wd wp Пошук:

Нігерыя

Нігерыя (англ.: Nigeria [naɪˈdʒɪrɪə]), Федэратыўная Рэспубліка Нігерыя (англ.: Federal Republic of Nigeria) — дзяржава ў Заходняй Афрыцы. Мяжуе на захадзе з Бенінам, на поўначы — з Нігерам, на паўночным усходзе — з Чадам, на ўсходзе — з Камерунам. Сталіца — Абуджа. Дзяржаўная мова — англійская. Нігерыя — адзін з заснавальнікаў Афрыканскага саюза, таксама з’яўляецца членам Брытанскай садружнасці нацый і АПЕК.

Па колькасці насельніцтва — каля 190 млн (2017) — Нігерыя з’яўляецца сёмай дзяржавай свету і найбуйнейшай дзяржавай Афрыкі, займаючы толькі 14 месца на кантыненце па плошчы тэрыторыі.

Багатыя прыродныя рэсурсы і вялікая колькасць рабочых рук могуць стаць тым падмуркам, які зробіць Нігерыю не толькі рэгіянальным эканамічным лідарам, але і важным гульцом на сусветным рынку. У 2005 годзе Нігерыя была аднесена да групы «Наступныя 11» — развіваючыхся краін, што могуць у ХХІ стагоддзі стаць лакаматывамі сусветнай эканомікі. Пакуль жа гаспадарка краіны базуецца выключна на нафтавай галіне (займае першае месца ў Афрыцы па здабычы нафты). Нягледзячы на тое, што ў 2014 Нігерыя апярэдзіўшы ПАР, стала першай у Афрыцы па памерах ВУП[3], душавыя эканамічныя паказчыкі застаюцца вельмі нізкімі.

Этымалогія

Назва «Нігерыя» пайшла ад ракі ракі Нігер, якая перасякае краіну з поўначы на поўдзень. Рака была абазвана ў канцы 19-га стагоддзя брытанскай журналісткай Флорай Шоу, будучай жонкай каланіяльнага адміністратара. У дадзеным выпадку слова «нігер», хутчэй за ўсё, туарэскага паходжання.

Гісторыя

Асноўны артыкул: Гісторыя Нігерыі У неаліце на тэрыторыі Нігерыі жылі шматлікія плямёны паляўнічых і збіральнікаў. Рэшткі першай развітой культуры — Нок, носьбіты якой умелі апрацоўваць жалеза, адносяцца да V ст. да н. э.  — III ст. н. э. У канцы I-га тысяч. н. э. на поўначы ўзніклі гарады-дзяржавы народа хаўса (Замфара, Кано, і іншыя). З XI ст. тут пашырыўся ісламскі rараванны гандаль праз Сахару, які паспрыяў развіццю дзяржаў хаўса, што дасягнулі росквіту ў XVI—XVIII стст. У пачатку XIX ст. яны ўвайшлі ў склад халіфата Сакота. З канца I-га тыс. н. э. на паўднёвым захадзе Нігерыі існавалі дзяржавы народа ёруба, у ніжнім цячэнні р. Нігер —Бенін. Паўднёва-ўсходняя частка Нігерыі ўваходзіла ў склад Канем-Борну.

Першыя еўрапейцы (партугальцы) з’явіліся на тэрыторыі Нігерыі сталі цэнтрамі гандлю рабамі. У 1861 г. англічане захапілі г. Лагас. У 1885 г. яны стварылі пратэктарат Ойл-рыверс (з 1893 г. Пратэктарат нігерскага ўзбярэжжа); у 1900 г.  — пратэктараты Паўночная і Паднёвая Нігерыя, якія 1 студзеня 1914 г. аб’яднаны ў Калонію і пратэктарат Нігерыя. Брытанскія ўлады ўсталявалі сістэму так званага «ўскоснага кіравання», пры якой непасрэдная ўлада на месцах захоўвалася ў афрыканскіх правадыроў. Нігерыя ператварылася ў сыравінную базу Вялікабрытаніі. З фарміраваннем мясцовай буржуазіі і інтэлігенцыі ўзмацнілася антыкаланіяльная барацьба, адбыўся шэраг паўстанняў (19141918 гг. , 1929 г. і іншыя). У 1922 г. Г. Маколей стварыў першую афрыканскую палітычную партыю — Нігерыйскую нацыянал-дэмакратычную партыю. У выніку рэформы 1947 г. Нігерыя падзелена на Паўночную, Заходнюю і Усходнюю вобласці, у якіх адпаведна дамінавалі народы хаўса, ёруба і ігба.

