Се́межава[1] (трансліт.: Siemiežava, руск.: Семежево) — аграгарадок у Капыльскім раёне Мінскай вобласці, на рацэ Морач. Адміністрацыйны цэнтр Семежаўскага сельсавета. Насельніцтва 1367 чал. (2000). Знаходзіцца за 32 км на поўдзень ад Капыля, за 23 км ад чыгуначнай станцыі Цімкавічы; каля аўтамабільнай дарогі Слуцк — Івацэвічы.
У 1920 жыхары Слуцкага павета сфарміравалі тут Грозаўскі полк войска Беларускай Народнай Рэспублікі, які ўдзельнічаў у Слуцкім збройным чыне.
Упершыню Семежава згадваецца ў другой пал. ХV ст.[2] як вёска ў Слуцкім княстве, уладанне Алелькавічаў. У 1578 паселішча атрымала статус мястэчка. Станам на 1622 тут было 195 дымоў. У часы Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) у красавіку 1706 мястэчка значна пацярпела[2].
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Семежава апынулася ў складзе Расійскай імперыі, у Слуцкім павеце Мінскай губерні. У 1848—1863 мястэчка знаходзілася ў валоданні Магільніцкіх[2]. Станам на 1886 тут было 269 двароў, дзейнічалі 2 царквы, яўрэйскі малітоўны дом, капліца, школа, 3 крамы. Мястэчка з суседнімі вёскамі утварала цэнтр традыцыйнага народнага мастацкага ткацтва. У 1908 годзе ў Семежаве працавалі кравецкі і гарбарны цэхі. На 1914 год у мястэчку было 518 двароў.
У 1918 Семежава абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў лістападзе 1920 тут з беларускай міліцыі Слуцкага павета сфарміраваўся Грозаўскі полк[3]. Да задушэння паўстання бальшавікамі ўлада ў мястэчку кантралявалася сіламі БНР.
20 жніўня 1924 Семежава зрабілася цэнтрам сельсавета Чырвонаслабодскога, з 8 жніўня 1959 Капыльскага раёна. Статус паселішча зменены да вёскі. На 2000 тут было 655 двароў.
У Семежаве працуюць сярэдняя школа, бальніца, дом культуры, пошта.
У мястэчку штогод праходзіць абрад «Цары Каляды», уключаны ў спіс нематэрыальных культурных каштоўнасцей ЮНЕСКА.