wd wp Пошук:

Ніл Гілевіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гілевіч. Ніл Сымо́навіч Гіле́віч (30 верасня 1931, в. Слабада, Лагойскі раён, Мінская вобласць — 29 сакавіка 2016[2], Мінск) — беларускі паэт , перакладчык, празаік , драматург , літаратуразнавец, фалькларыст і грамадскі дзеяч. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1980 г.). Народны паэт Беларусі (1991 г.)[3]. Пасля смерці Рыгора Барадуліна ў 2014 годзе Ніл Гілевіч быў апошнім жывым чалавекам, які меў званне Народнага паэта Беларусі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і Сымона Пятровіча і Кацярыны Міхайлаўны Гілевічаў, бацька быў старшынёй Слабодскага сельсавета. Бацькі вырашылі назваць сына Нінел (гэта значыць «Ленін» наадварот), у будучыні Гілевіч зменіць гэтае імя на Ніл[4]. Усяго ў сям’і было васьмёра дзяцей, у т. л. Ліна, Леў (Леўка), Нінел, Іда (Ідзея), двайняты Мікалай і Святлана, Марат, Сальвір (Алесік)[5][6].

Першыя гады пасля Другой сусветнай вайны працаваў калгасным паштальёнам. У 1951 годзе скончыў Мінскае педагагічнае вучылішча. Апошні год вучобы спалучаў з працай настаўніка ў адной са школ Мінска.

Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1954 года. Скончыў у 1956 годзе філалагічны факультэт БДУ. У час вучобы пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, аднакурсніцай Нінай Іванаўнай Кавалёвай. Яе бацька не прыйшоў з вайны, маці і айчым, які працаваў чыгуначнікам, жылі ў Мінску. Па размеркаванні трапіла ў Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці, пасля вяртання ў Мінск пара ажанілася. Ніл Гілевіч у той час вучыўся ў аспірантуры пры БДУ[5], якую скончыў у 1959 годзе. З 1958 да 1963 г. працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З 1960 года выкладаў на кафедры беларускай літаратуры БДУ, з 1968 — дацэнт, у 19781986 — прафесар[7]. Кандыдат філалагічных навук (1963).

У 1969 годзе разам з сям’ёй пасяліўся ў Доме пісьменнікаў па вуліцы Карла Маркса, 36, у кватэры, дзе да іх жыла сям’я Івана Навуменкі, а яшчэ раней — Івана Мележа[5].

Першыя строфы рамана «Родныя дзеці» былі напісаны Н. Гілевічам у 1972 годзе. Пісьменнік так тлумачыць прычыны, што абумовілі з’яўленне твора:

" Сталася так, што 1970-я гады прынеслі мне многа горкіх стратаў. У лютым 1972-га памёр ад раку лёгкіх бацька Сымон Пятровіч. У красавіку 1976-га памёр ад хваробы сэрца старэйшы на два гады брат Леў Сымонавіч. У жніўні 1978-га — пасля больш чым двух гадоў страшных пакут у поўным паралюшы, без мовы і ў нерухомасці — адышла ў іншы свет мама Кацярына Мікалаеўна. У студзені 1980-га памерла маладзейшая на тры гады сястра Ідзея Сымонаўна. Гэтыя асабістыя страты, што праходзілі праз сэрца адна за адной, прымусілі пільней паўзірацца ў мінулае — пройдзенае і перажытае, глыбей адчуць свой сыноўні і брацкі абавязак і сваю віну… "

Быў рэдактарам альманаху замежнай літаратуры «Далягляды». З 1980 да 1989 года — першы сакратар праўлення СП БССР, у 1981—1991 гг. сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. У 1989—1997 гг. — старшыня рэспубліканскага Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова».

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР XI склікання (1985—1990), быў кіраўніком працоўнай групы па падрыхтоўцы праекту Закона Беларускай ССР аб мовах у Беларускай ССР, прынятага 26 студзеня 1990 г. на 14-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР XI склікання. Дэпутат ВС Беларусі XII склікання (1990—1995), член Прэзідыума ВС, старшыня Камісіі па адукацыі, культуры і захаванню гістарычнай спадчыны (1990—1995)[8].

Памёр 29 сакавіка 2016 года.

Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач са сваёй жонкай Нінай Іванаўнай[9]. 23 лістапада 2018 года быў урачыста адкрыты помнік на магіле паэта (скульптар Ігар Засімовіч)[10][11].