1 кастрычніка 1960 г. абвешчана незалежнасць Нігерыі. Уладу ажыццяўляў кааліцыйны ўрад ПНК — ГД на чале з А. Т. Балева. Распад кааліцыі ў 1964 г. прывёў да міжнацыянальных сутыкненняў. У студзені 1966 г. адбыўся дзяржаўны пераварот. Ваенны кіраўнік Дж. Т. У. Іронсі абвясціў у маі 1966 г. аб пераўтварэнні Нігерыі ва ўнітарную дзяржаву. У ліпені 1966 г. Іронсі быз забіты. Новы ваенны ўрад Я. Гавона вярнуўся да федэратыўнай сістэмы. Пагромы ігба на поўначы Нігерыі ўзмацнілі сепаратысцкія настроі. У маі 1967 г. ваенны губернатар Усходняй вобласці А. Аджукву абвясціў яе незалежнай дзяржавай Біяфра. У ліпені 1967 г. пачалася вайна паміж сепаратыстамі і цэнтральным урадам, у якой загінула больш за 1 млн чалавек. 15 студзеня 1970 г. войскі Біяфры капітулявалі. У 1975 г. Гавон быў скінуты генералам М. Мухамедам. Пасля забойства Мухамеда ў 1976 г. ваенны кіраўнік А. Абасанджа перадаў уладу дэмакратычна выбранаму прэзідэнту А. Ш. Шагары (скінуты ваеннымі 31 снежня 1983 г.).

Гудлак Джонатан у сваім знакамітым капелюшы

У пачатку 1990-х гг. пачалася дэмакратызацыя грамадскага жыцця, але пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах 1993 г. лідара апазіцыі М. Абіёлы ваенныя ўлады анулявалі яе вынікі. У краіне быў усталяваны жорсткі, аўтарытарны рэжым генерала С. Абачы і Нігерыя апынулася ў міжнароднай ізаляцыі. Пасля смерці Абачы (чэрвень 1998 г.) ваеннае кіраўніцтва было вымушана правесці ў лютым 1999 г. дэмакратычныя выбары, на якіх прэзідэнтам выбраны прадстаўнік Народнай дэмакратычнай партыі Абасанджа. Яго ўрад абвясціў праграму шырокіх пераўтварэнняў. Была дасягнута дамоўленасць аб чаргаванні прэзідантаў -хрысціян і -мусульман. Не здолеўшы прыняць закон аб абмежаванні колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, у 2007 годзе Абасанджа перадаў паўнамоцтвы свайму стаўленіку Яр-Адуа, які у 2010 пакінуў пост па стане здароўя і неўзабаве памёр. Яго пераемнікам стаў Гудлак Джонатан.

Пачатак ХХІ стагоддзя азмрочыўся шматлікімі сутыкненнямі хрысціян і мусульман. З першай паловы 2000-х і да гэтага часу на тэрыторыі Нігерыі і суседніх краін дзейнічае тэрарыстычная ісламісцкая групоўка «Бока Харам», якая выступае за прыняцце нормаў шарыяту і выкараненне «атрыбутаў Захаду» (свецкай адукацыі, выбараў і г. д.). У 2015 г., прысягнуўшы на вернасць ісламскай дзяржаве, яна перайменавалася ў «заходнюю правінцыю ісламскай дзяржавы».

