wd wp Пошук:

Войны-Грычынавічы

Герб Сямёна Войны. 1630

Войны, Войны-Грычынавічы, Грычыны-Войны — вялікалітоўскі шляхецкі род герба «Трубы».

Гістарыяграфія

Паводле Барталамея Папроцкага род Войнаў паходзіў са Смаленскай зямлі адкуль выехаў пры вялікім князю Казіміры праз войны з Масквой. Пачынальнікам роду ў Літве Папроцкі лічыў Матфея Грычыну і называў двух яго сыноў — Кірдзея, ротмістра, і Войну, падкаморыя пінскага і старосту ожскага. З сыноў Войны Матфеевіча Папроцкі ведаў Лаўрына, падскарбія, і трох яго братоў, невядомых яму імем — старосту палангоўскага, ротмістра і троцкага пробашча. Уласна ад Войны Матфеевіча Грычынавіча пайшоў род Войнаў, бо імя бацькі сыны захавалі як прозвішча. Папроцкі не меў інфармацыі пра Войнаў з першых рук, таму і падаў настолькі няпоўны радавод. Таксама, напэўна, было і з гербам, Папроцкі ведаў толькі падскарбінскі лічман 1577 года з чатырохчасткавым гербам, дзе ў 1-м полі памылкова быў «Корчак», калі на іншых пячатках Лаўрын Война ужываў «Трубы»[1].

Альберт Віюк-Каяловіч ужо ведаў шасцёх сыноў Войны і іх імёны — ксяндза, віленскага біскупа Бенедыкта, падканцлера Гаўрылу (Габрыэля), падскарбія Лаўрына (Ваўжынца), кашталяна мсціслаўскага Сямёна, кашталяна берасцейскага Рыгора і кашталяна мсціслаўскага і берасцейскага Сокала. Паводле Каяловіча ўжывалі Войны герб «Трубы». У радавод аднак Каяловіч дадаў паміж Войнам Мацвеевічам і яго шасцю сынамі ўяўнае пакаленне — Мацея і Рыгора — такім чынам зрабіўшы сыноў унукамі.

Каспар Нясецкі лічыў, што род паходзіць з Севершчыны, але падаў родавае паданне ўплеценае ў афіцыйную гісторыю ВКЛ, што «gdy Erdywił z Litewskim wojskiem wpadł w Ruskie kraje, trzey Woynowie Ruskich obywatelów, przeciwko niemu nie tylko pobudzili, ale i mężnie go z niemi wojowali. Między Prypeciem i Pinem rzekami mieli kiedyś przodkowie ich obszerną fortunę», — такім чынам, называў Войнаў русінамі, а іх радзімай Пінскі павет. Нясецкі адносіў Войнаў да «Трубаў», але няўпэўнена, бо пад Грычынамі Войнамі запісаў, што яны карысталіся «Корчакам» «że się tym herbem niektórzy z nich w księstwie Litewskiem pieczętują, miałem pewną relacyą», — ад каго атрымаў такую інфармацыя не пазначыў. Нясецкі падаў болей звестак пра пэўных асоб, але іх сувязі не заўсёды верагоднымі, так Мацея Сямёнавіча ён лічыў сынам Лаўрына.

Адмысловых агульных даследаванняў генеалогіі Войнаў няма, радавод патрабуе глыбокага вывучэння.[1]

Паходжанне

На праўдзе, Грычыны — пінскі баярскі род, найраней вядомыя з іх — Пронька і Мацвей — баяры пінскай княгіні Марыі Сямёнавай, Кірыла з тым жа Мацвеем — радцы пінскага князя Фёдара Яраславіча, Святохна з Грычынаў — служэбніца княгіні Марыі і потым сям’і Яраславічаў. Кірыла Грычын у 1514 годзе атрымаў ад князя Фёдара 4 «чалавекі» ў Моталі, Праходзе, Мерчычах і Крайновічах. На Попіс 1528 года шасцёра Грычынаў ставілі 6 «коней».[2]