Творчасць

Дэбютаваў у друку з вершамі ў 1946[3] годзе. Аўтар кніг паэзіі «Песня ў дарогу» (1957), «Прадвесне ідзе па зямлі» (1959), «Неспакой» (1961), «Бальшак» (1965), «Перазовы» (1967), «Лісце трыпутніку» (1968), «А дзе ж тая крынічанька» (1972), «Запаветнае» (1975), «Актавы» (1976), «У добрай згодзе» (лірыка, гумар і сатыра, 1979), «Святлынь» (1984), «Як дрэва карэннем» (1986), «Повязь» (1987). Асноўны змест паэзіі — любоў да роднага краю, асэнсаванне гістарычнага вопыту беларускага народа. У яго паэтычных творах пераважаюць традыцыйныя формы класічнай паэтыкі, тэмы гістарычнай повязі часоў і пакаленняў, памяці маленства, суровых выпрабаванняў ваенных гадоў[12].

Выдаў зборнік п’ес «Начлег на буслянцы» (1980) і аўтабіяграфічную аповесць «Перажыўшы вайну» (1988). Памяці жонкі Ніны Іванаўны прысвечана кніга «Добры анёл беларускасці» (2007)[7].

Раман у вершах «Родныя дзеці» (1985) ствараўся з улікам духоўнага росту чытача і ўсведамлення неабходнасці вярнуць страчаныя сацыяльныя і духоўныя каштоўнасці. Выдаў кнігі паэзіі «Жыта, сосны й валуны» (1990), «Талісман» (1994), «На высокім алтары» (1994), «Вечны матыў» (1994), «…І плямы на табе няма» (2003), «На флейце самоты» (2004), «Замова ад страху» (2009) і інш[7]. Боль і гнеў, надзея і пяшчота, туга і расчараванне — такі спектр чалавечых пачуццяў у творах Ніла Гілевіча апошніх гадоў[12].

Аўтар кніг па літаратуразнаўстве і фалькларыстыцы «Акрыленая рэвалюцыяй» (Паэзія «Маладняка») (1962), «Наша родная песня» (1968), «З клопатам пра песні народа» (1970), «Паэтыка беларускай народнай лірыкі» (1975), «Паэтыка беларускіх загадак» (1976), «Верная вялікім запаветам: Сучасная балгарская паэзія. 1956—1976» (1977), «Вусная народная творчасць і сучасная лірычная паэзія ўсходніх і паўднёвых славян» (1978), зборнікаў літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў «У гэта веру» (1978), «Удзячнасць і абавязак» (1982), «Покліч жыцця і часу» (1983), «Годнасць, сумленнасць, мужнасць» (1988), «Вяртанне і працяг» (1990), «Любоў прасветлая» (1996), «Толькі мы самі» (2005)[7].

Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983). Аўтар зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей: «Сцяжок на мачце» (1959), «Сіні домік, сіні дом» (1961), «Зялёны востраў» (1963), «Дождж-грыбасей» (1966), «Загадкі» (1971), «Калі рана ўстанеш» (1984), «Добры чалавек» (1987), «Мой белы дзень» (1992), «Шчаслівыя хвіліны» (2001). Асобнай кнігай выйшла аповесць «Разумная дзевачка» (2005)[7]. Яму належаць таксама зборнікі сатыры і гумару «Званковы валет» (1961), «Да новых венікаў» (1963), «Ці грэх, ці 2» (1970), «Як я вучыўся жыць» (1974), «Русалка на Нарачы» (1974), «Кантора» (1989), «Дыялог на хаду» (1990). У 1975 годзе свет пабачыла ананімная паэма «Сказ пра Лысую Гару», падпісаная яна была «Францішак Вядзьмак-Лысагорскі»; у 2003 годзе Ніл Гілевіч агучыў, што гэты твор напісаў ён, а ідэі для сюжэтаў яму падкідваў Мікола Аўрамчык, сам Аўрамчык сцвярджае, што гэты твор яны пісалі разам з Гілевічам[4].

Пераклаў на беларускую мову творы звыш 400 славянскіх паэтаў і пісьменнікаў (балгарскіх, славенскіх, сербскіх, украінскіх, польскіх, рускіх, лужыцкіх і інш.). У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава(руск.) бел. «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова(балг.) бел. «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі М. Вапцарава(руск.) бел. «Песня пра чалавека» (1982), Х. Радзеўскага(балг.) бел. «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г. Джагарава(балг.) бел. «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Л. Леўчава(руск.) бел. «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава(руск.) бел., Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава(балг.) бел., Д. Методзіева(руск.) бел., А. Стаянава, Геа Мілева(руск.) бел. і інш. У 1978 выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі 19-20 ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 — казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 — зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 — кніга лірыкі О. Жупанчыча(руск.) бел. «У вечным дазоры». Перакладае таксама з рускай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў[3].

