wd wp Пошук:

Гравантры

Грава́нтры (саманазвы: A’aninin, Haaninin літаральна “людзі белай гліны”; фр.: Gros Ventres, літаральна “вялікія жываты”) — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады і ЗША. Агульная колькасць (2000 г.) - 3 682 чал.

У мінулым гравантры складалі частку арапаха і жылі на захадзе ад Вялікіх азёр. У пачатку XVIII ст. адзіная група арапаха-гравантраў распалася пад ціскам лепей узброеных аджыбвэ. Большасць гравантраў мігрыравала на раку Саскачэван, меньшая група — на раку Місуры. Кантакты з еўрапейцамі пачаліся толькі з 1754 г.

Эпідэмія воспы ў 1780 г. вымусіла саскачэванскіх гравантраў перасяліцца на поўдзень, дзе яны некаторы час уваходзілі ў склад канфедэрацыі чарнаногіх. У 1861 - 1867 гг. яны вялі з чарнаногімі вайну, але ў выніку пацярпелі паразу. Гравантры Місуры далучыліся да паўночных арапаха, але пасля іх разгрому ў 1864 г. перайшлі да сваякоў або канчаткова асіміляваліся сярод арапаха.

У 1888 г. урад ЗША стварыў першую рэзервацыю для гравантраў на тэрыторыі штата Мантана. У нашы дні жывуць пераважна на поўначы ЗША і поўдні цэнтральнай Канады.

На працягу XVIII - XIX стст. гравантры перажылі значныя змены ў гаспадарчым і сацыяльным жыцці. Да міграцыі з рэгіёна Вялікіх азёр яны займаліся пераважна пешым паляваннем і земляробствам. У сярэдзіне XVIII ст. гравантры пачалі трымаць коняў і перайшлі да качавога ладу жыцця. Традыцыйна гэты народ падзяляўся на 12 аўтаномных аб’яднанняў на чале правадыроў. Пераважалі нуклеарныя сем’і, якімі кіравалі мужчыны. Спадчына перадавалася па мужчынскай лініі.

Старажытная рэлігія гравантраў была заснавана на веры ў шматлікіх духаў. Важным рэлігійным рытуалам быў танец сонца. У нашы дні большасць вернікаў спавядае каталіцызм.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Алганкіны
Катэгорыя·Народы Канады