Гаўрыла Грычына, родны брат Святохны, якому яна перадала свае «выслугі» з дазволу каралевы Боны. Брат з сястрою трымалі маёнткамі разам, пасля яе смерці ўладанні ў Варачэвічах, Гліннай, Кожчычах і Кашэвічах засталіся Гаўрылу, потым яго сынам — Андрэю, Якаву, Фальку і Аляксандру. Вядома яшчэ адна галіна Грычынаў — Іванавічы, яны валодалі сялом Бабровічы, мястэчкамі Гаць, Купяцічы, Матковічы. Галіны Гаўрылавічаў і Іванавічаў часта згадваюцца мясцовымі актамі.[3]

Мацвей Грычын у 1495 годзе атрымаў ад княгіні Марыі «чалавека» і два дварышчы ў Парэччы, а ў 1497 годзе ад князя Фёдара 4 «чалавекі» ў Моладаве, Праходзе і Варачэвічах. У 1524 годзе Мацвей запісаў сваёй жонцы Марыне, на 1/3 сваіх маёнткаў вена ў 300 коп грошаў, што пацвердзіў вялікі князь Жыгімонт Стары, у гэтай суме дзеці па смерці бацькі далі Марыне дварэц Моладава. Такім чынам, вядома, што Грычыны на пачатку XVI ст. валодалі маёнткамі Парэчча, Моладава, Праход, Варачэвічы, Моталь, Мерчычы, Крайновічы і іншымі. Попіс 1528 года згадвае сярод пінскіх баяраў удаву Мацвея Грычына ці Грычынавіча і яго сыноў — Кірдзея, Івана і Войну, названы тамсама Гаўрыла Грычынавіч, іх дзядзька. У 1539 годзе Марына запісала Моладава свайму сыну Войне (Барысу) Мацвеевічу. Апроч Моладава Война меў долю ў Любелі, Купяцічах, долю ў родавым Парэцкім маёнтку і 4 дварышчы тамсама, купленыя ў В. Тура.[2]

Нашчадкі Войны Мацвеевіча — Войны, вызнавалі праваслаўе, з канца XVI ст. пераходзілі ў каталіцтва, з XVII ст. некаторыя ўжывалі прыдомак Грычына, з XVIII ст. ужывалі графскі тытул.[4]

Радавод Грычынаў і Войнаў-Грычынавічаў

Грычын (?)

Асобы з нявызначаным месцам у радаводзе

Зноскі

  1. 1 2 Шаланда, 2011
  2. 1 2 Грушевский, 1903, с. 114
  3. 1 2 Грушевский, 1903, с. 115
  4. ЭнцВКЛ, 2005, с. 461
  5. Груша, 2021, с. 59
  6. Груша, 2021, с. 61
  7. НГАБ, ф. 694, воп. 4, адз.з. 1271, арк. 18.
  8. Paulius Vaniuchinas. Salantų dvaro valdytojai // Pajūrio naujienos. — 2004. — Nr. 55
  9. Peregrinationes sive peregrinationem Heinrichi Wolphii Tigurini brevis et compendiaria descriptio. — Polskie przypadki Henryka Wolfa z Zurychu z lat 1570—1578. — Warszawa, 1996. Паводле: Вольф Г. Перэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха / Перакл. А. Белага // Спадчына. 1998. № 3(98). — С. 172—195.
  10. Olszewski J. Kazanie na pogrzebie Wielebnego w Bogu Prałata IMX Karola Jana Białozora Proboszcza Wileńskiego, Referendatora WKL. — Wilna, 1631.
  11. Сліж Н. Выпасажанне шляхцянак у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI—XVII стст. // Журнал беларускіх даследаванняў. — 2013. — Vol. 7, № 1. — С. 107.
  12. Шаланда, 2011, с. 136

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без аўтара
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» без назвы артыкула
Катэгорыя·Войны-Грычынавічы