Шчу́чынскі раён — адміністрацыйная адзінка ў паўночна-заходняй частцы Гродзенскай вобласці.
Шчучынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 г. З карысных выкапняў ёсць вапна, пясок, торф, гліна. Па тэрыторыі раёна працякае буйная рака Нёман, 48 малых рэк і 96 ручаёў. Пабудавана 21 штучная сажалка люстраной плошчай 424 га. Азёры: Берштаўскае, Доўгае, Зубраўскае і інш.
Адміністрацыйны цэнтр раёна — горад Шчучын. Першая згадка аб ім зафіксавана ў Літоўскай метрыцы пад 1537 г. Статус гарадскога пасёлка Шчучын атрымаў у кастрычніку 1940 г., горада — у 1962 г.
У раёне два пасёлкі гарадскога тыпу — Жалудок і Астрына, 435 сельскіх населеных пунктаў, 13 сельсаветаў.
Шчучынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Цэнтр — гарадскі пасёлак Шчучын. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Баліцкі, Востраўскі, Вялікабаярскі, Вярбілкаўскі, Герніцкі, Дэмбраўскі, Ельненскі, Еўлашоўскі, Залесненскі, Каменскі, Ражанкаўскі, Ракавіцкі, Шчучынскі і Шынкавецкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Гродзенскай вобласці.
20 верасня 2002 года скасаваны Берштаўскі сельсавет[5], 28 жніўня 2013 года — Бакштаўскі, Галавічпольскі, Навадворскі і Ракавіцкі сельсаветы[6].
Насельніцтва — 41,5 тыс. чалавек (2015)[7], 38,5 тыс. чалавек (2019)[8], 34,6 тыс. чалавек (2021)[9]. Згодна з перапісам 1999 г., беларусы складалі 41,1 % ад усяго насельніцтва, палякі — 50,5 %, рускія — 6,5 %. У невялікай колькасці на тэрыторыі раёна пражываюць таксама ўкраінцы, літоўцы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Раён адносіцца да тэрыторый, насельніцтва якіх змяншаецца: калі ў 2001 г. яно сягала 57 тыс. чалавек, то ў 2015 г. скарацілася больш як на 25 %[10]. У 2019 г. палітолаг В. Рубінчык звярнуў увагу на тое, што за 20 гадоў (з 1999 г.) насельніцтва Шчучынскага раёна зменшылася на 23 тысячы чалавек, або на 37,3 %[11].
Цяпер на тэрыторыі раёна працуе 5 прадпрыемстваў прамысловасці. Найбольш буйныя з іх — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Шчучынскі завод „Аўтапровад“» і «Шчучынскі масласырзавод», а таксама 3 прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці, 573 індывідуальныя прадпрымальнікі.
Сельскагаспадарчая галіна Шчучынскага раёна (грамадскі сектар) прадстаўлена 8 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, 3 унітарнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, адкрытым акцыянерным таварыствам «Васілішкі», 3 эксперыментальнымі базамі, племптушкарэпрадуктарам, 28 фермерскімі гаспадаркамі. У раёне таксама працуюць: ААТ «Шчучынаграхімсэрвіс», Шчучынскі вытворча-гандлёвы філіял ДУП «Аблсельгастэхніка», ТАА «Шчучынскае Аграпрамэнерга», Гродзенскі занальны навукова-даследчы інстытут сельскай гаспадаркі і шэраг іншых арганізацый.
Асноўны вытворчы напрамак сельскагаспадарчай галіны раёна — мяса-малочны, з вырошчваннем збожжавых, бульбы і цукровых буракоў.
Транспартныя паслугі аказваюць аўтамабільны парк № 12, аўтакалона № 9 аблспажыўсаюза і 2 чыгуначныя станцыі. Функцыянуюць 33 прыгарадныя, 4 гарадскія і 4 міжгароднія аўтобусныя маршруты. Сувязь у раёне забяспечваюць вузлы паштовай і электрычнай сувязі і 37 іх аддзяленняў.
Гандлёвая сетка раёна налічвае 324 гандлёвыя аб’екты, 126 з якіх адносяцца да сістэмы спажывецкай кааперацыі. Дзейнічае 27 ведамасных магазінаў, з іх 6 прысвоены статус «фірменны» магазін, 2 крамы дома, 7 аўтамагазінаў. Арганізацыю грамадскага харчавання на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць 23 прадпрыемствы, з іх 3 — індывідуальныя прадпрымальнікі і 2 — таварыствы з дадатковай адказнасцю.
Бытавыя паслугі аказваюцца насельніцтву 20 комплекснымі прыёмнымі пунктамі, 14 вытворчымі падраздзяленнямі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна» і 37 індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
У раёне функцыянуюць 32 агульнаадукацыйныя школы, з якіх 16 сярэдніх, 15 базавых, гімназія; дапаможная школа-інтэрнат, 26 дашкольных устаноў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 6 пазашкольных устаноў, 3 вучэбна-вытворчыя камбінаты, прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 198 сельскагаспадарчай вытворчасці, Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ДУ «Шчучынскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых», дзіцячы сацыяльны прытулак Шчучынскага раёна; працуе гарадскі стадыён «Алімп».
Структуру ўстаноў культуры складае 38 устаноў клубнага тыпу, 44 бібліятэкі, школа мастацтваў, 3 музычныя школы, цэнтр рамёстваў, метадычны цэнтр народнай творчасці.
У раёне функцыянуюць цэнтральная раённая бальніца, 2 гарпасялковыя і 2 сельскія ўчастковыя бальніцы, 1 бальніца сястрынскага догляду, 5 урачэбных амбулаторый, 35 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 1 здраўпункт, каля 10 аптэк, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У 2017, аднак, паведамлялася, што ў Шчучынскім раёне «смяротнасць у працаздольным узросце склала ў 2017 годзе 686,69 на 100 тыс. насельніцтва, што вышэй за сярэднеабласны паказчык у 1,7 разы і вышэй за паказнік мінулага года на 11,5 %»[11].
Са шчучынскімі піярскімі навучальнымі ўстановамі звязаны імёны такіх вядомых навукоўцаў XVIII—XIX ст. як гісторык-археограф Мацей Доўгель, філосаф Казімір Нарбут, філосаф, логік і псіхолаг Анёл Доўгірд, біёлаг Станіслаў Баніфацы Юндзіл, геолаг, мінералаг, даследчык Чылі, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі Ігнат Дамейка.
На тэрыторыі Шчучынскага раёна нарадзіліся генерал Парыжскай Камуны Валерый Урублеўскі, адна з пачынальніц беларускага пісьменства Цётка (Алаіза Пашкевіч), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Вацлаў Іваноўскі (1880, в. Лябёдка — 1943), мастак-графік Казімір Альхімовіч, этнограф Тадэвуш Антонавіч Навагродскі, спявак Чэслаў Неман, фізік, дзяржаўны дзеяч Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, Герой Сацыялістычнай працы Андрэй Іосіфавіч Бялко.