Віцебскі езуіцкі калегіум — навучальная ўстанова Таварыства Ісуса, якая дзейнічала ў Віцебску. Спыніла сваё існаванне ў сувязі з выгнаннем езуітаў з Расійскай імперыі.
Фундатарам рэзідэнцыі езуітаў у Віцебску выступіў Аляксандр Гасеўскі. 26 жніўня 1637 г. ён перадаў на яе карысць частку зямель на Смаленшчыне, якія былі атрыманы ад караля Уладзіслава IV за ўзяцце маскоўскай крэпасці Белай. У 1648 г. пры рэзідэнцыі была адкрыта школа. Першымі яе педагогамі былі Аляксанд Бялінскі і Матвей Змудскі: адзін выкладаў у класе інфімы, а другі — граматыкі[1].
Негатыўны ўплыў на развіццё ордэнскай пляцоўкі зрабіла вайна паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай (1654—1667). Спачатку рэзідэнцыя страціла амаль усе смаленскія ўладанні, а потым наогул спыніла дзейнасць пад час варожай акупацыі Віцебска. Неўзабаве школа была адноўлена. Па дадзеных Л.Гжэбня, у 1675 г. у ёй зноў пачалі выкладаць паэтыку, а ў 1676 г. з’явіўся клас рыторыкі[2]. Т. Б. Блінова, аднак, сцвярджае, што сярэдняя школа пачала дзейнічаць толькі ў 1678/1679 навучальным годзе[3].
У 1682 г. рэзідэнцыя была пераўтворана на калегіум. Далейшае развіццё школьнай справы было перарванае Паўночнай вайной, якая моцна закранула Віцебск[3]. Нармальнае яе функцыянаванне аднавілася толькі ў 1713/1714 навучальным годзе. А ўжо ў 1731/1732 навучальным годзе у Віцебскім калегіуме з’явілася вышэйшая школа — пачалося выкладання філасофіі (Л. Гжэбень адносіць час яе з’яўлення да 1738 г.[2]). З 1751/1752 пачалі выкладаць гісторыю, у 60-я гг. — геаграфію[4], а з 1790 г. — архітэктуру[5] (выкладаў яе Гаэтана Анджаліні[6]).
У 1783 г. Віцебскі калегіум разам Полацкім заставаўся адзінай езуіцкай установай установай, дзе моладзь магла атрымаць вышэйшую адукацыю. Акрамя таго віцебскія езуіты-педагогі працавалі ў ніжэйшых школах граматыкі ў Чачэрску і Лазовіцы[7]. Таксама як і ў Полацку Таварыства Ісуса здолела практычна манапалізаваць адукацыю ў горадзе. Так, у 1796 г. у шасці класах вучыўся 131 чалавек (у І — 46, у ІІ і ІІІ — 39, у IV — 35, у V — 7, у VI — 4). У 1802 г. колькасць вучняў зменшылася да 70, што, магчыма было звязана з пачаткам узвядзення новага школьнага будынка. Ён быў скончаны у 1808 г. Першы яго паверх быў адведзены пад ніжэйшыя класы і меў залу для прыёму экзаменаў, на другім паверсе размяшчаліся вышэйшыя класы, тэатр і кабінеты[8].
Калі ў другой палове першага дзесяцігоддзя ХІХ ст. езуіты рашуча адмовіліся падпарадкаваць свае навучальныя ўстановы свецкаму Віленскаму ўніверсітэту, міністр асветы П. В. Завадоўскі загадаў адкрыць у Віцебску дзяржаўную гімназію, каб езуіцкія школы засталіся без вучняў[9]. Тым не менш, час паказаў, што падобнымі захадамі парушыць гегемонію езуітаў у адукацыйнай сферы было цяжка.
На момант пачатку вайны 1812 г. ў Віцебску было 16 езуітаў. Рэктар Ігнацій Бжазоўскі распусціў амаль усіх пра ваколічных фальварках. Тыя некалькі чалавек, што засталіся, пільнавалі езуіцкае дабро і даглядалі за параненымі ў шпіталі, на які былі ператвораны памяшканні калегіума[10].
Як і ўвесь горад, віцебскія езуіты панеслі ад вайны значныя матэрыяльныя страты. Тым не менш, школа і калегіум уцэлым аднавіліся даволі хутка. У 1817 г. у ёй было 158 вучняў, у 1818 г. — 144 [2]. У 1819/1820 навучальным годзе у Віцебску быў 21 езуіт[2], а ў школах займаліся 130 вучняў[11].
