wd wp Пошук:

Лаўрын Война

Лаўрын (Ваўжынец) Войнавіч Грычынавіч (? — 23 кастрычніка 1580) — дваранін каралеўскі, земскі пісар гарадзенскі (1565—1566), пісар вялікі літоўскі (з 1566), падскарбі дворны літоўскі (1569—1576), падскарбі земскі літоўскі (з 1576); староста пінскі (з 1574), староста гарадзенскі, староста кобрынскі, дзяржаўца квасоўскі, красніцкі, хвяйданскі, індурскі.

З пінскага баярскага роду Войнаў-Грычынавічаў, сын кашталяна мсціслаўскага Войны Мацвеевіча. У літаратуры даецца і іншае паходжанне, так энцыклапедыя «Вялікае княства Літоўскае» дае бацькам Мацея з падляшскага роду Войнаў[1]. Крыніцы, аднак, у 1573 годзе называюць Бенедыкта братам Лаўрына[2], у 1599 годзе братамі Бенедыкта і Габрыэля называе Сямён Война[3], у 1631 годзе Лаўрын, Бенедыкт, Габрыэль і Сямён названы братамі, а Абрам «братанцам» (пляменнікам) Дароты Вайнянкі[4]. Такім чынам, паходжанне з пінскага роду выглядае пэўным.

У маладосці служыў каралеве Боне, у тым ліку і ў Італіі[5]. Браў удзел у Валочнай памеры, у 1558—1560 гадах мераў Гарадзенскае староства (у т.л. уласна Гродна ў 1560 годзе), у 1561—1566 гадах — паўторна Пінскае староства. Неўзабаве па Люблінскай уніі (1569) ажыццяўляў у Вялікім Княстве Літоўскім вылучэнне ўласных маёнткаў вялікага князя Жыгімонта Аўгуста з ліку сталовых добраў і агулам дзяржаўных земляў, упарадкаванне іх фінансавых спраў[6]. Пасол на соймы 1569, 1578, 1580 гадоў.

Валодаў маёнткамі Боршчава ў Берасцейскім, Ласосна і Путрышкі ў Гарадзенскім, Свіслаччу ў Ваўкавыскім, Мярацічамі ў Новагародскім паветах. Да 1571 года купіў Высокае і Расну ў Станіслава Хлявіцкага, у 1571 — Азяраны і возера Свіцязь у князя Канстаціна Канстанцінавіча Астрожскага.

На Попіс 1567 года з маёнткаў і дзяржаў Квасоўскай, Красніцкай і Індурскай ставіў 35 «коней» і 24 драбы.

Сям’я

Жанаты быў, напэўна, з невядомай імем і галіной княжной Друцкай.

Меў, прынамсі, сына Андрэя і дачку Кацярыну.

У літаратуры даюцца і іншыя, але ўяўныя дзеці — сыны Мацей, Вінцэнт і Андрэй (на праўдзе пляменнікі, сыны Сямёна Войны), дочкі — Дарота і Раіна Вайнянкі (на праўдзе сёстры, дочкі Войны Мацвеевіча).

Зноскі

  1. ЭнцВКЛ, 2005, с. 460
  2. Peregrinationes sive peregrinationem Heinrichi Wolphii Tigurini brevis et compendiaria descriptio. — Polskie przypadki Henryka Wolfa z Zurychu z lat 1570—1578. — Warszawa, 1996. Паводле: Вольф Г. Перэгрынацыі або кароткае і сціслае апісанне вандраванняў Генрыха Вольфа з Цюрыха / Перакл. А. Белага // Спадчына. 1998. № 3(98). — С. 172—195.
  3. Спрогис И. Духовное завещание мстиславского каштеляна Семена Войны — 1599 г., 1-го марта // Чтения в Историческом обществе Нестора-летописца. Киев, 1898. Кн. 12.
  4. Olszewski J. Kazanie na pogrzebie Wielebnego w Bogu Prałata IMX Karola Jana Białozora Proboszcza Wileńskiego, Referendatora WKL. — Wilna, 1631.
  5. Ліцкевіч, 2004, с. 42, заўв. 30
  6. Ліцкевіч, 2004, с. 42

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (18):
Катэгорыя·Дзяржаўцы індурскія
Катэгорыя·Дзяржаўцы квасоўскія
Катэгорыя·Падскарбіі вялікія літоўскія
Катэгорыя·Старосты хвейданскія
Катэгорыя·Падскарбіі надворныя літоўскія
Катэгорыя·Войны-Грычынавічы
Катэгорыя·Дзяржаўцы красніцкія
Катэгорыя·Памерлі 23 кастрычніка
Катэгорыя·Старосты кобрынскія
Катэгорыя·Пісары земскія гарадзенскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XVI стагоддзі
Катэгорыя·Памерлі ў 1580 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Старосты гарадзенскія
Катэгорыя·Старосты пінскія
Катэгорыя·Сенатары Рэчы Паспалітай
Катэгорыя·Войны-Грычынавічы