·Падскарбіі вялікія літоўскія
Катэгорыя·Кашталяны троцкія
Катэгорыя·Старосты кобрынскія
Катэгорыя·Кашталяны віленскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Памерлі ў 1587 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Канцлеры вялікія літоўскія
Катэгорыя·Падстаросты берасцейскія
Катэгорыя·Маршалкі надворныя літоўскія