Каб даць магчымасць хлопчыкам са збяднелай шляхты бясплатна атрымліваць адукацыю, езуіты стваралі для іх семінарыі. У Віцебску падобную ўстанову стварылі браты Стэфан і Ігнацій Лускіны. Віцебская семінарыя езуітаў пачала работу ў 1753 годзе. Першым яе рэгентам стаў адзін з братоў Лускінаў — Ігнацій[12]. Семінарысты наведвалі заняткі ў публічнай школе віцебскіх езуітаў[13].
На змену семінарыі прыйшоў шляхецкі канвікт (пансіён)[14], які пачаў дзейнічаць не пазней за 1780 г.[2] У канвікт, які займаў частку калегіума, прымаліся дзеці ад 7 да 14 гадоў. Усе заняткі яны наведвалі бясплатна, але за знаходжанне ў пансіёне трэба было плаціць. Так, у 1803 г. віцебскія езуіты бралі ў бацькоў за гэтую паслугу адносна памяркоўную суму — 100 рублёў срэбрам[15], што нічым не адрознівалася ад расцэнак іншых беларускіх канвіктаў. Колькасць канвіктараў рознілася ў залежнасці ад года. Калі ў 1784 г. там было 12 хлопчыкаў[7] і ў 1796 г. — 11[2], то ў 1803 г. — толькі 7, а ў 1807 г. — ужо 17[16].
Музычная бурса пры віцебскай рэзідэнцыі езуітаў з’явілася ў сярэдзіне 70-х гг. XVII ст.[2][17][18]. Музычныя інструменты, як і паўсюль у такіх установах, дарыліся дабрадзеямі альбо набываліся самімі езуітамі Так, напрыклад, віцебскі падкаморый Адам Францішак Кісель падараваў у канцы XVII ст. мясцовым езуітам арган за 400 польскіх злотых. У 1737—1738 гг. у капэле бурсы меліся габоі, валторны, трубы, клавікорд, арган, скрыпкі, альты, басэтлі, басоны і квартвіёлы[19].
Навучэнцы бурсы ўдзельнічалі не толькі ў багаслужэнні, але таксама працавалі на многіх іншых важных царкоўных і свецкіх мерапрыемствах горада. Паводле «Прыхода-расходнай кнігі Віцебскай бурсы», дзейнасць музычнай установы езуітаў прыносіла нядрэнны прыбытак. У 1753 г. даход віцебскай бурсы склаў 1138 злотых, у 1754 г. — 1780, у 1755 г. — 1634, 1756 г. — 1552, а ў 1757 г. — 1646. Бурсісты забяспечвалі музычнае суправаджэнне выездаў ваяводаў ды іх атачэння, вяселляў і г.д.[20]. У 1796 г. у бурсе было 14 хлопчыкаў, а ў 1808 — 12[2].
Яшчэ з 1668 г. ў Віцебску пачаў дзейнічаць школьны тэатр, які ладзіў выступы ў гонар мясцовых ваяводаў ды іншых важных урадоўцаў[2].
Адной са спецыяльных адукацыйных устаноў, якія дзейнічалі пры Віцебскім калегіуме ў 1810—1811 і 1817—1820 гг., была так званая «Трэцяя прабацыя» (tertio probatio). Яна прызначалася для ўсіх членаў Таварыства Ісуса, якія ўжо былі высвечаныя на ксяндзоў і скончылі курс тэалогіі. Пад кіраўніцтвам дасведчанага айца-езуіта, інструктара, удзельнікі Трэцяй прабацыі на працягу года штудыявалі ордэнскае права і, вывучаючы лісты Ігнація Лаёлы, заснавальніка Таварыства Ісуса, і ладзячы штомесячныя сходы, якія праходзілі ў поўным маўчанні, паглыблялі знаёмства з ордэнскай духоўнасцю. Яе інструктарамі былі Юзаф Мікулоўскі (1810—1811) і Алаіз Ландэс (1817—1820)[6].
Пры калегіуме мелася невялікая бібліятэка. У 1773 г. у ёй было каля 3 000 кніг. У далейшым яе зборы значна ўзбагаціліся за кошт перадачы ёй часткі бібліятэкі Залускіх (каля 500 тамоў), а таксама дзякуючы дарункам езуіта Крыштафа Якеля, які ў 1779 г. прывёз на Беларусь з Багеміі сваю багатую бібліятэку, і рэктара калегіума Яна Заранака (233 кніжкі)[2]. Пры гэтым пасля ад’езду езуітаў з краіны ў віцебскай бібліятэцы засталося толькі 3 513 кніг[21].
ГрГУ, 2012. — С. 127. 18. ↑ Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 204. 19. ↑ Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 204—205. 20. ↑ Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 206. 21. ↑ Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 229. 22. ↑ Блинова, Т. Б. Иезуиты в Беларуси. Роль иезуитов в организации образования и просвещения / Т. Б. Блинова. — Гродно : ГрГУ, 2002. — С. 113.