7 жніўня 2018 г. Узброеныя супрацоўнікі Службы дзяржаўнай бяспекі Нігерыі блакавалі ўваход у будынак парламента краіны ў Абуджы. Адзін з сенатараў ад апазіцыйнай Народна-дэмакратычнай партыі (НДП), Бэн Мары-Брус заявіў, што адзін з сенатараў ад кіруючай партыі «Кангрэс ўсіх прагрэсіўных сіл» (КВПС), Гадсуіл Акпабіё, спрабуе дамагчыся змены кіраўніцтва Сенату. Раней, старшыня Сената Абубакар Букола Саракі разам з некалькімі іншымі сенатарамі ад КВПС перайшлі ў НДП, спасылаючыся на дыктат кіраўніцтва партыі[4].

Дзяржаўны лад і палітыка

Асноўны артыкул: Дзяржаўны лад Нігерыі Фармальна, Нігерыя з’яўляецца шматпартыйнай рэспублікай, але ёсць таксама меркаванне, што ў рэчаіснасці Народная дэмакратычная партыя (People’s Democratic Party — PDP) кантралюе амаль усе рычагі ўлады[5].

Выканаўчая ўлада

Прэзідэнт Бухары з прэзідэнтам Ірана Рухані на саміце ў Тэгеране, 2015

Прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Абіраецца ўсеагульным прамым тайным галасаваннем тэрмінам на 4 гады і можа займаць пост не больш за два тэрміны запар. У маі 2006 года Сенат адмовіўся зацвердзіць канстытуцыйную папраўку, якая дае магчымасць прэзідэнту абірацца на трэці тэрмін. На дадзены момант прэзідэнтам з’яўляецца Махамаду Бухары, які ў сакавіку 2015 на дэмакратычных выбарах перамог свайго папярэдніка Гудлака Джонатана. Праз 4 гады Бухары быў пераабраны.

Заканадаўчая ўлада

Двухпалатны нацыянальны сход (Нацыянальны Сход, the National Assembly)[6].

Верхняя палата — Сенат (109 месцаў). Сенатары абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці ў 36 трохмандатных і адным аднамандатных акругах. Старшыня Сената абіраецца непрамым галасаваннем з сенатараў. Ніжняя палата — Палата прадстаўнікоў (360 месцаў). Дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме адноснай большасці. Тэрмін паўнамоцтваў усіх дэпутатаў — 4 гады. Большасць месцаў у Сенаце і 213 ў Палаце прадстаўнікоў знаходзяцца пад кантролем прапрэзідэнцкай Народнай дэмакратычнай партыі (НДП).

Знешняя палітыка

Беларуска-нігерыйскія адносіны

Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Нігерыяй устаноўлены 3 жніўня 1992 года. У снежні 2011 г. у г. Абуджы адкрыта Пасольства Рэспублікі Беларусь. З лютага 2012 года Пасол Беларусі ў Нігерыі - Бяскосты ўручыў даверчыя граматы Прэзідэнту Федэратыўнай Рэспубліцы Нігерыя Г. Джонатану 17 мая 2012.

Адміністрацыйны падзел

Нігерыя — федэратыўная дзяржава, складаецца з 36 штатаў і федэральнай сталічнай тэрыторыі. Адзінкі другога ўзроўню — раёны мясцовага кіравання (іх 774)

Фізіка-геаграфічная характарыстыка

Геаграфічнае становішча

Нігерыя размешчана ў Заходняй Афрыцы на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва і займае плошчу 923.768 км², з’яўляючыся 32-й краінай у свеце і 14-й у Афрыцы па тэрыторыі. Агульная працягласць дзяржаўнай мяжы складае 4047 км: на захадзе — з Бенінам (773 км), на поўначы — з Нігерам (1497 км), на паўночным усходзе — з Чадам (87 км, праходзіць па возеры Чад), на ўсходзе — з Камерунам (1690 км); даўжыня лініі ўзбярэжжа складае 853 км.

