У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ляхоўскі. Уладзімір Віктаравіч Ляхоўскі (5 лютага 1964, Мінск — 6 верасня 2021, Мінск) — беларускі гісторык. Кандыдат гістарычных навук (2007), дацэнт.
Нарадзіўся 5 лютага 1964 года ў Мінску. У 1993 годзе скончыў гістарычны факультэт БДУ. З 1993 года — рэдактар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя», з 1995 года — супрацоўнік часопіса «Спадчына». З 1998 года працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай АН Беларусі, з 1999 года — адказны сакратар «Штогодніка Інстытута гісторыі НАН Беларусі», адначасова з 2002 вядучы супрацоўнік Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. У 2007 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме «Адукацыя на акупіраваных Германіяй беларускіх землях у гады Першай сусветнай вайны (1915—1918)». З 2008 года — дацэнт факультэта міжнародных адносін БДУ, адначасова з 2010 года — намеснік галоўнага рэдактара навуковага штогодніка «Актуальныя пытанні мытнай справы». Ганаровы член Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі (2011).
Памёр 6 верасня 2021 года[3]. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках горада Мінска.
Даследаваў праблемы гісторыі культуры і адукацыі, развіцця беларускага нацыянальнага руху і станаўлення грамадскай супольнасці Беларусі ў ХІХ—ХХ стст., гісторыю беларускай даваеннай эміграцыі, сацыяльна-палітычныя і гуманітарныя наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі, гісторыю мытнай справы, пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў мытнай сферы, геапалітычныя і геаэканамічныя аспекты глабальнай і рэгіянальнай інтэграцыі.
Адзін з укладальнікаў зборніка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах» (2001, з А. Гесь, У. Міхнюком), каталога выставы «Ёсць на карце месца… : Грамадска-культурная чыннасць беларускай і расійскай эміграцыі ў Чэхаславакіі, 1921—1938» (2002), зборніка дакументаў «Национальная академия наук Беларуси. 1928—2008. Документы и материалы» (2008), калектыўнай манаграфіі «Гісторыя Пінска: ад старажытнасці да сучаснасці: да 915-й гадавіны з першага летапіснага ўпамінання» (2012).
Выдаў 2 манаграфіі «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.» (2010) і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове 19 — першай трэці 20 ст.» (2012).
Аўтар больш за 100 навуковых прац (2007), у тым ліку многіх артыкулаў у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі», часопісах «Спадчына», «Архэ», «Наша вера», «Беларускі гістарычны часопіс» і інш.
|
|