wd wp Пошук:

Полацкі штомесячнік

«Полацкі штомесячнік» (бел.: Полацкі месячнік, Месéнчнік полóцкі, польск.: Miesięcznik Połocki) — літаратурна-навуковы часопіс. Выдаваўся Полацкай езуіцкай акадэміяй на польскай мове штомесячна на працягу 1818 г. і двух месяцаў 1820 г. Першы часопіс, які выдаваўся на сучаснай тэрыторыі Беларусі[1].

З’яўленне часопіса было анансавана яшчэ ў 1817 г. Меркавалася, што ён будзе насіць назву «Dziennik Akademii Połockiej». Першы нумар пабачыў свет яшчэ у канцы 1817 г., але з цэнзурным патрабаванняў быў пазначаны ужо з іншым годам выдання — 1818[2]. Часопіс заснаваны філосафам Вінцэнціям Бучынскім з ініцыятывы рэктара акадэміі Раймунда Бжазоўскага. Галоўны рэдактар — прафесар фізікі і доктар філасофіі Юзаф Цытовіч, рэдактары — Ігнацій Івіцкі, галандзец Ян Ротан, Язафат Залескі, швейцарац Якаб Кандраў і інш. Меў 6 раздзелаў: літаратуры і вольных навук, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гістарычны, крытычны, літаратурных навін[3]. Тытульны ліст выдання аздабляўся выказваннем Гарацыя: «Што праўдзіва і прыгожа, пра тое кпапачуся і пытаюся, і ўвесь таму адданы» (лац.: Quid verum atque decens curo et rogo, et omnis in hoc sum).

На працягу 1818 г. выйшла 12 нумароў штомесячніка, якія склалі тры тамы па чатыры ў кожным з асобнай пагінацыяй і аглаўленнем для кожнага нумара[4]. Па падліках Ірэны Кадульскай месяцовы наклад часопіса налічваў ад 250 да 300 паасобнікаў. У лістападаўскім нумары за 1818 г. чытачоў папярэдзілі, што ў наступным годзе часопіс выходзіць не будзе. Выдаўцы патлумачылі гэта загружанасцю полацкай друкарні. У 1820 г. з’явіліся два нумары. У артыкуле Krótka wiadomość o mieście Połocku (Т. 1, № 1-3, 1818 г.)[5] змяшчаюцца звесткі аб мінулым і сучасным стане горада, што робіць матэрыял цікавай гістарычнай крыніцай[6]. Сярод артыкулаў, што публікаваліся ў «Полацкім штомесячніку» — літаратурныя пераклады (трагедыя Эўрыпіда «Арэст» у перакладзе Я. Мігановіча з Віцебска), рэцэнзіі на творы польскамоўных пісьменнікаў (на эпічную паэму Нікодама Мусніцкага «Палтава») і нават тэкст Я. Кандраў наконт уладкавання і прынцыпаў дзеяння спецыяльнага компасу, прыдатнага для выкарыстання ў астраноміі і картаграфаванні (такая мадэль была выканана і ў Полацкай акадэміі).

У ідэйных спрэчках з прагрэсіўнымі прафесарамі Віленскага ўніверсітэта, якія друкаваліся ў «Віленскім дзённіку», часопіс стаяў на клерыкальна-кансерватыўных пазіцыях[7]. Тым не менш, дыскусіі, якія разгортвалася на старонках гэтых выданняў, не толькі мелі вялікае значэнне для развіцця грамадскай думкі, але і ўкаранялі традыцыю талерантнай палемікі[8]. Сама гэтая палеміка можа сведчыць аб пэўнай духоўнай блізкасці непрымірымых выданняў: у Полацку, як і ў Вільні, выдатна ўсведамлялі неабходнасць ажыўлення літаратурнай і навуковай дзейнасці студэнцкай моладзі і выкладчыкаў[9].

