wd wp Пошук:

Смаленскае княства

Смаленскае княства — сярэдневяковае дзяржаўнае ўтварэнне, якое сфарміравалася ў ХII ст. вакол горада Смаленска. Займала тэрыторыю сучасных Смаленскай, часткі Маскоўскай, Калужскай, Цвярской, Бранскай абласцей Расіі, усходнія раёнаў Магілёўскай і Віцебскай абласцей Беларусі.

Княства ўтварылася на аснове смаленскай групоўкі крывічоў, якая стала адасоблівацца ў VIIIIX стст. у вярхоўях Дняпра і Дзясны. Размешчаны паміж паўночнай (Ноўгарад) і паўднёвай (Кіеў) Руссю, у ІХ—Х стст. гэты адзіны гісторыка-культурны рэгіён уяўляў сабою адасобленую «Сярэднюю Русь»[1]. У 885 г. Смаленск быў падпарадкаваны кіеўскім князем Алегам.

Палітычнае адасабленне Смаленска пачалося ў ХІ ст., але да пачатку ХII ст. ён заставаўся кіеўскай воласцю. У 1120-я гг. тут усталявалася самастойная дынастыя на чале з Расціславам Мсціславічам. Смаленская зямля вылучылася ў асобную дзяржаву-княства. Пры Расціславе Мсціславічы (1125—1159), Смаленскае княства дасягала найбольшых памераў. У 1136 годзе ў княстве арганізавана самастойная епархія.

У ХII ст. Смаленскае княства пачало ўваходзіць у лік наймацнейшых дзяржаўных утварэнняў Русі. У 2-й палове ХII ст. Смаленск пашырыў свой уплыў на Полацкую і Наўгародскую землі і за іх кошт павялічыў уласную тэрыторыю. У 1127 годзе Расціслаў Мсціславіч захапіў у Чарнігаўскага княства паўночныя землі радзімічаў — Крычаў, Прапошаск. У выніку другога паходу на землі радзімічаў (1142) ён пашырыў свае ўладанні да р. Унеча. З 1116 ў Глеба Менскага былі адабраныя Копысь і Орша. Часова ў залежнасць ад Смаленска трапілі Віцебск (з 1165 па 1195) і Друцк.

Пры Расціславе Мсціславічы пачалося драбленне Смаленскага княства на ўдзелы. У 1165 г. ён вылучыў «Романови Вячеславлю внуку» Васілеў і Красн. Пры пераемніках Рамана Расціславіча (1159—1180) працэс драблення паскорыўся: у 1180 згадваецца ўдзел у Мсціславе, якім валодаў Мсціслаў Раманавіч, у 1209 — таропецкі ўдзел Мсціслава Мсціславіча Удатнага. У канцы ХII — пачатку ХIIІ ст. ўплыў Смаленскага княства на іншыя землі паменшыў. Пасля смерці князя Мсціслава Давыдавіча (1230) пачаўся яго заняпад, абумоўлены ўсобіцамі паміж 2 лініямі смаленскіх князёў — Раманавічамі і Давыдавічамі. У 2-й палове ХIIІ ст. са складу Смаленскага княства вылучыліся Вяземскі і Мажайскі ўдзелы.

Каля 1280 г. смаленскія князі Расціславічы садзяць свайго намесніка ў Віцебску, а ў 1290-я гады ім удаецца далучыць Бранскі ўдзел.

У пачатку XIV ст. Смаленск канчаткова страціў кантроль над Віцебскам.

Спроба смаленскай цэнтральнай велікакняжацкай улады перашкодзіць дэзінтэграцыйным працэсам і аднавіць страчаныя пазіцыі, зробленая ў 1300 г. вялікім князем Аляксандрам Глебавічам, у адносінах да Дарагабужа скончылася няўдачай[2]. Аднак у 1302 г. маскоўскія князі захапілі Мажайскі ўдзел[3].

З сярэдзіны XIII ст. на Смаленск пачаліся набегі Літвы. Княства, якое ўсё больш слабела, паступова губляе землі, і Смаленск усё больш трапляе ў залежнасць ад Масквы і Літвы. У пачатку XIV ст. ад Смаленскага княства адышлі да Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) землі Падняпроўя, басейн Проні, верхняе Паволжа. Пры князі Іване Аляксандравічы (1313—1358) Смаленск трывала трапіў пад уплыў ВКЛ. Князь Святаслаў Іванавіч (1358—1386) імкнуўся да захавання незалежнасці Смаленскага княства, але ў выніку паходаў ВКЛ яно страціла значную частку тэрыторыі на поўдні і поўначы, у т.л. Мсціслаў і Ржэў. Святаслаў Іванавіч загінуў у 1386, калі смаленскае войска было разбіта ў бітве на рацэ Віхра (пад Мсціславам). Апошнія смаленскія князі Юрый Святаславіч (1386—1392) і Глеб Святаславіч (1392—1395) знаходзіліся пад уплывам ВКЛ. Скарыстаўшы міжусобіцу паміж Глебам і Юрыем, вялікі князь Вітаўт у 1395 годзе захапіў Смаленск і пасадзіў там сваіх намеснікаў; Глеб Святаславіч быў адпраўлены ў ВКЛ, а Юрый Святаславіч уцёк у Разань да свайго цесця Алега Іванавіча і з яго дапамогай у 1401 вярнуў Смаленск. Вітаўт спрабаваў вярнуць горад у 1401, 1402 і 1403; у 1403 ён захапіў Мажайск, і Смаленск апынуўся ў акружэнні зямель ВКЛ. Скарыстаўшы нейтралітэт Масквы і смерць Алега Іванавіча ў 1404, Вітаўт вярнуў Смаленск: «винных всех… позабивал до троих тысячей, и, абы в Смоленску не было болшей уже бунтов, а княжество обернул в воеводство». Такім чынам, Смаленскае княства было ліквідавана і на яго аснове створана Смаленскае ваяводства.

Гл. таксама

Зноскі

  1. Булкин, В. А. Днепро-двинское пространство — «Серединная Русь» / В. А. Булкин // Петербургский археологический вестник. — 1994. — № 3. — С. 133.
  2. Полное собрание русских летописей. Т. 7. — СПб., 1856. — С. 182
  3. Ластоўскі, Г. Смаленская зямля ў канцы XIII — першай паловы XIV стст. / Генадзь Ластоўскі // Беларускі гістарычны часопіс. — 1997. — № 2. — С. 29.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
З’явіліся ў 1127 годзе
Княствы ў беларускай гісторыі
Смаленскае княства
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Княствы Русі
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Зніклі ў 1387 годзе
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Гісторыя Смаленска