wd wp Пошук:

Геранім Лявон Радзівіл

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Радзівіл. Герані́м Ляво́н Радзіві́л, таксама вядомы як Леў Людвігавіч Радзівіл (польск.: Leon Hieronim Radziwiłł; 10 сакавіка 1808, Варшава8 студзеня 1885, Парыж) — князь, ваенны дзеяч Расійскай імперыі. Генерал-ад’ютант (1855), генерал ад кавалерыі (1869). Дванаццаты клецкі ардынат[d].

Біяграфія

Прадстаўнік вялікалітоўскага шляхецкага роду Радзівілаў герба «Трубы». Нарадзіўся ў сям’і Людвіка Мікалая Радзівіла[d] (1773—1830) і яго жонкі Мар’яны Вадзінскай[d] (1778—1823). З’яўляўся ўнукам Міхала Гераніма Радзівіла, пляменнікам князя Антонія Генрыка Радзівіла, намесніка Вялікага княства Познанскага і Міхала Гедэона Радзівіла, аднаго з галоўных кіраўнікоў паўстання 1830—1831 гадоў.

Геранім Лявон Радзівіл атрымаў хатнюю адукацыю: яго выхоўваў французскі эмігрант-манархіст Жан дэ Нэў. Пачаў ваенную службу 7 мая 1825 года, калі цэсарэвіч Канстанцін Раманаў[d] адправіў яго юнкерам у Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк, дзе 25 чэрвеня 1826 года Радзівіл даслужыўся да звання карнета.

Удзельнічаў у задушэнні паўстання 1830—1831 гадоў, у тым ліку ў бітве пад Астраленкай[d], штурме Варшавы[d], у ліквідацыі партызанскіх атрадаў, створаных на тэрыторыі Беларусі. За дасягненні ў бітвах у 1831 годзе быў ганараваны званнем паручніка. Асабліва вызначыўся ў бітве пад Грохавам[d], неаднаразова атакаваўшы кавалерыю Юзафа Хлапіцкага[d] з эскадронам гусар. Таксама адзначыўся пры штурме Варшавы, за што атрымаў Ордэн Святога Уладзіміра 4 ступені[2].

Пасля смерці дзеда ў 1831 годзе афіцыйна стаў уладальнікам Клецкай ардынацыі. Пры дапамозе Міхаіла Мураўёва вярнуў сабе былыя радзівілаўскія маёнткі, якія праз заклад перайшлі да мясцовай шляхты[3]. У тым жа годзе, знаходзячыся ў сваім маёнтку ў Мінскай губерні, ён выявіў атрады разбойнікаў, якіх яму ўдалося знішчыць уласнымі сіламі.

25 чэрвеня 1832 года Геранім Радзівіл быў прызначаны флігель-ад’ютантам, а 6 снежня наступнага года атрымаў званне штабс-ротмістра і быў накіраваны ў Маскву, дзе служыў пры Мікалаі I. Карыстаўся асаблівым даверам расійскіх імператараў, часта суправаджаў іх у падарожжах і выконваў дыпламатычныя даручэнні. У 1838 годзе Геранім Радзівіл суправаджаў Мікалая I за мяжой і ў Варшаве атрымаў даручэнне разбіраць просьбы, пададзеныя на ягонае імя. У 1841—1842 гадах зноў знаходзіўся пры імператары ў час яго паездак па Расіі, а ў 1843 годзе ездзіў у Берлін па дыпламатычных пытаннях[4].

У 1844 годзе князь Радзівіл быў камандзіраваны ў Гесэн-Касель[d], дзе ад імя Мікалая I прысутнічаў на шлюбе эрцгерцага Фрыдрыха Вільгельма Гесэн-Касельскага[d] з князёўнай Аляксандрай Мікалаеўнай[d], а ў маі таго ж года камандзіраваўся ў Лондан з дыпламатычным даручэннем і за паспяховае яго выкананне быў узведзены ў палкоўнікі.

У часе задушэння Венгерскай рэвалюцыі[d] ў 1849 годзе знаходзіўся пры галоўнакамандуючым расійскай арміяй Іване Паскевічы ў Трансільваніі. Па вяртанні ў жніўні 1849 года накіраваўся ў Стамбул для вырашэння пытання аб выдачы расійскаму ўраду польскіх удзельнікаў Венгерскай рэвалюцыі, за што быў павышаны ў званні генерал-маёра.

У ходзе Крымскай вайны ў 1854 годзе камандаваў 2-й рэзервовай уланскай дывізіяй, пасля — Сацкім авангардам. 22 верасня 1855 года атрымаў званне генерал-лейтэнанта і быў прызначаны камандзірам уланскай дывізіі, а ў лістападзе таго ж года стаў генерал-ад’ютантам і ўзяў камандаванне 6-й лёгкай кавалерыйскай дывізіяй[2].

У 1869 годзе Гераніму Радзівілу быў нададзены чын генерала ад кавалерыі, сам ён быў залічаны ў Гродзенскі гусарскі лейб-гвардыі полк. Прадаўшы ў 1872–1875 гадах Клецкую і Давыд-Гарадоцкую ардынацыі разам з зямельнымі ўладаннямі Антонію Вільгельму Радзівілу ў абмен на пажыццёвую пенсію ў 40 000 рублёў у год, Геранім пражываў пераважна ў Парыжы, дзе і памёр 27 снежня 1884 года[5]. Пахаваны ў радавой спачывальні ў нясвіжскім фарным касцёле.

Сям’я

12 лютага 1833 года ажаніўся з фрэйлінай Соф’яй Урусавай[d], дачкой князя Аляксандра Урусава[d] і з таго часу карыстаўся літасцю імператара. Ад гэтага шлюбу не было нашчадкаў, а ў канцы 1850-х гадоў Геранім Радзівіл разышоўся з жонкай у атмасферы скандалу[5].

У 1853 годзе ў Радзівіла нарадзілася пазашлюбная дачка Леантэна ад рамана з італьянскай балерынай Карлотай Грызі[d].

Узнагароды

Зноскі

  1. Hieronim Leon Dominik Radziwiłł // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
  2. 1 2 Радзивилл, который двух императоров смешил(руск.) . СБ. Беларусь сегодня (26 красавіка 2014). Праверана 03.09.2019.
  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8., с.57
  4. Радзивил, князь Лев Людвигович (ros.). W: Большая биографическая энциклопедия [on-line]. dic.academic.ru. (руск.)
  5. 1 2 Stefan Kieniewicz: Radziwiłł Hieronim Leon Dominik. W: Polski Słownik Biograficzny. Emanuel Rostworowski (red.). T. XXX/2. Cz. 125. Wrocław–Warszawa i in.: Ossolineum PAN, 1987, s. 284. ISBN 83-04-02673-2. (польск.)

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (25):
Катэгорыя·Пахаваныя ў крыпце Радзівілаў
Катэгорыя·Памерлі ў 1885 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Белага арла (Расійская імперыя)
Катэгорыя·Удзельнікі паўстання 1830—1831 гадоў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 2 ступені
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Катэгорыя·Удзельнікі Крымскай вайны
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Станіслава 1 ступені
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Варшаве
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святога Аляксандра Неўскага
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 1 ступені
Катэгорыя·Памерлі 8 студзеня
Катэгорыя·Памерлі ў Парыжы
Катэгорыя·Радзівілы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1808 годзе
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Святой Ганны 2 ступені
Катэгорыя·Ардынаты клецкія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Нарадзіліся 10 сакавіка