У 20032013 гадах 23-томны збор твораў пісьменніка[7]. Творы Н. Гілевіча перакладаліся на шматлікія мовы. На яго вершы напісалі музыку М. Аладаў, А. Багатыроў, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, І. Лучанок і інш.

Прэміі і ўзнагароды

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1984), Дружбы народаў (1981), медалем Францыска Скарыны (1990), балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені (Балгарыя, 1966), ордэнам «Югаслаўскай зоркі» са стужкай (1986), ордэнам князя Яраслава Мудрага III ступені (2006; уручаны міністрам замежных спраў Украіны Барысам Тарасюком па даручэнні прэзідэнта Украіны). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Ганаровы грамадзянін балгарскага горада Враца.

Памяць

У гонар паэта названы прыватны Універсітэт імя Ніла Гілевіча з беларускай мовай выкладання[13].

Сям’я

У шлюбе з мовазнаўцай Нінай Іванаўнай Гілевіч (1931—2003) меў адзінага сына Сяргея[5], які стаў хімікам. Ягоная жонка — гісторык, сын Багдан — матэматык, грае ў рок-гурце[14].

Бібліяграфія

Зноскі

  1. Дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы(недаступная спасылка)
  2. Памёр Ніл Гілевіч
  3. 1 2 3 Гилевич Нил Семёнович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 146-147. — 737 с.
  4. 1 2 nashaniva.by
  5. 1 2 3 4 «Усе сышлі, сышла эпоха. Няма Караткевіча, няма Брыля, няма Гілевіча». Жыхарка дома па вуліцы Карла Маркса, 36 згадвае пра сваіх суседзяў і іх лёсы
  6. 1 2 3 4 5 6 Ніл Гілевіч. Народныя пісьменнікі Беларусі
  7. Ніл Гілевіч // Беларускія пісьменнікі (1917—1990) : Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. — С. 139—141.
  8. Беларусь развіталася з Нілам Гілевічам
  9. На адкрыццё помніка на магіле Ніла Гілевіча прыйшлі дзясяткі людзей ФОТА
  10. Адкрыццё помніка на магіле Ніла Гілевіча — 23 лістапада
  11. 1 2 БЭ. У 18 т. Т. 5
  12. У Беларусі юрыдычна зарэгістраваны Нацыянальны ўніверсітэт імя Гілевіча. Відэа
  13. Падобныя ці не? Як выглядаюць і чым займаюцца ўнукі Ніла Гілевіча, Івана Мележа і Кандрата Крапівы

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (45):
Перакладчыкі Беларусі
Кавалеры ордэна Югаслаўскай Зоркі са стужкай
Нарадзіліся 30 верасня
Выкладчыкі БДУ
Нарадзіліся ў Лагойскім раёне
Кавалеры ордэна Дружбы народаў
Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ
Беларускамоўныя паэты
Перакладчыкі прозы і драматургіі на беларускую мову
Народныя паэты Беларускай ССР
Паэты Беларусі
Кандыдаты філалагічных навук
Нарадзіліся ў 1931 годзе
Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання
Памерлі ў 2016 годзе
Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
Асобы
Пісьменнікі паводле алфавіта
Члены Саюза пісьменнікаў СССР
Заслужаныя дзеячы навукі Беларускай ССР
Дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання
Вікіпедыя:Запыты на пераклад з рускай
Драматургі СССР
Пахаваныя на Кальварыйскіх могілках
Супрацоўнікі газеты «Звязда»
Перакладчыкі паводле алфавіта
Паэты СССР
Перакладчыкі СССР
Кавалеры ордэна князя Яраслава Мудрага 3 ступені
Памерлі ў Мінску
Перакладчыкі з балгарскай мовы
Грамадскія дзеячы Беларусі
Члены Таварыства беларускай мовы
Кавалеры ордэна «Кірыл і Мяфодзій»
Драматургі паводле алфавіта
Драматургі Беларусі
Вікіпедыя:Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Члены КПСС
Члены Саюза беларускіх пісьменнікаў
Пісьменнікі Беларусі
Памерлі 29 сакавіка
Пісьменнікі СССР
Паэты паводле алфавіта