Прырода

Асноўны артыкул: Прырода Нігерыі

Скала зума

Рэкі Нігер і Бенуэ дзеляць краіну на дзве часткі: у паўднёвай частцы размешчана Прыморская раўніна, у паўночнай пераважаюць невысокія пласкагор’і. Вялікую тэрыторыю краіны займае Прыморская раўніна, утвораная ў асноўным рачнымі наносамі. На захадзе раўніны ўздоўж узбярэжжа размешчаны ланцуг пясчаных кос, якія злучаюцца адна з адной і Гвінейскім залівам. На поўнач ад Прыморскай раўніны тэрыторыя краіны пераходзіць у невысокае пласкагор’е — плато Ёруба на захад ад ракі Нігер і плато Удзі — на ўсход. Далей размяшчаецца Паўночнае пласкагор’е, вышыня якога змяняецца ад 400—600 м да больш за 1000 м. Найбольш высокай з’яўляецца цэнтральная частка пласкагор’я — плато Джос, вышэйшая кропка якога — гара Шэрэ (1735 м). На паўночным захадзе Паўночнае пласкагор’е пераходзіць у раўніну Сакота, на паўночным усходзе — у раўніну Борн. Найвышэйшая кропка краіны гара Чапал Вадзі (2419 м) размешчана ў штаце Тараб’я побач з нігерыйска-камерунскай мяжой

Клімат змяняецца ад вільготнага экватарыяльнага на поўдні да субэкватарыяльнага ў цэнтральнай частцы і на поўначы. Гэта азначае, што на працягу года па ўсёй тэрыторыі Нігерыі назіраюцца высокія тэмпературы (24-28°С). Затое, па меры руху з поўдня на поўнач учацвёра змяншаецца колькасць ападкаў — ад 2000 да 500 мм, паралельна з’яўляцца і расце ў сваёй працягласці сухі сезон.

Бенуэ у верхнім цячэнні

Галоўная рака краіны — Нігер, трэцяя па даўжыцні рака Афрыкі. На Нігерыю прыходзіцца ніжняе судyаходнае цячэнне гэтай магутнай ракі. Вядомая запасамі нафты дэльта Нігера плошчай 70 000 кв. км. адносіцца да найвялікшых дэльт свету. На Нігерыю прыходзіцца большая частка буйнейшага прытока Нігера — шматводнай ракі Бенуэ, даўжынёй 1400 км, што пачынаецца ў Камеруне і ўпададае ў Нігер ля горада Лакоя.

Дрыл (Mandrillus leucophaeus)
Расход Нігера і Бенуэ ў пункце іх зліцця прыблізна аднолькавы. На паўночным ўсходзе Нігерыі належыць паўднёва-заходні сектар возера [Чад](/Чад_(возера) "Чад (возера)"), якое Нігерыя дзеліць з Чадам, Камерунам і Нігерам.

Крайні поўдзень краіны займаюць мангравыя лясы дэльты Нігера. Далей на поўнач яны перапераходзяць у вільготныя лясы прэснаводных забалочаных тэрыторый. За межамі дэльты да самай камерунскай мяжы цягнуцца вільготныя экватарыяльныя лясы, моцна пацярпелыя ад чалавечай дзейнасці. Тым не менш, лясы вылучаюцца біяразнастайнасцю. Толькі тут можна сустрэць дрыла — шэрую малпу, а разнастайнасці матылькоў пазайздросцяць і лясы Амазоніі. Цэнтральную і паўночную частку Нігерыі з субэкватарыяльным кліматам займаюць саванны. На поўдні гэта Гвінейская лесасаванна, дзе ўчасткі лясоў чаргуюцца з травяністымі ўчасткамі. Далей на поўнач ідзе Суданская саванна з высокімі травамі і частымі дрэвамі, самая поўнач з працяглым засушлівым сезонам занята сахельскай апустыненай саваннай, дзе і травы ніжэй і дрэвы радзей.

