wd wp Пошук:

Гродзенская губерня

Гродзенская губерня — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка Расійскай імперыі рэгіянальнага ўзроўню, утвораная ў 1801 годзе, якая існавала да 1921 года. Цэнтрам быў горад Гродна.

Губерня ўваходзіла ў склад Літоўскага (Віленскага) генерал-губернатарства, а таму была складовай часткай Паўночна-Заходняга края Расійскай імперыі.

Гісторыя

Паводле свайго маніфеста ад 30 кастрычніка 1794 г. расійская імператрыца Кацярына ІІ загадала пасля падаўлення паўстання 1794 года галоўнакамандуючаму расійскімі войскамі Мікалаю Рапніну падзяліць акупаваныя землі Вялікага Княства Літоўскага на тры часткі (у складзе 17 паветаў) — Ковенскую, Віленскую і Гродзенскую, і прызначыла Рапніна літоўскім генерал-губернатарам (ці «генерал-губернатарам Літоўскага княства») з рэзідэнцыяй (Вярхоўным Праўленнем) у Гродне[1][2].

Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай 14 снежня 1795 г. захопленыя тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, якія яшчэ з 30 кастрычніка 1794 падпарадкоўваліся літоўскаму генерал-губернатару Рапніну, былі падзелены на Слонімскую (тэрытарыяльна правобраз будучай Гродзенскай губерні) і Віленскую губерні і засталіся пад кіраваннем літоўскага генерал-губернатара[3][4]. Слонімская губерня складалася з 8 паветаў: Слонімскага, Навагрудскага, Гродзенскага, Ваўкавыскага, Брэсцкага, Кобрынскага, Пружанскага і Лідскага.

18 чэрвеня 1796 г. літоўскі генерал-губернатар князь Мікалай Рапнін спланаваў рэарганізацыю падначаленай яму тэрыторыі ў Слонімскае намесніцтва (правобраз будучай Гродзенскай губерні) і Віленскае намесніцтва[5]. Указ імператрыцы Кацярыны ІІ ад 8 жніўня 1796 г. Рапніну загадваў стварыць Віленскае і Слонімскае намесніцтвы, але па прычыне смерці імператрыцы яны не былі створаны[6].

Падчас адміністрацыйна-тэрытарыяльных рэформ Паўла I паводле ўказа ад 12 снежня 1796 г. Віленская і Слонімская губерні аб’ядноўваліся ў адну — Літоўскую губерню (1796—1801) з цэнтрам у Вільні. Літоўская губерня ўваходзіла ў склад Літоўскага генерал-губернатарства (з адной Літоўскай губерняй)[7].

Расійскі імператар (1801—1825) Аляксандр I сваім указам ад 9 (21) верасня 1801 г. падзяліў Літоўскую губерню на дзве — Літоўска-Віленскую губерню (1801—1840) і Літоўска-Гродзенскую губерні (1801—1840), якія ўвайшлі ў склад Літоўскага ваеннага губернатарства (1801—1830) з цэнтрам у Вільні[8].

18 ліпеня 1840 г. расійскі імператар Мікалай I загадаў Сенату перайменаваць Літоўска-Віленскую губерню ў Віленскую губерню (1840—1917), а Літоўска-Гродзенскую губерню ў Гродзенскую губерню[9].

Паводле ўказу ад 18 снежня 1842 г. у склад Гродзенскай губерні была ўключана Беластоцкая вобласць (1808—1842)[10], якая складалася з чатырох паветаў (Беластоцкі, Сакольскі, Бельскі і Драгічынскі, прычым апошні злучаны быў з Бельскім у адзін павет). Тым жа ўказам Лідскі павет Гродзенскай губерні быў уключаны ў склад Віленскай губерні, а Навагрудскі — у склад Мінскай губерні. Такім чынам Гродзенская губерня пачала складацца з 9 паветаў. Такі склад Гродзенскай губерні пратрываў да скасавання губерні ў 1917 г.

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай беларуская частка Гродзенскай губерні абвяшчалася часткай БНР. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі Гродзенская губерня ўвайшла ў Беларускую ССР, а 27 лютага 1919 года было аформлена стварэнне ЛітБел ССР.

Пасля польска-савецкай вайны, паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) тэрыторыя ў складзе Польшчы. Гродзенская губерня скасавана, яе Беластоцкі, Бельскі, Ваўкавыскі, Гродзенскі, Саколкаўскі паветы ўвайшлі ў Беластоцкае ваяводства, Брэсцкі, Кобрынскі, Пружанскі паветы — у Палескае ваяводства, а Слонімскі павет — у Навагрудскае ваяводства (Польшча).

Карты

Вядомыя асобы

Зноскі

  1. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, № 17264; Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 371.
  2. Паралельна Мікалай Рапнін быў ліфляндскім і эстляндскім генерал-губернатарам, а цалкам князь афіцыйна менаваўся як «Яе Імператарскай Вялікасці, Самаўладцы Усерасійскай генерал-аншэф, Галоўнакамандуючы войскамі, ахапіўшымі Вялікае Княства Літоўскае, сенатар, ліфляндскі, эстляндскі і літоўскі генерал-губернатар, Яе Вялікасці генерал-ад’ютант, палкоў лейб-гвардыі Ізмайлаўскага падпалкоўнік, Таўрычаскага грэнадзерскага шэф, і ордэнаў расійскіх Св. Апостала Андрэя Першакліканага, Аляксандра Неўскага, ваеннага Св. Вялікапакутніка і пабеданосца Георгія і Св. Роўнаапостальнага князя Уладзіміра першых ступеняў, каралеўскага польскага Белага Арла і вялікакняскага Галсцінскага Св. Ганны кавалер». Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, № 17264.
  3. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, № 17417.
  4. У 1795—1796 гг. літоўскі генерал-губернатар князь Рапнін ва ўказах Кацярыны ІІ (а пасля і Паўла І) менаваўся часам як віленскі і слонімскі генерал-губернатар. Гл.: Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, № 17430, 17494, 17519.
  5. Анішчанка, Я. К. Інкарпарацыя… С. 383.
  6. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 23, № 17494, 17525.
  7. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 24, № 17634.
  8. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор першы. Т. 26, № 20004.
  9. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі. Т. 15, аддзяленне 1, № 13678; История Литовской ССР… С. 176; Żmudź / Encyklopedia Powszechna. — T. 28. — С. 997.
  10. Поўны збор законаў Расійскай імперыі. Збор другі, Т. 17, аддзял. 2, № 16347.
  11. Ашмянскі павет у канечным выніку не быў уключаны ў склад Літоўска-Гродзенскай губерні.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (8):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Гродзенская губерня
Катэгорыя·Гісторыя Беларусі (1795—1918)
Катэгорыя·Гісторыя Польшчы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара