У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Стахоўскі. Францішак Ксаверый Стахоўскі (польск.: Franciszek Stachowski, лац.: Franciscus Xaverius Stachowski, англ.: Francis Stackhowski; 5 лютага 1790, Беларусь — 1850, Кракаў) — дзеяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў; педагог, доктар філасофіі і тэалогіі, прафесар Полацкай езуіцкай акадэміі (1818—1819), ганаровы доктар Ягелонскага ўніверсітэта (1837)[1].
Уступіў у Таварыства Ісуса 10 верасня 1803 г. і на працягу двух гадоў праходзіў выпрабаванне ў Дынабургскім навіцыяце. Прайшоўшы курсы рыторыкі (Орша, 1805—1806) і філасофіі (Полацк, 1806—1809), адзін навучальны год выкладаў у Віцебску ў класе інфімы. Потым працаваў у езуіцкіх школах Санкт-Пецярбурга настаўнікам класа інфімы і нямецкай мовы (1810—1812) і выкладчыкам граматыкі, сінтаксіса і французскай мовы (1812—1814).
У 1814—1818 вывучаў тэалогію ў Полацкай езуіцкай акадэміі, а пасля яе сканчэння атрымаў пасаду прафесара рыторыкі (1818—1819)[2]. У 1816 г. высвечаны на ксяндза[3]. Таксама выкладаў у Акадэміі грамадзянскае права і дыпламатыю[4].
Калі ў студзені 1820 г. імператар Аляксандр І загадаў езуітам пакінуць межы яго дзяржавы, Францішак Стахоўскі праходзіў трэцюю прабацыю ў Віцебску. Разам з двума іншымі беларускімі езуітамі Казімірам Гласко і Адамам Пятрышчам у снежні 1820 г. прыбывае ў галоўны цэнтр езуіцкай адукацыі ў Ірландыі — нядаўна адчынены Клонгоўз Вуд каледж (англ.: Clongowes Wood College, лац.: Collegium Cluense; каля горада Клэйн, графства Кілдэр)[5][6]. Як прафесар дагматычнай тэалогіі і Св. Пісання спрыяў пашырэнню адукацыйнай праграмы гэтай навучальнай установы. (Пад канец ХІХ ст. у прэстыжным Клонгоўз Вуд каледжы некалькі гадоў вучыўся будучы класік сусветнай літаратуры Джэймс Джойс).
У 1823 г. пакінуў Ірландыю і пераехаў у Кракаў, дзе стаў сакратаром Кракаўскага архібіскупа Яна Вароніча[7]. У маі 1826 г. па ўласным жаданні выйшаў з Таварыства Ісуса[8]. Канонік кафедральнай капітулы, архіпрэсвітэр кракаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі[9].
Памёр у Кракаве ў 1850 г.
У І томе за 1818 год «Полацкага штомесячніка» надрукаваў разбор працы «Partitiones ecclesiasticae» (Кракаў, 1589; у 1817 г. у полацкай друкарні выйшла яе перавыданне[10]) Станіслава Сакалоўскага, прапаведніка караля Стэфана Баторыя. Ужо пасля выхаду з Таварыства Ісуса апублікаваў дзве прамовы (першая была зроблена на пахаванні архібіскупа Яна Вароніча ў 1829 г., другая — за спакой душы Яна Снядэцкага, з якой выступіў у кракаўскім касцёле Св. Ганны у 1832 г.) і жыццяпіс Магілёўскага архіепіскапа Станіслава Богуша-Сестранцэвіча (прачытаны 27 мая 1839 г. на пасяджэнні Навуковага Таварыства ў Кракаве і Ягелонскага ўніверсітэта)[11].