Галоўная экалагічная праблема — абязлесенне. У пачатку ХХІ стагоддзя Нігерыя была лідарам сусветнага рэйтынгу звядзення лясоў. Другая праблема — непапраўны ўрон, што наносіцца экасістэмам дэльты Нігера нафтаздабычай.

Насельніцтва

Асноўны артыкул: Насельніцтва Нігерыі

Колькасць, рассяленне

Насельніцтва Нігерыі[7]
Год Мільёнаў
197155.1
198071.1
199094.5
2000124.8
2004138.0
2008151.3
2017190.3

Нігерыя з насельніцтвам амаль 200 млн чалавек з’яўляецца сёмай паводле колькасці насельніцтва краінай у свеце, і нават кансерватыўныя ацэнкі колькасці насельніцтва Афрыкі прыводзяць да высновы, што больш за 20 % чорнага насельніцтва свету пражывае ў Нігерыі. Нізерыя з’яўляецца самай населенай краінай у Афрыцы, у наступнай краіне — Эфіопіі — пражывае некалькі болей за 100 млн чал.. Нацыянальныя вынікі перапісу ў апошнія некалькі дзесяцігоддзяў былі даволі спрэчнымі. Вынікі апошняга перапісу насельніцтва былі выпушчаныя ў снежні 2006 года, паводле якіх насельніцтва краіны складала 140 003 542 чалавек. Сённяшняя лічба колькасці насельніцтва атрымана метадам ацэнкі.

Пачынаючы з другой паловы ХХ ст, насельніцтва Нігерыі расло вельмі хуткімі тэмпамі. У 1950 годзе у Нігерыі пражывала толькі 33 мільёны чалавек[8]. Да 1990 яно вырасла ўтрая. Павелічэнне насельніцтва ў Нігерыі з 1990 па 2017 годы склала 95 млн чалавек, г.зн., яго колькасць вырасла яшчэ ўдвая[7]. Сёння (2017) прырост застаецца вельмі высокім — 2,4 %. Сумарны каэфіцыент нараджальнасці у 2017 годзе склаў 5,07[1]. Амаль палову насельніцтва складаюць дзеці і падлеткі да 15 гадоў, што робіць Нігерыю адной з наймаладзейшых краін свету. Паводле прагнозаў ААН Нігерыя з’яўляецца адной з васьмі краін, на якія, як чакаецца, прыйдзецца палова агульнасусветнага прыросту насельніцтва з 2005 па 2050 гады[9]. Да 2100 года, паводле ацэнак ААН, нігерыйскае насельніцтва будзе складаць не менш чым 730 мільёнаў чалавек[10].

Нацыянальная мячэць у Абуджы

У Нігерыі пражывае больш чым 250 этнічных груп з рознымі мовамі і звычаямі. Найбуйнейшымі этнічнымі групамі з’яўляюцца хаўса, ёруба, ігбо, на якія прыходзіцца 62 % насельніцтва. Сярэдняя паласа Нігерыя вядомая сваёй разнастайнасцю этнічных груп.

Нацыянальная царква ў Абуджы
. У Нігерыі ёсць дзве галоўныя [рэлігіі](/Рэлігія "Рэлігія"). [Іслам](/Іслам "Іслам") дамінуе на поўначы краіны, таксама распаўсюджаны ў паўднёва-заходняй яе частцы, сярод народа [ёруба](/Ёруба,_народ "Ёруба, народ"). У 12 штатах Нігерыі дзейнічаюць законы [шарыяту](/Шарыят_у_Нігерыі "Шарыят у Нігерыі"). [Пратэстантызм](/Пратэстантызм "Пратэстантызм") і мясцовае [сінкрэтычнае](/Рэлігійны_сінкрэтызм "Рэлігійны сінкрэтызм") [хрысціянства](/Хрысціянства "Хрысціянства") таксама распаўсюджаны сярод ёруба, у той час як [каталіцызм](/Каталіцызм "Каталіцызм") пераважае ў народа [ігба](/Ігба,_народ "Ігба, народ"). Рэлігійныя сутыкненні адбываюцца паміж прадстаўнікамі розных рэлігійных груп, такімі як мусульмане і хрысціяне.

