wd wp Пошук:

Арапаха

Арапа́ха (саманазва: Hinono’eiteen, англ.: Arapaho) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары ЗША. Агульная колькасць (2016 г.) - 8 400 чал.[1]

Гісторыя

Да пачатку XVIII ст. арапаха насялялі рэгіён Вялікіх азёр, адкуль мігрыравалі на паўднёвы захад. Паводле вуснай традыцыі, на шляху яны мінавалі вялікую раку, магчыма Місуры[2]. У мінулым існавала 5 асобных груп, што размаўлялі на асобных дыялектах. На раннім этапе міграцыі з ліку арапаха вылучыліся гравантры, якія ў нашы дні разглядаюцца як асобны народ. Астатнія кансалідаваліся ў паўднёвую і паўночную галіны.

На Вялікіх раўнінах арапаха асвоілі конегадоўлю, займаліся паляваннем на бізонаў і іншых жывёл, рабілі напады на суседнія індзейскія народы. У пачатку XIX ст. заключылі саюз з шаенамі, які дазволіў істотна павялічыць паляўнічыя тэрыторыі. Правадыр Малы Крумкач (1810 - 1889 гг.) праславіўся як пасрэднік у мірных пагадненнях. У 1840 г. ён садзейнічаў заключэнню мірнай дамовы паміж шаенамі, сіў, каманчамі і каёва[3]. Пазней пасрэднічаў у перагаворах з амерыканцамі.

У 1851 г. паўночныя арапаха і шаены заключылі дагавор з ЗША аб размежаванні зямель на Вялікіх раўнінах. Адкрыццё ў 1858 г. на іх тэрыторыях золата прывяло да скасавання дагавора. Многія арапаха ўдзельнічалі ў Індзейскіх войнах на баку сіў і шаенаў. У 1867 г. паўночныя арапаха заключылі дагавор аб вылучэнні для іх рэзервацыі ў Ваёмінгу. У 1892 г. паўднёвыя арапаха, што насялялі Аклахому, атрымалі правы на амерыканскае грамадзянства і прыватныя землі[4].

Культура

Пасля перасялення на Вялікія раўніны галоўнымі заняткамі арапаха былі гадоўля коняў і паляванне на бізонаў. Жанчыны былі заняты хатняй гаспадаркай і збіральніцтвам[5]. У фальклоры практычна не захавалася ўспамінаў пра земляробства ў мінулым. У нашы дні займаюцца жывёлагадоўляй, абслугоўваннем турыстаў, у Аклахоме — земляробствам. Папулярна служба ў арміі ЗША[6].

Асноўны традыцыйны від паселішча — часовы лагер, які складаўся з каркасных тыпі. Мужчыны і жанчыны аддавалі перавагу скураной вопратцы, якая ўключала вузкія штаны, кашулю, капялюшы, упрыгожаныя махрамі, пер’ем, пацеркамі. Мужчыны ўпрыгожвалі цела фарбамі і татуіроўкамі падчас вайны або ў рытуальных мэтах. Звычайнай зброяй лічыліся лук і стрэлы, булавы, сякеры, нажы. Для абароны карысталіся шчытамі[7].

Пераважалі пашыраныя сем’і са шчыльнымі сувязямі паміж братамі і сёстрамі, але пазбяганнем старэйшых сваякоў супрацьлеглага полу[8]. Шлюбы заключаліся па дамове паміж сем’ямі або шляхам выкрадання нявесты. У першым выпадку пасаг уносілі абодвы бакі. Маладая сям’я звычайна жыла з бацькамі жонкі. Адлік сваяцтва для жанчын вёўся па жаночай лініі, для мужчын — па мужчынскай. Прыватную маёмасць пасля смерці знішчалі або размяркоўвалі паміж сваякамі. Сустракаліся выпадкі палігініі, але жонкі звычайна былі роднымі сёстрамі або жонкамі памерлых братоў. У выхаванні малых дзяцей актыўную ролю адыгрывалі бабулі. Школьная адукацыя стала магчыма з 1871 г.

Жыццёвы цыкл кожнага арапаха быў падзелены на 4 часткі: дзяцінства, юнацкасць, сталасць і старасць. Пераход у кожную ўзроставую групу суправаджаўся ініцыяцыяй. Найбольшую сацыяльную перавагу мелі старыя сваякі. Мужчыны і радзей жанчыны маглі набываць сваю індывідуальную тоеснасць праз абрады, звязаныя з адыходам ў адасобленыя месцы ад 4 да 7 дзён. Яны суправаджаліся пастамі і мроямі. Мужчыны мелі магчымасць дасягнуць высокага статусу на вайне.

Пашыраныя сем’і ўлаковаліся ў адным лагеры. Яны аб’ядноўваліся ў групу з некалькімі іншымі сямейнымі лагерамі на чале выбранага старасты. Таксама выбіраліся ваенныя правадыры, правадыры, што сачылі за паводзінамі. Найбольш актуальныя пытанні вырашаў агульны сход або сход старэйшын. Унутраныя канфлікты часцей здараліся з-за шлюбнай няслушнасці ці забойства. Пры гэтым група сем’яў магла раскалоцца.

У канцы лета або ў пачатку восені маладыя воіны арганізоўвалі напады на іншыя групы і суседнія плямёны з мэтай выкрадання коняў. Радзей здараліся сутычкі на спрэчных тэрыторыях. Існавалі звычаі скальпавання ворагаў, жорсткіх катаванняў палонных з далейшым забойствам.

Арапаха маюць багаты фальклор. Шырока вядомы казкі і міфы пра трыкстэра павука Ніханкана, сірату Знойдзенага ў Траве, дваянят За Дзвярыма і Веснавога Хлопца, дзяўчынку-чараўніцу Лыкавыя Ножкі і г. д.[9] Вельмі разнастайны спеўны і танавальны фальклор[10]. Распаўсюджаныя музычныя інструментыбарабаны і бразготкі.

Мова

Арапаха размаўляюць на тонавай алганкінскай мове[11], якая ў нашы дні складаецца з паўднёвага і паўночнага дыялектаў. Найлепей захаваўся паўночны дыялект. Пісьмовасць на аснове лацінкі.

Рэлігія

Традыцыйная рэлігія заснавана на веры ў адзінага Творцу, які фарміраваў сусвет з дапамогай сваёй жыццёвай сілы. Яна прысутнічала ў навакольных жывёлах, раслінах, мінералах, што маглі з’яўляцца пасрэднікамі паміж Творцам і чалавекам. Важную ролю ў шанаванні Творцы адыгрываюць рэлігійныя цырымоніі[12]. Існуюць нават цырыманіяльныя групы мужчын, кожная з якіх валодае асабістымі патаемнымі ведамі.

З XIX ст. распаўсюджваецца хрысціянства. Сярод вернікаў шмат каталікоў.

Зноскі

  1. Arapaho in United States
  2. History of the Northern Arapaho Tribe Архівавана 5 студзеня 2017.
  3. Little Raven - History Colorado Архівавана 17 сакавіка 2013.
  4. Arapaho - Great Buffalo Hunters of the Plains
  5. Arapaho Countries and Their Cultures
  6. Arapaho Facts, Traditions & Beliefs
  7. Arapaho Tribe
  8. Arapaho facts, information, pictures
  9. Arapaho Legends and Traditional Stories
  10. Arapaho Music(недаступная спасылка)
  11. Arapaho language, alphabet and pronunciation - Omniglot
  12. Religous Organization Архівавана 19 верасня 2016.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Алганкіны
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Народы ЗША