wd wp Пошук:

Аляксандр Антонавіч Савіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Савіч.

Аляксандр Антановіч Савіч (1 сакавіка 1890, с. Перавалокі Гродзенскай губ., цяпер в. Старая Перавалока Слонімскага р-на — 21 кастрычніка 1957) — беларускі гісторык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і святара. Планавалася, што пойдзе следам бацькі і дзеда. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1910), Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1914). За кандыдацкую працу пра беларуска-ўкраінскія школы XVII—XVIII ст. адзначаны спецыяльнай прэміяй, пакінуты на кафедры рускай гісторыі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі для падрыхтоўкі да магістарскага звання. Аднак навучанне працягнуў на гісторыка-філалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, які скончыў у 1917 годзе. Падзеі рэвалюцыі закінулі А. Савіча ў Саратаўскі ўніверсітэт, дзе пад кіраўніцтвам прафесараў В. І. Вераценнікава, М. К. Любаўскага і С. М. Чарнова да 1920 года ён рыхтаваўся да магістарскіх іспытаў і абароны дысертацыі «Заходнерускія школы ў XVI—XVIII стст.».

Першыя прафесары БДУ, 1922 год (злева направа):
Ніжні рад: С. З. Кацэнбоген, А. М. Вазнясенскі, М. М. Нікольскі, У. І. Пічэта, У. М. Ігнатоўскі, Я. Ю. Лёсік, А. А. Міхайлоўскі;
Сярэдні рад: І. М. Салаўёў, С. Я. Вальфсон, Я. І. Барычэўскі, А. А. Савіч, Д. А. Жарынаў, Я. К. Успенскі, І. Я. Герцык;
Верхні рад: У. М. Перцаў, М. М. Шчакаціхін, В. В. Якунін, М. М. Піятуховіч.

У 1921 годзе А. А. Савіч быў запрошаны на кафедру расійскай гісторыі БДУ, 16.11.1921 года афіцыйна зацверджаны выкладчыкам БДУ, пазней дацэнтам і прафесарам. Чытаў лекцыі па гісторыі рускай культуры і «культурных рухаў» ў Беларусі ў XVI—XVIII ст., гісторыі Старажытнай Русі, народнай адукацыі ў Беларусі да XIX ст., вёў семінары і прасемінары па вывучэнні летапісных зводаў, маскоўскай палітычнай літаратуры XVI ст., замежных звестак пра Расію XVI—XVIІ ст., па чытанні і каментаванні Саборнага ўлажэння 1649 года, Наказу Кацярыны ІІ, Рускай Праўды, гісторыі Смуты, гісторыі валадарства Пятра I, кіраваў факультатывамі па крыніцах і крыніцазнаўстве Расіі. Быў адным з 10 членаў «камісіі па прадметах гістарычных» і аўтараў 1-га і 2-га выпускаў «Прац БДУ».

У навуковым плане А. А. Савіч асноўнымі сваімі працамі першага мінскага перыяду лічыў «Рускія уніяцкія школы XVII—XVIII стст.», «Руска-польскія адносіны ў ХVII ст. (да Дэўлінскага перамір’я)» і «Культурныя рухі ў Беларусі і Украіне ў ХVI-ХVII стст.». З вынікамі навуковых пошукаў гісторык не раз выступаў на пасяджэннях Мінскага таварыства гісторыі і старажытнасцяй. Браў удзел у пасяджэннях Савета БДУ па абмеркаванні пытання перадачы Польшчы культурных каштоўнасцяў і быў уключаны ў камісію па выпрацоўцы «ўзважанага» рашэння. Лютым 1924 года разам з калегамі шукаў найлепшы варыянт экспазіцыі першага ўніверсітэцкага музея — музея гісторыі культуры і рэлігіі. Студэнты і калегі па БДУ называлі А. А. Савіча адным з тых, хто моцна ўражваў слухачоў сваёй гістарычнай эрудыцыяй.

Асэнсоўваючы гісторыю Беларусі, паступова адыходзіў ад пазіцый заходнерусізму, схіляўся да нацыянальнай дзяржаўнай канцэпцыі. З патрыятычна настроенымі праваслаўнымі святарамі і прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі 17.6.1922 года падпісаў адозву да праваслаўных беларусаў БССР з заклікам стварэння нацыянальнай (аўтакефальнай) праваслаўнай царквы Беларусі. У 1923 годзе царкоўныя «захапленні» А. А. Савіча здаліся небяспечнымі, таму ціхае выцісканне вясной 1924 года з БДУ было не горшым для яго зыходам.

А. Савіч з’ехаў у Перм, працаваў спачатку ва ўніверсітэце, потым загадчыкам кафедрай гісторыі народаў СССР у Пермскім індустрыяльна-педагагічным інстытуце. Прафесар (1928). У гэты перыяд апублікаваў «Нариси з iсторiï культурных рухiв на Вкраïнi та Бiлорусi в XVI—XVIII вв.», «Дэўлінскае перамір’е 1618 г. (З гісторыі польскай інтэрвенцыі пачатку XVII ст.)» і інш.

Пераехаў у Яраслаўль, выкладаў у Яраслаўскім педагагічным інстытуце. З 1930-х гадоў супрацоўнік Дзяржаўнага гістарычнага музея Інстытута гісторыі АН СССР. У 1937 годзе абараніў доктарскую дысертацыю «Дачыненні Масковіі з Рэччу Паспалітай у час Смуты 1600—1619 гг.». Пры напісанні дысертацыі выявіў у Петраградскай дзяржаўнай бібліятэцы перапіску караля Жыгімонта Вазы з вялікалітоўскі канцлерам Львом Сапегам (пачынаючы з 1598), а таксама матэрыялы датычныя перамоў Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай пра прыналежнасці Смаленска (1615—1616). Быў адным з аўтараў першага пакалення «сталінскіх» падручнікаў па гісторыі СССР для ВНУ.

У 1943 годзе зноў запрошаны працаваць у БДУ і АН БССР. У БДУ узначаліў кафедру гісторыі народаў СССР і кіраваў арганізацыяй навучальнага працэсу. Браў удзел у напісанні 2-га і 3-га тамоў «Гісторыі БССР», якія рыхтаваліся ў Акадэміі навук з прыцягненнем гісторыкаў універсітэта. Менавіта гэта праца была прычынай другога выгнання з БССР — у тэкстах А. А. Савіча ў 1946 годзе ўбачылі толькі «апісанне жыцця каралёў», захапленне царкоўнай гісторыяй і адсутнасць «класавага падыходу». У сакавіку 1947 года партбюро гістарычнага факультэта ацаніла працу кафедры, якую ўзначальваў А. Савіч, вельмі негатыўна.

Наступныя гады працаваў у ВНУ Масквы, у Інстытуце гісторыі АН СССР, духоўных установах.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (25):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Дактары гістарычных навук
Нарадзіліся ў Слонімскім павеце (Расійская імперыя)
Памерлі 21 кастрычніка
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Выкладчыкі БДУ
Выпускнікі гісторыка-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Пахаваныя на Увядзенскіх могілках
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Выпускнікі МДУ
Вікіпедыя:Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Нарадзіліся ў 1890 годзе
Нарадзіліся ў Слонімскім раёне
Нарадзіліся 1 сакавіка
Памерлі ў 1957 годзе
Вучоныя паводле алфавіта
Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без назвы артыкула
Гісторыкі Беларусі
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без аўтара
Вікіпедыя:Спасылкі на Энцыклапедыю гісторыі Беларусі без нумароў старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Асобы
Памерлі ў Маскве