wd wp Пошук:

Яўген Канстанцінавіч Успенскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Успенскі.

Першыя прафесары БДУ, 1922 год (злева направа):
Ніжні рад: С. З. Кацэнбоген, А. М. Вазнясенскі, М. М. Нікольскі, У. І. Пічэта, У. М. Ігнатоўскі, Я. Ю. Лёсік, А. А. Міхайлоўскі;
Сярэдні рад: І. М. Салаўёў, С. Я. Вальфсон, Я. І. Барычэўскі, А. А. Савіч, Д. А. Жарынаў, Я. К. Успенскі, І. Я. Герцык;
Верхні рад: У. М. Перцаў, М. М. Шчакаціхін, В. В. Якунін, М. М. Піятуховіч.

Яўген Канстанцінавіч Успенскі (18 кастрычніка 1891, Вільня — 29 кастрычніка 1937, Мінск, турма НКВД) — беларускі фізік, грамадскі дзеяч і педагог.

Біяграфія

З сям’і службоўца. Скончыў Віленскую гімназію (1910), фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1915). З беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам пазнаёміўся ў студэнцкія гады (з 1911) у Віленскім зямляцтве пры Маскоўскім універсітэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у Бабруйску і Глуску: у гімназіях, школах, палітэхнікуме і педтэхнікуме, вёў фізіку і матэматыку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі абраны ў бюро Настаўніцкага саюза.

Падчас нямецкай і польскай акупацыі ўваходзіў у Бабруйскую беларускую раду. Летам 1918 быў ініцыятарам першых настаўніцкіх курсаў у Бабруйску. У час польскай акупацыі — адзін са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1921 уступіў у ВКП(б). Быў намеснікам, потым загадчыкам Бабруйскай палітасветы. Працаваў разам з Алесем Адамовічам, прымаў удзел у правядзенні беларусізацыі. У верасні 1922 па запрашэнні У. Ігнатоўскага пераехаў у Мінск. Прызначаны загадчыкам Галоўпалітасветы і Галоўпрафасветы пры наркаме асветы БССР.

Са студзеня 1923 — асістэнт, потым дацэнт кафедры фізікі педагагічнага факультэта БДУ. З мая 1924 — намеснік дэкана педагагічнага факультэта, загадчык фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага аддзяленняў. Увосень 1924 арганізаваў таварыства «Прэч непісьменнасць». З 1929 — дэкан фізіка-матэматычнага факультэта. У 1925-36 прафесар БДУ. Першы ў Беларусі пачаў выкладаць фізіку на беларускай мове. Быў дэлегатам навуковых з’ездаў у Маскве, Ленінградзе, Берліне. У 1931-36 супрацоўнік Фізіка-тэхнічнага інстытута БелАН. У кастрычніку 1935 выключаны з ВКП(б) за «прытупленне класавай пільнасці і адрыў ад партыйнага жыцця». З 1936 — прафесар і загадчык кафедры фізікі Гомельскага педінстытута. Асноўныя працы Успенскага прысвечаны квантавай тэорыі ядра атама, гісторыі і метадалогіі фізікі.

Арыштаваны 20.6.1937 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «актыўны член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.7.1957. Асабовая справа У. № 10764-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Тэмы гэтай старонкі (17):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Дэканы БДУ
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1891 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Вільнюсе
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 кастрычніка
Катэгорыя·Расстраляныя ў СССР
Катэгорыя·Педагогі Беларусі
Катэгорыя·Фізікі Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1937 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі МДУ
Катэгорыя·Выкладчыкі БДУ
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў Мінску
Катэгорыя·Памерлі 29 кастрычніка