wd wp Пошук:

Ян Пратасовіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Пратасовіч. Ян-Бенедыкт Пратасовіч (другая палова XVI ст., Магільнае — пасля 1608[1]) — паэт i перакладчык Вялікага Княства Літоўскага, яркі прадстаўнік эўрыстычнай паэзіі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і Бенедыкта Васілевіча Пратасовіча і Марыны з Палубінскіх, сястры наваградскага кашталяна Аляксандра Палубінскага. Бацька паэта, паводле перапісу 1567 г., выстаўляў у войска 9 вершнікаў і 7 пешых жаўнераў, пэўны час займаў пасады войскага гарадзенскага i ключніка троцкага[2], сваім сынам — Яну і Мацею — пакінуў у спадчыну маёнтак Магільна пад Гарынню. Бацькі паэта былі праваслаўнымі, сам Ян, хутчэй за ўсё, перайшоў пасля 1596 ва ўніяцтва альбо адразу ў каталіцтва[3].

Найбольш верагодна, што Я. Пратасовіч атрымаў адукацыю ў якім-небудзь заходнееўрапейскім універсітэце дзякуючы падтрымцы багатых мецэнатаў. Сябраваў з падскарбіем Т. Тышкевіч-Скуміным і з вядомым віленскім друкаром Я. Карцанам.

Некаторыя даследчыкі лічаць, што Я. Пратасовіч у 15701580[4] выконваў абавязкі віленскага гродскага суддзі[5], але найбольш верагодна[3], што гэтую пасаду займаў дзядзька паэта, таксама Ян Пратасовіч[6].

Ажаніўся з дачкой берасцейскага кашталяна Рыгора Войны[3].

Творчасць

Ян Пратасовіч быў адным з самых пладавітых паэтаў Княства эпохі Рэнесансу. Пісаў на польскай мове. У віленскай друкарні Я. Карцана пабачылі свет такія паэтычныя кнігі аўтара, як «Паранімфус» (1595), «Эпіцэдыум» (1597), «Партрэт старога чалавека» (1597), «Узор сумленнай белагаловай» (1597), «Ахвярадаўца» (1597), «Inventores rerum…» (1608).

Я. Пратасовіч быў прадстаўніком маладзейшага пакалення паэтаў у шматмоўнай паэзіі Вялікага Княства Літоўскага другой паловы XVI ст[7]. Яго творчасць яскрава сведчыць пра змены, якія адбыліся ў жанравай сістэме і ў тэматыцы паэзіі Вялікага Княства: на першы план выходзяць сямейна-рытуальныя і маральна-дыдактычныя віды паэзіі, што адлюстроўвала парадыгму настрояў шляхецкага грамадства Рэчы Паспалітай пасля заканчэння Інфлянцкай вайны[8].

Змяшчаў у творах вершаваныя звароты. Тэксту яго «Ялмужніка» папярэднічаў верш з найменнем: «Зварот да Чытача», дзе аўтар коратка выкладаў змест твора, раскрываў сімвалічную сутнасць «ялмужны» (міласці). На яго думку, той, хто падае міласціну, сам урэшце карыстаецца яе пладамі, бо «ялмужна» ачышчае душу чалавека ад грахоў, пазбаўляе яе тагасветных пакут. Клапоцячыся пра жабракоў і ўбогіх чалавек знаходзіць шлях да Бога, у яго сэрцы нараджаецца дабро і вялікая любоў, ува ўсіх зямных справах на дапамогу яму прыходзяць Божыя слугі — нябесныя анёлы. Для мастацкага метаду Я. Пратасовіча характэрна імкненне раскрываць у вершаваным прысвячэнні сэнс усяго твора. З гэтай мэтаю ён выкарыстоўваў розныя прыёмы. Адзін з іх — самахарактарыстыка героя. Так пабудаваны твор Я. Пратасовіча «Паранімфус», дзе ў прысвячэнні герой паведамляў пра свае абавязкі шафера, якія ён павінен быў выконваць у час вяселля. Многія творы Я. Пратасовіч прысвячаў канкрэтным гістарычным асобам, пра што й паведамляў у вершаваных прадмовах. Так, у вершы, які папярэднічаў твору «Кантэрфет», гаварылася, што ён напісаны ў гонар князя Аляксандра Палубенскага. Адрасуючы творы знатным людзям, паэт разлічваў на велікадушнасць і шчодрасць мецэнатаў.[9]

Зноскі

  1. Славянамоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага XVI—XVIII стст / НАН Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; уклад., прадм. і камент. А. У. Бразгунова. — Мн., 2011. — С. 491. — 901 с — (Помнікі даўняга пісьменства Беларусі). — 400 экз. — ISBN 978—985-08-1291-9
  2. Пратасовіч Ян Бенядзіктавіч // Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Гал. рэд. Б. I. Сачанка. — Мн.: БелЭн, 1995.— 672 с. ISBN 985-11-0016-1
  3. 1 2 3 Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 306. — 376 с.
  4. Анушкін А. І. Ян Пратасовіч з Піншчыны // Помнікі гісторыі i культуры Беларусь 1978. № 4.
  5. Саверчанка І. В. Старажытная паэзія Беларусі, XVI — першая палова XVII ст. —Мінск, 1992. С. 41
  6. Lulewicz H. Protasowicz Jan // Polski słownik biograficzny. T. XXVIII / 3. Zesz. 18. — Wrocław [i inn.], 1985. — S. 521.
  7. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 627
  8. Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу: манаграфія / Сяргей Кавалёў. — Мінск: Кнігазбор, 2010. — С. 318. — 376 с.
  9. Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Асобы, чыя дата смерці не вызначана
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў XVII стагоддзі
Катэгорыя·Польскамоўныя паэты
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Паэты Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Перакладчыкі Вялікага Княства Літоўскага
Катэгорыя·Ян Пратасовіч
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Столінскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Берасцейскім ваяводстве
Катэгорыя·Нарадзіліся ў XVI стагоддзі