Нігерыя адрозніваецца высокай шчыльнасцю насельнітва — амаль 200 чалавек на кв.км. Гэта адзін з найвышэйшых паказчыкаў у Афрыцы, па шчыльнасці насельніцтва Нігерыю пераўзыходзяць толькі Руанда і невялікія астраўныя дзяржавы. Па тэрыторыі краіны насельніцва размеркавана раўнамерна, гусцей заселена паўднёва-заходняя частка. Каля паловы нігерыйцаў у 2017 годзе пражывала ў гарадах. У Нігерыі па меншай меры дзевяць гарадоў (2018), якія маюць насельніцтва больш за 1 мільён чалавек: Лагас (13,5 млн, 21 млн у агламерацыі[11]), Кано (3,8 млн), Ібадан (3,4 млн), Абуджа (2,9 млн), Порт-Харкорт (2,3 млн) і Бенін-Сіці, Кадуна, Анітша і Аба)[1]. У Лагасе пражывае больш за 13 мільёнаў чалавек, гэта адзін з найбуйнейшых гарадоў Афрыкі і свету. Іншыя гарады: Ашогба, Джос, Ілеша, Ілорын.

Эканоміка

Асноўны артыкул: Эканоміка Нігерыі

Востраў Лагас, адзін з галоўных эканамічных цэнтраў Нігерыі

Раней эканамічнае развіццё было абцяжарана ў гады ваеннага праўлення, карупцыі і безгаспадарчасці. Аднаўленне дэмакратыі і правядзенне эканамічных рэформ паспяхова скасавала перашкоды на шляху Нігерыі да развіцця свайго поўнага эканамічнага патэнцыялу. Багатыя прыродныя рэсурсы і вялікая колькасць рабочых рук могуць стаць тым падмуркам, які зробіць Нігерыю не толькі рэгіянальным эканамічным лідарам, але і важным гульцом на сусветным рынку. У 2005 годзе Нігерыя была аднесена да групы «Наступныя 11» — развіваючыхся краін, што могуць у ХХІ стагоддзі стаць лакаматывамі сусветнай эканомікі. Пакуль жа гаспадарка краіны базуецца выключна на нафтавай галіне (займае першае месца ў Афрыцы па здабычы нафты). Нігерыя займае 23-е месца ў свеце паводле аб’ёму ВУП па стане на 2017 год. У 2014 Нігерыя апярэдзіўшы ПАР, стала першай у Афрыцы па памерах ВУП[3].Апошнія гады тэмпы росту паказчыка вельмі марудныя: у 2017 рост ВУП склаў усяго 0,8 %, у 2016 быў увогуле адмоўным — -1,6 %. Душавыя эканамічныя паказчыкі застаюцца вельмі нізкімі. У 2017 ВУП на душу насельніцтва склаў каля 6000 долараў, гэта толькі 129 месца ў свеце. Паводле дадзеных Сусветнага банка за 2010 год, 84,5% насельніцтва Нігерыі жывуць усяго на $ 2 у дзень ва ўмовах недахопу вады і электрычнасці.

Здабыўная прамысловасць фармуе аснову нігерыйскай эканомікі. Перш за ўсё гаворка ідзе аб нафце, асноўныя паклады якой размешчаны ў дэльце ракі Нігер. Нафта на нігерыйскай зямлі была знойдзена ў 1901, прамысловая здабыча пачалася ў 1956. У 1973 Нігерыя была прынята ў АПЕК і па сённяшні дзень застаецца членам гэтай арганізацыі. У 2017 годзе здабыча нафты склала каля 2 млн барэляў у дзень — першае месца ў Афрыцы[12]. У 2016 сырая нафта склала 75,6 % нігерыйскага экспарту.[13]. Разам з нафтай здабываецца прыродны газ, які экспартуецца ў звадкаваным выглядзе (13 % экспарту). На плато Джос на поўначы краіны з пачатку ХХ ст. здабываецца волава. Здабыча вугалю і золата ў апошнія дзесяцігоддзі амаль спынілася.

