wd wp Пошук:

Рыгор Война

Рыгор Войнавіч Грычынавіч (?—1605) — ротмістр каралеўскі (1565—1568), дваранін каралеўскі (1569), войскі гарадзенскі[d] (1576—1593), суддзя земскі ваўкавыскі (1578—1593), кашталян берасцейскі (1593—1605).

Таксама ў літаратуры называецца дзяржаўцам радашковіцкім (1569), на праўдзе дваранін Рыгор Война пасланы вялікім князем Жыгімонтам Аўгустам як гаспадарскі ўраднік пасля звестак пра смерць дзяржаўцы Івана Гарнастая для складання рэестра даходаў і пажыткаў, праз месяц дзяржаву атрымаў Цішковіч.[1]

Біяграфія

З роду Войнаў-Грычынавічаў, сын Войны Мацвеевіча. Складаны герб Рыгора Войны падобны да герба брата Лаўрына, але ў 4-м полі пададзена іншая выява, герб бабкі па маці выклікаў у братоў прынамсі сумненні.

Як ротмістр найманай коннай роты вызначыўся ў бітве пад Сушай (ліпень 1567), браў удзел ва ўзяцці Улы (жнівень 1568). Служыў у Інфлянтах пад камандаваннем іх адміністратара Я. Г. Хадкевіча. Напэўна, вайсковая дзейнасць стала грунтам грамадскай актыўнасці і кар’ернага росту. Быў прадстаўніком Берасцейскага ваяводства ў дэлегацыі Вялікага Княства Літоўскага на з’езд у Варшаве ў канцы чэрвеня 1576 годзе, дзе літвіны прызналі Стэфана Баторыя каралём і вялікім князем. Паводле К. Нясецкага, загінуў падчас штурму Полацка ў 1579 годзе на вачах караля Стэфана Баторыя: «odważnie nacierając poległ kulą postrzelony», — аднак, Нясецкі папросту не зразумеў Віюк-Каяловіча: «Hrehory Woyna kasztel[an] Brzeski z postrzału pod Połockiem odniesionego vmarł», — Рыгор Война памёр ад раны, але адбылося гэта пазней.

Дэпутат Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ад Берасцейскага павета (1594).

За бітву пад Сушай атрымаў наданне ў Пінскім павеце. Пасагам за Раінай з Клочкаў атрымаў ¼ частку мястэчка Межырэчы — дом на Рынку, Карбатоўскую стадолу каля дарогі з Ваўкавыска на Слонім, пляцы з мяшчанамі на вуліцах Славацічоўскай, Крывой і Слонімскай, і ¼ частку мястэчка Лыскава, такім чынам стаў абывацелем Ваўкавыскага павета і пазней абіраны на суддзі земскія ваўкавыскія.

Сям’я

Быў жанаты двойчы, з Раінай Мацееўнай Клачкоўнай Падароскай і Багумілай з чарэйскай лініі Сапегаў.

Пакінуў сына Філіпа Рыгоравіча Войніча і прынамсі чатырох дачок. Філіп, напэўна, памёр маладым, бо апроч адзінкавай згадкі пра яго няма звестак. Дачка Багдана, жонка Мікалая Вольскага, другая дачка, невядомая імем, жонка паэта Яна Пратасовіча, трэцяя — Марыя, жонка Яна Калантая[d], чацвёртая — Таццяна, другая жонка Гаўрылы Тышковіча[2]. Нейкая з дачок, у адным са шлюбаў была з Канстанцінам Кунцэвічам, земянінам Гарадзенскага павета.

Зноскі

  1. Ліцкевіч, 2004, с. 44, заўв. 36
  2. Семянчук Г. М. Чарлёна — двор Сапегаў над Нёманам у XVI—XVII стст. // Магнацкі двор і сацыяльнае ўзаемадзеянне (XV—XVIII стст.) : зборнік навуковых прац / Установа “Музей «Замкавы комплекс „Мір“»”; пад рэд. А. М. Янушкевіча. — Мінск : Медысонт, 2014 .- С. 372—394. — С. 387.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Войны-Грычынавічы
Катэгорыя·Дэпутаты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Войны-Грычынавічы
Катэгорыя·Ротмістры
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Памерлі ў 1605 годзе
Катэгорыя·Суддзі земскія ваўкавыскія
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Войскія гарадзенскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Шаблон «Вонкавыя спасылкі» пусты
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Кашталяны берасцейскія