Выданне «Полацкага штомесячніка» спынілася пасля забароны Таварыства Ісуса ў Расійскай імперыі і выгнання езуітаў з краіны. Да гэтага часу паспела выйсці 14 нумароў, у якіх на 1076 старонках[10] было надрукавана 85 артыкулаў[3]. Сёння часопіс з’яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю[11]. Поўны камплект часопісаў маюць толькі дзве бібліятэкі: Нацыянальная бібліятэка (Biblioteka Narodowa) ў Варшаве і Навуковая бібліятэка айцоў-езуітаў (Biblioteka Naukowa Księży Jezuitów) ў Кракаве[12].

У снежні 2018 г. у межах Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Бібліятэка: сувязь часоў і вектары развіцця», прысвечанай 50-годдзю Навуковай бібліятэкі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, адбылася выстаўка з нагоды 200-годдзя «Полацкага штомесячніка»[13].

Зноскі

  1. У пачатку быў Полацк: да 1150-годдзя горада
  2. Bieś, Andrzej Paweł. Kwestie oświatowe na łamach «Miesięcznika Połockiego» (1817—1820)… s. 15.
  3. 1 2 Самусік, А. «Месéнчнік полóцкі»… C. 118
  4. Баўтовіч, М. Кнігадрук у Полацку ад 1774 г. да 1829 г. / М. Баўтовіч // Кнігадрук у Полацку (1774—1829): Бібліяграфічнае выданне / укладальнік М. Баўтовiч. — Полацк: Выдавецкая ініцыятыва «Полацкая ляда», 2018. — С. 168.
  5. Miesięcznik Połocki 1818, Т 1. Nr 1-4
  6. Філатава, А. Полацак 1818 г. Па матэрыялах часопіса «Miesięcznik Połocki» / А. Філатава // Беларускі гістарычны часопіс. — 1993. — № 1. — С. 59 — 60.
  7. Chmielowski, P. Liberalizm i obskurantyzm na Litwie i Rusi (1815—1823) / Piotr Chmielowski. — Warszawa: Drukarnia Atystyczna Saturnina Sikorskiego, 1898. — s. 49-51.
  8. Конеў, Я. Ф. Фарміраванне інфармацыйнай прасторы Беларусі ў сярэдзіне XVIII — першай палове ХІХ ст. / Я. Ф. Конеў // Веснік БДУ. Сер.4. Філалогія, журналістыка, педагогіка. — 2005. — № 2. — С. 127.
  9. Lichocka, Н. «Miesięcznik Połocki» (1818—1820). Kontekst historyczny i bibliografia zawartości… s. 637.
  10. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564—1995 / оprac. L. Grzebień(польск.) бел.. — Kraków : Wyd-wo WAM, 1996. — s. 422.
  11. Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  12. Bieś, Andrzej Paweł. Kwestie oświatowe na łamach «Miesięcznika Połockiego» (1817—1820) / Zachować dla przyszłości. Sprawy szkolnictwa, oświaty i opieki w przekazie prasowym XIX i początków XX wieku Iwonna Michalska, Grzegorz Michalski (red.), — Łódź, 2018. — s. 13
  13. Приглашаем на выставку к 200-летию первого журнала Беларуси «Miesięcznik Połocki»(недаступная спасылка)

Літаратура

Miesięcznik Połocki ў Сеціве

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Полацкая езуіцкая акадэмія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з рускай
Катэгорыя·З’явіліся ў 1818 годзе
Катэгорыя·Культура Полацка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Часопісы Расійскай імперыі
Катэгорыя·1818 год у Беларусі
Катэгорыя·Часопісы паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, якія ўзніклі ў 1818 годзе
Катэгорыя·Зніклі ў 1820 годзе
Катэгорыя·Віцебская губерня
Катэгорыя·Часопісы на польскай мове
Катэгорыя·Друкаваныя выданні, закрытыя ў 1820 годзе
Катэгорыя·XIX стагоддзе ў Полацку