wd wp Пошук:

Футуна

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Футуна.

Футу́на (саманазва Futuna) — прадстаўнікі дзвюх палінезійскіх этнічных груп на астравах Хорн (Уоліс і Футуна) і востраве Футуна (Вануату). Падзяляюцца на ўсходніх футуна, выхадцаў з астравоў Хорн (8900 чал., многія з іх таксама жывуць у Новай Каледоніі)[1], і заходніх футуна з Вануату (2000 чал.)[2].

Усходнія футуна

Першыя носьбіты палінезійскай керамікі Лапіта з’явіліся на астравах Хорн у канцы 1 тысячагоддзя да н. э. меркавана з тэрыторыі Фіджы[3]. У сярэднявеччы яны знаходзіліся ў цесных адносінах з суседнімі ўвеа, а таксама танганцамі і самоанцамі. Сувязі з апошнімі асабліва ясна прасочваюцца ў мясцовай мове. Відавочна, у XV — XVI стст. астравы Хорн былі заваяваны танганскімі правадырамі ту’і Тонга, але да пачатку XVII ст. тут ужо існавала дзве самастойныя дзяржавы на чале правадыроў з тытуламі ту’і Сігаве і ту’і Ала.

У 1616 г. астравы Хорн былі адкрыты галандскімі мараплаўцамі. У 1837 г. французскія місіянеры паспяхова распаўсюдзілі сярод астравіцян каталіцызм. Уплыў місіянераў прывёў да таго, што ў 1887 г. ту’і Сігаве і ту’і Ала падпісалі з Францыяй дагавор аб пратэктараце. У 1917 г. астравы Хорн сталі часткай французскай калоніі Уоліс і Футуна.

Асноўнымі заняткамі ўсходніх футуна здаўна былі рыбалоўства і земляробства. Першыя наведвальнікі астравоў Хорн не шкадавалі добрых слоў пра шчодрасць мясцовай прыроды і вялікія ўраджаі. Для вырошчвання клубневых раслін футуна практыкавалі ірыгацыю[4].

Асновай грамадства з’яўляліся пашыраныя сем’і, у карыстанні якіх знаходзіліся зямельныя надзелы. Размеркаваннем зямлі згодна звычаёваму праву займаліся манархі ту’і. Нават пасля далучэння да Францыі яны захавалі гэтую прывілігію. Продаж надзелаў іншаземцам і выхадцам з Францыі да нашых дзён забаронены. Сама пасада манарха выбарная, займаецца прадстаўнікамі некалькіх злучаных сваяцтвам родаў правадыроў усяго на некалькі гадоў. У мінулым такая практыка прыводзіла да частых войнаў паміж прыхільнікамі на ролю ту’і. Да шырокага распаўсюджвання грошаў манарх мог разлічваць на абавязковыя падарункі ад простых абшчыннікаў-сека.

Французскія місіянеры ў XIX ст. паведамлялі, што мужчыны-футуна маюць доўгія валасы, якія зачэсваюць з дапамогай духмянага алею, а жанчыны — кароткія прычоскі, з якіх застаўляюць доўгімі толькі адну ці дзве пасмы. Вельмі старажытныя карані меў звычай татуіроўкі цела. Вопратка ў мужчын і жанчын была прыкладна аднолькавая, рабілася з тапы.

Дахрысціянскія вераванні ўяўлялі сабою зліццё культу продкаў, веры ў неўміручасць душы, магічныя практыкаванні, забабоны тапу і шанаванне багоў, галоўнае месца сярод якіх займаў мясцовы бог Фака-Велі-Келе і бог Мафу-Іке-Фулу (атаесамляецца з Маўі). Згодна місіянерам, да прыняцця хрысціянства ў абмежаваных выпадках практыкаваўся канібалізм, было вядома дзетазабойства. Добра захавалася танцавальнае мастацтва ўсходніх футуна. У мінулым яно мела рытуальныя мэты. У нашы дні танец абавязкова суправаджае святочныя хрысціянскія дні.

Заходнія футуна

Заходнія футуна адносяцца да так званых знешніх палінезійцаў. Яны размаўляюць на мове футуна-аніва, блізкай да самаанскай і таксама роднай для суседняга знешнепалінезійскага народа аніва. Іх паходжанне ад усходніх футуна з’яўляецца дыскусійным, але верагодным. У казках пра першапродка Маджыхджыкі кажацца, што яго жонка была родам з Тонга. У знешнім абліччы астравіцян шмат меланезійскіх рыс.

Цікава, што ўлады Футуны абмяжоўваюць наведванне іх вострава турыстамі для лепшага захавання арыгінальнай традыцыйнай культуры. Важнае месца ў жыцці гэтага народа займае фальклор, прадстаўлены міфамі, казкамі, эпічнымі паданнямі.

Зноскі

  1. Futunan, East
  2. Futunan, West
  3. Janet Davidson, The Prehistory of Western Polynesia
  4. PATRICK V. KIRCH AND DANA LEPOFSKY, Polynesian Irrigation: Archaeological and Linguistic Evidence for Origins and Deveiopment

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (3):
Катэгорыя·Палінезійскія народы
Катэгорыя·Уоліс і Футуна
Катэгорыя·Народы Вануату