wd wp Пошук:

Уладзіслаў Бранеўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Бранеўскі.

Уладзіслаў Бране́ўскі (польск.: Władysław Broniewski; 17 снежня 1897, Плоцк — 10 лютага 1962, Варшава) — польскі паэт, перакладчык і рэдактар.

Біяграфія

Вучыўся ў гімназіі ў Плоцку. У 1915 уступіў у польскія легіёны Ю. Пілсудскага і ў іх складзе ўдзельнічаў у Першай сусветнай вайне. За ўдзел у арганізаванай масавай адмове легіянераў прыняць прысягу на вернасць германскай дзяржаве ў 1917 годзе быў, як і іншыя ўдзельнікі, інтэрнаваны. Пасля вызвалення з лагера экстэрнам здаў экзамен на атэстат сталасці і паступіў у Варшаўскі ўніверсітэт. Адначасова ўдзельнічаў у канспірацыйнай дзейнасці Польскай ваеннай арганізацыі.

Затым Бранеўскі ўдзельнічаў у савецка-польскай вайне, быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari і чатыры разы — Крыжам Храбрых. Дэмабілізаваўся ў 1921 годзе ў званні капітана.

У 1925 годзе Бранеўскі разам са Стандэ і Вандурскім апублікаваў паэтычны бюлетэнь «Тры залпы», які стаў маніфестам рэвалюцыйнай паэзіі, што падтрымлівае барацьбу пралетарыяту. Бранеўскі адкрыта выражаў незадаволенасць ўсталяваным у Польшчы рэжымам, пераследваўся ўладамі, у 1931 быў арыштаваны (разам з Аляксандрам Ватам), але неўзабаве быў вызвалены.

Пасля акупацыі Савецкім Саюзам усходніх абласцей Польшчы ў 1939 годзе супрацоўнічаў з камуністычным друкам, аднак у студзені 1940 быў арыштаваны ў Львове органамі НКУС разам з Аляксандрам Ватам і яшчэ некалькімі польскімі паэтамі. Польскі графік Францішак Парэцкі(польск.) бел. даў такія сведчанні супраць Бранеўскага: «Пасля прыходу ў Львоў Чырвонай арміі ў кастрычніку 1939 года БРАНЕЎСКІ напісаў верш пад назвай „Польскі жаўнер“, у якім ён выказаў сум і смутак з прычыны таго, што не стала Польшчы як самастойнай дзяржавы, няма ўжо салдат з арламі, што польскія салдаты сядзяць і плачуць, гледзячы на іншых, чужых салдат…»

У 1941 годзе Бранеўскі быў перавезены ў Маскву, знаходзіўся ў турме НКУС на Лубянцы. Пасля пачатку германа-савецкай вайны быў перавезены ў турму ў Саратаве, дзе ўвосень 1941 года быў вызвалены, неўзабаве ўступіў у Армію Андэрса. У 1942 у яе складзе прыбыў у Іран, праз Ірак патрапіў у Палесціну, тады яшчэ падмандатную тэрыторыю Вялікабрытаніі. З 1943 быў тэхнічным рэдактарам польскага часопіса «У дарозе», які выходзіў у Іерусаліме. У Польшчу вярнуўся ў 1945, пасля некаторых ваганняў.

Акрамя вершаў на актуальныя палітычныя тэмы, Бранеўскі пісаў вершы, якія сталі рэакцыяй на яго асабістыя трагедыі — смерць у 1947 годзе жонкі, пісьменніцы і актрысы Марыі Зарэмбінскай(польск.) бел., якая прайшла Асвенцім, і смерць у 1954 годзе дачкі, кінарэжысёра Яанны Бранеўскай-Казіцкай(польск.) бел., якая загінула ад атручвання газам (ёсць версія, што гэта было самагубства).

Лаўрэат дзяржаўнай прэміі (1950 і 1955).

Пахаваны на могілках Вайсковыя Павонзкі.

У Польшчы — два музеі У. Бранеўскага: у Плоцку і ў Варшаве. Выдадзены том успамінаў і эсэ пра Бранеўскага (Варшава, 1978), два тамы лістоў да Бранеўскага 1915—1939 (Варшава, 1981), дзённік Бранеўскага 1918—1922 (Варшава, 1987).

Творчасць

Паэтычны дэбют — зборнік вершаў «Ветракі» («Wiatraki», 1925). У ім — зварот да традыцый рамантычнай паэзіі, высокая патэтыка, эмацыянальна напружаная вобразнасць[6]. У 1925 выдаў сумесна з В. Вандурскім і Ст. Стандэ праграмны маніфест пралетарскай паэзіі «Trzy salwy» («Тры залпы»).