Апрацоўчая прамысловасць, як і паўсюль у трапічнай Афрыцы, развітая не надта і арыентавана на ўнутраны рынак. Яе асноўныя галіны: хімічная прадукцыя і ўгнаенні, гума; лесаматэрыялы; лёгкая (вытворчасць абутку, бавоўна, апрацоўка шкур і скуры, вытворчасць тэкстылю); цэмент і іншыя будматэрыялы; харчовая прамысловасць (вытворчасць пальмавага алею).

70 % насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы, якая дае 21,6 % ВУП[1]. Найважнейшая галіна — раслінаводства. На экспарт вырошчваюцца какава, кава, арахіс, садавіна і гародніна. Для ўнутранага спажывання — маіс, салодкая бульба, рыс. Разводзіцца жывёла: авечкі, козы, свінні; развіта рыбалоўства.

Галоўныя партнёры па экспарцеІндыя (20%), ЗША, Іспанія, якія купляюць нігерыйскія нафту і газ. Нігерыя імпартуе прадукты нафтаперапрацоўкі, харчаванне, медыкаменты, тэхніку (аўтамабілі, мабільныя тэлефоны). Галоўныя партнёры па імпарце — Кітай (27 %), Бельгія, Нідэрланды, ЗША (2016)[14]

Вядомыя асобы

Гл. таксама

Зноскі

  1. 1 2 3 4 https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/ni.html Архівавана 24 кастрычніка 2020.
  2. http://www.imf.org/external/pubs/ft/weo/2018/01/weodata/weorept.aspx?pr.x=67&pr.y=11&sy=2017&ey=2017&scsm=1&ssd=1&sort=country&ds=.&br=1&c=694&s=NGDPD%2CPPPGDP%2CNGDPDPC%2CPPPPC&grp=0&a=
  3. 1 2 http://tass.ru/ekonomika/1101744
  4. СМІ: супрацоўнікі спецслужбаў заблакавалі ўваход у парламент Нігерыі(нявызн.). Новы Час (7 жніўня 2018). Праверана 7 жніўня 2018.
  5. Afrikas Riese gerät ins Schlingern(недаступная спасылка)(ням.)
  6. ICFNL Constitution Of the Federal Republic of Nigeria(англ.) . Архівавана з першакрыніцы 21 жніўня 2011. Праверана 27 марта 2011.
  7. 1 2 CO2 Emissions from Fuel Combustion Архівавана 12 кастрычніка 2009. Population 1971-2008 IEA
  8. Kent, Mary Mederios; Carl Haub (December 2005). «The Demographic Divide: What It Is and Why It Matters» Архівавана 26 красавіка 2011.. Population Reference Bureau.
  9. «World population to increase by 2.6 billion over next 45 years, with all growth occurring in less developed regions». UN.
  10. «Population Division of the Department of Economic and Social Affairs of the United Nations Secretariat». UN. 2010.
  11. http://www.citypopulation.de/php/nigeria-metrolagos.php
  12. https://www.bp.com/content/dam/bp/en/corporate/pdf/energy-economics/statistical-review/bp-stats-review-2018-full-report.pdf Архівавана 22 студзеня 2019.
  13. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=159&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&year=2016
  14. http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=159&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Product&tradeDirection=import&year=2016

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Старонкі з няправільным сінтаксісам спасылак на крыніцы
Катэгорыя·Нігерыя
Катэгорыя·Вікіпедыя·Істотныя артыкулы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Дзяржавы паводле алфавіта