У творчасці 1920—1930-х гадоў выяўляюцца ідэі рэвалюцыйнай барацьбы, пралетарскага інтэрнацыяналізму, антыфашызму. У зборніках «Дымы над горадам» («Dymy nad miastem», 1927), «Смутак і песня» («Troska i pieśń», 1932), у паэме «Парыжская Камуна» (1929), канфіскаванай цэнзурай, трагічныя настроі, дамінаванне грамадска-палітычнай тэматыкі[6].

Тэма Радзімы, заклікі да барацьбы са стомленасцю, дэпрэсіяй, настальгіяй у вершах ваенных гадоў, апублікаваных у зборніках «Зброю да бою» («Bagnet na broń», 1943), «Дрэва ў адчаі» («Drzewo rozpaczajace», 1945)[6].

Пейзажная, філасофская, інтымная лірыка склала зборнікі «Надзея» («Nadzieja», 1951)[6]. Аўтар зборнікаў паэм «Мазовія» (1951), «Вісла» (1953). У 1956 выйшаў зборнік «Анка» («Anka»). Цыкл «Новыя вершы» (1956—1962) — запавет паэта, прасякнуты элегічна-трагічнымі матывамі[6].

Перакладаў на польскую мову творы рускіх і савецкіх класікаў: «Зняважаныя і абражаныя», «Белыя ночы» Ф. М. Дастаеўскага, «Мёртвыя душы» М. В. Гогаля, «Блуканне па пакутах» А. М. Талстога, вершы А. Пушкіна, У. У. Маякоўскага, С. А. Ясеніна, Б. Пастарнака, Б. Брэхта і інш.

Вершы, напісаныя Бранеўскім у савецкай турме, у арміі Андэрса, і некаторыя вершы, напісаныя ў Іерусаліме, доўгі час не публікаваліся ў Польшчы (толькі за мяжой) і, натуральна, не перакладаліся.

Лепшае польскае выданне паэзіі В. Бранеўскага (у тым ліку вершы 1940—1945): W.Broniewski.Poezje 1923—1961. Warszawa.PIW.1995. 556 s. (Складальнік і аўтар прадмовы Віктар Варашыльскі).

Беларускія пераклады

Творы Бранеўскага на беларускую мову перакладалі М. Арочка, М. Аўрамчык, Р. Барадулін, П. Броўка, А. Вялюгін, Н. Гілевіч, Ю. Голуб, С. Дзяргай, У. Дубоўка, С. Законнікаў, Я. Купала, М. Лужанін, П. Макаль, Н. Мацяш, М. Машара, П. Пестрак, М. Танк і інш[6][7].

Зноскі

  1. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118660187 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 6 мая 2014.
  2. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  3. 1 2 Броневский Владислав // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Броневский Владислав // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
  5. 1 2 (unspecified title) Праверана 8 мая 2021.
  6. 1 2 3 4 5 6 М. М. Хмяльніцкі. Бранеўскі Уладзіслаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Беларусы — Варанец. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3), ISBN 985-11-0035-8.
  7. Галасы з-за небакраю: анталогія паэзіі свету ў беларускіх перакладах ХХ ст. Склад. М. Скобла. — Мн.: Лімарыус 2008. — 896 с.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (32):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Члены Саюза польскіх пісьменнікаў
Катэгорыя·Члены Польскай ваеннай арганізацыі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Запыты на пераклад з польскай
Катэгорыя·Памерлі ў Варшаве
Катэгорыя·Кавалеры ордэна Будаўнікоў Народнай Польшчы
Катэгорыя·Члены Польскага ПЭН-клуба
Катэгорыя·Памерлі 10 лютага
Катэгорыя·Кавалеры сярэбранага знака ордэна Virtuti Militari
Катэгорыя·Паэты Польшчы
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём «10-годдзе Народнай Польшчы»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Ганаровыя грамадзяне Плоцка
Катэгорыя·Нарадзіліся 17 снежня
Катэгорыя·Перакладчыкі Польшчы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1897 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з аўтарам
Катэгорыя·Польскамоўныя паэты
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Плоцку
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Перакладчыкі на польскую мову
Катэгорыя·Кавалеры крыжа Храбрых
Катэгорыя·Ваеннаслужачыя Польскіх легіёнаў (1914–1918)
Катэгорыя·Памерлі ў 1962 годзе
Катэгорыя·Удзельнікі польска-савецкай вайны
Катэгорыя·Камандоры з зоркай ордэна Адраджэння Польшчы
Катэгорыя·Паэты Польшчы XX стагоддзя
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Пахаваныя на Вайсковых Павонзках